Пошук

23.05.2020 10:07   А. Віктар Жук SI / Catholic.by
Pinterest.co

1 чыт.: Дз 1, 12–14; Пс 27 (26), 1. 4. 7–8а (Р.: 13); 2 чыт.: 1 П 4, 13–16; Ев.: Ян 17, 1–11а

Езус — наш Заступнік

Пасля літургічнага святкавання Унебаўшэсця Пана сёння Слова Божае адкрывае нам перспектыву таго, што адбываецца далей. У першым чытанні мы бачым, як апосталы разам з Марыяй, Маці Езуса, паводле ўказанняў Пана ў малітве чакаюць абяцанага дару Духа Святога. У Евангеллі, хоць мы зноў вяртаемся ў момант Апошняй Вячэры, у словах Езуса чуем пра Божую славу, у якой Ён прабывае пасля Уваскрасення і вяртання да Айца.

У той жа час там, у Вячэрніку, Езус просіць за вучняў перад Айцом — і гэта тое, што Ён робіць няспынна як наш жывы і вечны Заступнік.

Уся 17-я глава чацвёртага Евангелля — гэта малітва Езуса да Айца, якая засяроджана на кульмінацыі Яго місіі — перамозе над смерцю праз Яго ўласную смерць, і адначасова гэта просьба за вучняў — не толькі сабраных у Вячэрніку, але ўсіх часоў і месцаў — за тых, за якіх Езус аддае Сваё жыццё. Ведаць, што я блізкі/блізкая Сэрцу Езуса, што Пан Езус прадстаўляе мае справы перад Богам Айцом і ўсялякім чынам прагне мне дапамагчы, каб даць мне сапраўднае жыццё, — ці ж гэта не крыніца вялікай радасці, суцяшэння, надзеі для кожнага з нас?

Слава Божая і зямная

Разважаючы далей над малітвай Пана Езуса, лепш зразумеем, у чым сутнасць гэтай надзеі і суцяшэння для нас. Езус некалькі разоў паўтарае ў сённяшнім урыўку словы «слава» і «праслаўляць», кажучы пра ўзаемаадносіны Айца і Сына (у беларускім перакладзе ўжываюцца таксама іх сінонімы — «хвала» і «ўсхваляць»). Гэта словы, якія мы часта чуем у літургіі і наогул у рэлігійнай мове.

Інтуіцыйна, напэўна, даволі лёгка разумеем, пра што тут гаворка: мы праслаўляем Бога за Яго веліч, узносім хвалу за Яго дары, за Яго збаўчае дзеянне. Праслаўленне блізкае да падзякі, але ў ім мы больш звяртаем увагу не на дары, а на іх крыніцу — самога Бога, і такім чынам яно «ачышчае» нашыя адносіны з Богам ад лішняга прагматызму, ад засяроджанасці на тым, чаго ад Яго патрабуем (і за што, трэба спадзявацца, дзякуем).

Зрэшты, з пахвалой мы знаёмыя ў нашым штодзённым жыцці: бацькі аддаюць належнае дзецям, настаўнікі — вучням і г.д., калі хваляць іх за добрыя паводзіны і вынікі (але ведаем таксама, як важна, каб адчуванне дзяцей, што яны добрыя, не было звязана толькі з іх вынікамі, то бок каб яны адчувалі сябе любімымі безумоўна, нават без «заслуг»).

З іншага боку, Пісанне папярэджвае, што небяспечна гнацца ў жыцці любым коштам да чалавечай пахвалы і зямной славы.

Езус рашуча гоніць д’ябла, які прапануе Яму «ўсю славу зямных валадарстваў» (пар. Мц 4, 8–10).

Уваходзячы глыбей у словы Езуса, пастараемся лепш зразумець, у чым сутнасць «хвалы» і «славы» паводле Божай праўды. Цікава, што ў слоўніку Старога Запавету «слава» звязаная з «вагай», з паняццем цяжару. Тая асоба ці рэч «слаўная», то бок важкая, якая мае большае значэнне, «вагу». Бог адпаведна аб’яўляе сваю славу, калі робіць нешта важнае для свайго народа: напрыклад, у аповедзе пра дар манны ў пустыні народ Ізраэля бачыць «славу Божую» (Зых 16, 10). Чалавек стаіць перад нечым таямнічым, што большае за яго разуменне і магчымасці і ў той жа час прыцягвае сваёй веліччу.

Божая веліч і слава таксама бачная ў створаным дзіўна сусвеце, шмат псальмаў прысвечаныя менавіта ўсхваленню Бога за прыгожасць усяго, што існуе (і ў нашыя часы, дзякуючы ўсё новым адкрыццям у навуках, мы можам яшчэ больш дзівіцца Божай задуме…). Варта памятаць, што сам Пан Езус маліўся словамі гімнаў габрэйскіх Пісанняў, праслаўляючы Бога і за прыгажосць тварэння, і за цуды Божай велічы ў гісторыі Ізраэля.

Бог Айцец праслаўлены ў Езусе

Але Езус сваім жыццём і дзеяннямі, і яшчэ больш праз перамогу над смерцю праз Сваю ўласную смерць і ўваскрасенне, аб’явіў славу Божую цалкам асаблівым чынам. Як сцвярджае Пасхальная літургія Касцёла, «справа адкуплення — больш велічная за справу стварэння».

Бог у сваёй непасцігальнай любові прыйшоў шукаць чалавека, які згубіўся, каб не толькі вярнуць нам першапачатковую годнасць, але і адкрыць шлях да ўдзелу ў сваёй славе!

Так, менавіта гэта кажа Езус: «Я ўславіўся ў іх», і просіць Айца, каб ззянне Яго славы, велічы, прыгажосці і далей аб’яўлялася ў нас праз нашае жыццё ў Ім.

Так, як Езус праславіўся, праслаўляючы Айца сваім жыццём, так і мы дасягаем нашай «славы», сапраўднай годнасці, калі праслаўляем Бога сваім жыццём. Калі молімся «Ойча наш <…> свяціся Імя Тваё», гэта іншы спосаб прасіць, каб Бог быў праслаўлены. Як гэта адбываецца? — «Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах», вучыць Хрыстус (Мц 5, 16).

Слава Айца ў нас, Яго дзецях

Менавіта таму св. Ірэнэй, айцец Касцёла, кажа: «Слава Божая — жывы чалавек», маючы на ўвазе сапраўднае — Божае — жыццё. У кожным з нас закладзены патэнцыял непаўторным чынам раскрыць нейкую рысу Божай славы, бо ўсе мы — непаўторныя дзеці Айца, хоць, канечне, маем і шмат чаго агульнага з іншымі нашымі братамі і сёстрамі і пакліканыя да супрацоўніцтва з імі. Але перш за ўсё мы пакліканыя супрацоўнічаць з дарам Божага жыцця і любові, без якога не можам прынесці ў гэты свет нічога прыгожага і каштоўнага.

Пан Езус у сённяшнім Евангеллі раскрывае сэнс свайго жыцця: ён не ў тым, каб шукаць свайго, каб імкнуцца да праслаўлення сябе самога, але ў тым, каб праславіць Айца і такім чынам знайсці сапраўдную хвалу.

У гэтым пасхальны парадокс жыцця: чым больш мы «губляем сябе», выходзім за межы ўласных інтарэсаў, там больш знаходзім сэнс і радасць.

Святы Ігнацый Лаёла пасля навяртання зрабіў сваім дэвізам словы «ўсё дзеля большай славы Божай», бо верыў, што нават сціплыя намаганні, якія робяцца з чыстым сэрцам і намерам, сапраўды памнажаюць Божую хвалу ў гэтым свеце і будуюць Божае Валадарства.

Дух Святы, якога мы па прыкладу апосталаў і Маці Божай у гэтыя дні чакаем з жаданнем і надзеяй, вядзе ўсё тварэнне да канчатковага праслаўлення ў Богу. Няхай Дух напоўніць нас верай і жаданнем праславіць нашым жыццём Бога і апынуцца ў Яго славе.

Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому, як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Абноўлена 23.05.2020 10:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа