Пошук

Фота Віталія Палінеўскага

Пальмовая нядзеля распачынае ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Як пішуць eвангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе свае вопраткі, а таксама аліўныя і пальмавыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».

Нядзеля Мукі Пана

На літургію святары апранаюцца ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзеяў, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

Хрысціянскія таямніцы веры ўзаемна прасякаюць адна адну: хвала і радасць ствараюць непадзельную цэласнасць з цярпеннем, а яно, у сваю чаргу, прадвяшчае ўваскрасенне і збаўленне. Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду вернікаў прыняць крыж і цярпенне з Хрыстом. Згоду ісці да жыцця не іншым, а менавіта гэтым шляхам — шляхам, які паказаў нам Збаўца.

На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго святар асвячае галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. Пазней асвячоныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.

Пачатак святкавання Пальмовай нядзелі мы знаходзім у VІ стагоддзі ў Ерузалеме. Урачыстая працэсія з галінкамі пальмаў праходзіла ў той час з Бэтаніі да Ерузалема і выяўляла радаснае вітанне Хрыста. Людзі як мага дакладней стараліся паказаць сцэны з жыцця Хрыста.

Пальмовая нядзеля ў Касцёле ў Беларусі

Звычай асвячэння пальмовых і вербных галінак з’явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі. Акрамя таго, з 1986 года ў Пальмовую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень моладзі. З гэтай нагоды ў Рыме Папа Францішак сустракаецца з моладдзю і асвячае прынесеныя ёю галінкі вярбы. Пальмовая нядзеля вельмі ўрачыста адзначаецца ў Касцёле ў Беларусі. У Мінску ўжо шмат гадоў ва ўрачыстасцях Пальмовай нядзелі ўдзельнічае вослік, на якім едзе мужчына, што прадстаўляе Езуса, і яго вітаюць удзельнікі Імшы ў архікатэдральнай парафіі.

У Гродне моладзь збіраецца з прынесенымі вялікімі пальмамі, вышыня якіх дасягае некалькіх метраў і кожная з якіх адметная і прыгожая. Гэтыя пальмы вырабляе сама моладзь, задоўга да Пальмовай нядзелі рыхтуючыся да яе.

У катэдральных касцёлах у Пінску і Віцебску таксама цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, найчасцей з удзелам біскупа. У кожным касцёле і капліцы вялікая колькасць вернікаў, якія такім чынам хочуць увайсці ў перажыванне Вялікага тыдня. У Вялікім тыдні кожны дзень выключны і непаўторны. Таму кожны яго дзень таксама мае назву “Вялікі” (Вялікі панядзелак і г. д.).

Не варта чакаць раніцы нядзелі Уваскрасення Пана, бо святкаванні ўжо распачынаюцца зараз, з Пальмовай нядзелі мы ўваходзім у гэты святы час – час жаданы, час збаўлення!

Будзем жа рыхтаваць да гэтага часу не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё зробім парадак у сваім сэрцы! Адкрыемся на дзеянне Божай ласкі, дазволім, каб Хрыстус мог да нас дакрануцца. Адчуем на сабе дотык і позірк Езуса Хрыста, які ўрачыста ўязджае ў Ерузалем!

Кс. Юрый Марціновіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.