Кангрэгацыя Дачок Беззаганнай Марыі была заснавана благаслаўлёным Ганаратам Казмінскім, капуцынам, у 1891 годзе. Адной з галоўных прычынаў узнікнення кангрэгацыі была ўдзячнасць Богу за абвяшчэнне догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Благаслаўлёны Ганарат напісаў у першай канстытуцыі кангрэгацыі: «Дочкі Беззаганнай Марыі павінны наследаваць сваю Найсвяцейшую Маці і ісці ўслед за Езусам, далучаючыся да справы збаўлення свету».
Благаслаўлёны Ганарат Казмінскі ўмеў прачытваць знакі свайго часу. У 1864 годзе, калі царскія ўлады пачалі пераследаваць законы, айцец Ганарат вельмі цяжка перажываў гэта. Ён паказаў моладзі новыя шляхі служэння Богу ў скрытых ад свету кангрэгацыях. Ён заснаваў 26 такіх кангрэгацый, з якіх у наш час існуе і развіваецца 17. Ён не толькі ствараў супольнасці, але праз адпаведна падрыхтаваных людзей сам кіраваў імі. Справа, якую Бог здзейсніў праз жыццё і місію айца Ганарата, перажыла пераслед і працягвае сваё існаванне. Касцёл, прызнаючы заслугі айца заснавальніка, у 1988 г. абвясціў яго благаслаўлёным.
Пабожнасць айца Ганарата была напоўненая Эўхарыстыяй. Сапраўдная прысутнасць Цела Хрыста ў постаці хлеба, які захоўваецца ў табэрнакулюме, вызначала яго жыццё і акрэслівала яго бачанне Бога, свету і людзей. Вялікае багацце ў азначэнні Эўхарыстыі мы знаходзім у яго «Нататніку». Паразважаем над некаторымі цытатамі на гэтую тэму: «Эўхарыстыя — гэта цуд з цудаў, гэта жывы ўспамін усіх Таямніцаў святой веры, таму яна заслугоўвае найбольшага ўшанавання».
Эўхарыстыя была для айца Ганарата ўзнаўленнем тут і цяпер Ахвяры Крыжа. Таму ён настойліва заахвочваў да ўдзелу ў святой Імшы: «Многія ідуць у пілігрымкі ў розныя цудоўныя мясціны, але дзе ж ёсць больш цудоўнае месца, чым алтар у касцёле? (...) Хто ўдзельнічае ў святой Імшы, той як бы прайшоў усе пілігрымкі, нібы пабываў у Назарэце і ў Вячэрніку, і на Кальварыі, і на гары Аліўнай, і на гары Табор. Калі хто ўдзельнічае ў святой Імшы, гэта больш, чым калі б усё неба і ўвесь Касцёл за яго маліліся, бо тут сам Хрыстус моліцца — усімі сваімі ранамі, і Крывёю. Мы стаім перад скарбамі, але не хочам працягнуць рукі, каб браць іх як найбольш. Тут для нас няма апраўдання, бо ўсё гэта ад недахопу веры».
«Дык прыступайце ж як мага часцей да Стала Панскага. (...) Частая Святая Камунія з’яўляецца крыніцаю любові і запалу. (...) Святая Камунія напаўняе ўсялякай святасцю, бо гэта самы блізкі шлях да святасці (...) Прымай Святую Камунію і будзеш святы. Камунія ачысціць цябе. Камунія цябе ўмацуе. Святая Камунія абароніць цябе ад падзення. Святая Камунія абудзіць у сэрцы самыя святыя пачуцці. (...) Ён — Эўхарыстычны Хрыстус — багач, і ад Яго ўсе дары: малітва, пабожнасць, цярплівасць. Хочаш маліцца — прымай Святую Камунію; хочаш быць больш цярплівым — прымай Святую Камунію. (...) Ён кліча, чакае, а мы ў беднасці нашай паміраем».
Разам са святой Імшой і прыняццем Святой Камуніі асаблівую ўвагу благаслаўлёны надаваў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён сам паглыбляўся ў яе і заахвочваў да гэтага іншых. Гэтае набажэнства Ганарат Казмінскі лічыў самым важным сярод усіх набажэнстваў Касцёла.
У 1906 г. дочкі Марыі Беззаганнай прыбылі ў Полацк. Там яны апекаваліся дзіцячым прытулкам, школаю, швейным атэлье, дзе вучылі дзяўчат шыць. У
1921 г. сёстры распачалі працу ў Лідзе, працавалі таксама ў іншых месцах на тэрыторыі Беларусі. Пасля Другой сусветнай вайны ўсе асяродкі, якімі кіравалі сёстры, забрала дзяржава, а сёстры, выгнаныя на вуліцу, былі вымушаны выехаць у Польшчу. Частка сясцёр засталася, каб быць разам з народам і захоўваць каталіцкую веру. Яны засталіся, перажылі ўсе выпрабаванні і дачакаліся новых пакліканняў з беларускай і літоўскай зямлі.
Заснавальнік, ахвяруючы кангрэгацыю ў дзень яе заснавання Беззаганнай Марыі, абавязаў сясцёр асабіста прысвяціць сябе Хрысту праз Марыю. Гэта прысвячэнне цесна з’ядналася з перапрашэннем за грахі жыхароў гарадоў і ўсяго народа.
Для ажыццяўлення сваіх заданняў кангрэгацыя выкарыстоўвае розныя сродкі: дыдактычна-выхаваўчую дзейнасць у гарадскіх асяроддзях; дабрачынную працу для тых, каму патрэбная матэрыяльная або духоўная дапамога; удзел у парафіяльным душпастырстве; удзел у марыйных набажэнствах і сустрэчах, прысвечаных Маці Божай; распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры, асабліва Марыйнай. Апостальскую дзейнасць сёстры яднаюць з кантэмпляцыяй, сузіраннем Бога. Яны рэалізуюць у жыцці словы благаслаўлёнага Ганарата: «Любоў да Бога і да бліжняга павінна стаць адным цэлым».