Пошук

Заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстанак — Слугі Божыя Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка. Кангрэгацыя была заснавана ў Рыме ў 1891 годзе. Да з’яўлення ў Касцёле новай законнай супольнасці былі доўгія гады духоўнай фармацыі заснавальніц, шэраг цяжкасцяў, якія яны пераадольвалі, змагаючыся са зменлівасцю лёсу, каб напрыканцы ХІХ стагоддзя здзейсніць Божую волю ў сведчанні пра Змёртвыхпаўстанне.

Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася ў 1833 годзе ў Антовілі каля Оршы на Беларусі. З дзяцінства яна прагнула ўступіць у кляштар, аднак бацькі і спаведнік палічылі, што ёй трэба выйсці замуж. Яна паслухалася і ўзяла шлюб з Юзафам Бажэнцкім, які паходзіў з Гродзеншчыны. У замужжы яна была шчаслівая: кахала мужа, з любоўю выхоўвала дзяцей. Сямейнае шчасце парушыла хвароба Юзафа, якога разбіў параліч. Прахварэўшы пяць гадоў, ён памёр. Пасля смерці мужа ў Цэліны ізноў з’явілася жаданне законнага жыцця.

Ядвіга Бажэнцкая нарадзілася ў 1863 годзе ў Заневічах каля Гродна. Першаю школаю, у якой дзяўчынка вучылася сапраўднай любові, — цяжкай, але цярплівай і вернай, — быў родны дом. Да гэтага асабліва прычынілася хвароба бацькі. Пасля рэкалекцый Ядвіга вырашыла далучыцца да маці, каб дапамагчы ёй у справе заснавання кангрэгацыі сясцёр змёртвыхпаўстанак.

Абедзве жанчыны — Цэліна і Ядвіга — перад Богам і Яго Касцёлам склалі шлюбы чыстасці, беднасці і паслухмянасці, стаўшы першымі змёртвыхпаўстанкамі. Іх жыццё было прысвечана Богу і бліжняму. Сілы яны чэрпалі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі. Асаблівы доказ таго, што яна чэрпае сілы з Эўхарыстыі, маці Цэліна дала тады, калі атрымала навіну аб раптоўнай смерці дачкі і сузаснавальніцы кангрэгацыі Ядвігі. Маці доўга малілася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і, выйшаўшы з капліцы, сказала сёстрам: «Няма нічога такога, чаго душа не змагла б вытрываць з любові да Пана Бога».

Заснавальніцы верылі, што калі Бог аб’яўляе сваю волю, то Ён таксама дае сілы для яе рэалізацыі. Іх жыццё было адлюстраваннем слоў, выгравіраваных на іх манаскіх крыжах: «Per crucem et mortem ad resurrectionem et gloriam» — «Праз крыж і смерць да змёртвыхпаўстання і хвалы».

Па прыкладзе Цэліны і Ядвігі Бажэнцкіх новыя пакаленні змёртвыхпаўстанак адказваюць узаемнасцю на любоў Хрыста, ідучы з Ім праз крыж і смерць да змёртвыхпаўстання і хвалы. Сёстры чэрпаюць сілы для выканання сваёй місіі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі, праслаўляючы Бога, які ёсць Любоў. Праўду пра тое, што Бог любіць кожнага чалавека непаўторнаю і бязмежнаю любоўю, сёстры імкнуцца несці сучаснаму свету. Як яны гэта робяць? Стоячы на каленях перад Панам у Найсвяцейшым Сакрамэнце і праз апостальства — катэхізацыю, педагагічна-выхаваўчую дзейнасць, працу ў парафіях і апеку над хворымі. Яны ідуць паўсюль, дзе Змёртвыхпаўсталаму Хрысту і Яго Касцёлу патрэбны іх праца і ахвяра. Сёстры змёртвыхпаўстанкі працуюць таксама і ў Беларусі.

Змёртвыхпаўсталы Хрыстус павінен стаць для кожнай сястры Валадаром да такой ступені, каб яна магла ўслед за святым Паўлам сказаць: «Цяпер ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус» (пар. Гал 2, 20). Пакліканне даваць сведчанне пра Змёртвыхпаўсталага Хрыста заклікае сясцёр да ўзмоцненай працы над уласнаю духоўнаю пераменаю.

Кангрэгацыя асаблівым чынам ушаноўвае Найсвяцейшую Панну Марыю, якая больш цесна злучаная са збаўчаю справаю свайго Сына. Таму супольнасць змёртвыхпаўстанак пакліканая да пашырэння сярод Божага народа культу Багародзіцы і памнажэння Яе хвалы. Як у асабістым жыцці, так і ў служэнні бліжнім сёстры імкнуцца верна наследаваць Марыю — Слугу Пана, якая з’яўляецца найпрыгажэйшым узорам супрацоўніцтва з ласкаю і яе Даўцам: «Марыя, выпрасі, каб я навучылася кожны дзень пачынаць нанава... каб навучылася заўсёды шукаць Аблічча Твайго Сына, майго Езуса... каб навучылася любіць Тваёю Любоўю».

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа