Пошук

З Катэхізіса Каталіцкага Касцёла

«Стан жыцця, які ўзнікае праз прыняцце евангельскіх парадаў, хоць і не адносіцца да іерархічнай структуры Касцёла, усё ж неад’емна належыць да яго жыцця і святасці», — гаворыцца ў Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра Касцёл «Lumen gentium».

Евангельскія парады, кансэкраванае жыццё

Евангельскія парады ў іх разнастайнасці прапанаваныя кожнаму вучню Хрыста. Дасканаласць любові, да якой закліканыя ўсе вернікі, накладае на тых, хто свабодна прымае заклік да прысвячэння жыцця Богу, абавязак захоўваць цнатлівасць Божага Валадарства, жыць ва ўбостве і паслухмянасці. Жыццё, «прысвечанае Богу», характарызуе выкананне гэтых парадаў у трывалым стане жыцця, прызнаным Касцёлам. У выніку кансэкраванае (прысвечанае Богу) жыццё з’яўляецца адным са спосабаў спазнаць «больш глыбокае» пасвячэнне, якое, беручы пачатак у хросце, цалкам аддае верніка Богу. У жыцці, прысвечаным Богу, верныя Хрыстовы ставяць сабе за мэту пад дзеяннем Духа Святога як мага бліжэй ісці следам за Хрыстом, аддаваць сябе Богу, любімаму больш за ўсё, і, імкнучыся да дасканалай любові ў служэнні Божага Валадарства, абвяшчаць у Касцёле хвалу будучага свету і быць яго знакам.


Вялікае дрэва з мноствам галінаў

«Як дрэва дзівосна і буйна разгаліноўваецца на ніве Пана з зерня, пасеянага Богам, так развіліся разнастайныя формы пустэльніцкага ці супольнага жыцця, розныя манаскія сем’і, духоўнае багацце якіх ідзе як на карысць членам гэтых сем’яў, так і на дабро ўсяго Цела Хрыстовага» (Lumen gentium, 43).

«З першых часоў у Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія імкнуліся праз выкананне евангельскіх парадаў з большаю свабодаю ісці следам за Хрыстом і больш верна наследаваць Яго, і кожны з іх на свой лад вёў жыццё, прысвечанае Богу. Многія з іх па натхненні Духа Святога жылі ў самоце пустэльніцтва або заснавалі рэлігійныя сем’і (манаскія ордэны), якія Касцёл з гатовасцю прыняў і зацвердзіў сваёй уладаю» (Perfectae caritatis, 1).

Біскупы заўсёды павінны імкнуцца распазнаць новыя дары прысвечанага Богу жыцця, спасланыя Духам Святым свайму Касцёлу; а зацвярджэнне новых формаў кансэкраванага жыцця з’яўляецца прэрагатывай Апостальскай Сталіцы.


Пустэльніцтва

Не заўсёды складаючы шлюбы ўсіх трох евангельскіх парадаў, пустэльнікі «у суровым адыходзе ад свету, у цішы самоты, у стараннай малітве і пакаянні прысвячаюць сваё жыццё праслаўленню Бога і збаўленню свету» (СІС, кан. 605).

Яны кожнаму даюць убачыць той унутраны аспект таямніцы Касцёла, якім з’яўляецца ўнутраная блізкасць з Хрыстом. Схаванае ад чалавечых вачэй, жыццё пустэльніка — гэта маўклівае абвяшчэнне таго, каму ён аддаў сваё жыццё , бо Ён для пустэльніка — усё. У гэтым гучыць асаблівы заклік знайсці ў пустэльні, у самім «духоўным змаганні» хвалу Укрыжаванага.


Панны і ўдовы, якія прысвяцілі сябе Богу

ПустэльніцтваЗ апостальскіх часоў хрысціянскія панны і ўдовы, якіх Пан паклікаў непадзельна Яму прысвяціць сябе ў найбольшай свабодзе сэрца, цела і духа, са згоды Касцёла прымалі рашэнне жыць, адпаведна, у стане дзявоцтва або цнатлівасці «дзеля Нябеснага Валадарства» (Мц 19, 12).

«Выказваючы святы намер найбольш верна наследаваць Хрыста, панны пасвячаюцца Богу дыяцэзіяльным біскупам паводле зацверджанага літургічнага абраду, містычна заручаюцца з Хрыстом Сынам Божым і прысвячаюцца на служэнне Касцёлу» (CIC, кан. 603, § 1). Праз урачысты абрад пасвячэння панна «становіцца кансэкраванаю асобаю, трансцэндэнтным знакам любові Касцёла да Хрыста, эсхаталагічным вобразам гэтай нябеснай Нявесты і будучага жыцця» (Ordo consecrationis virginum, 1).

«Падобны да іншых формаў кансэкраванага жыцця» (СІС, кан. 604, § 1) стан паненства умацоўвае жанчын, якія жывуць у свеце (або манашак), у прысвячэнні сябе малітве, пакаянню, служэнню братам і апостальскай працы, у залежнасці ад становішча кожнай і атрыманых ёю дароў. Панны, якія прысвяцілі жыццё Богу, могуць аб’ядноўвацца, каб больш верна здзяйсняць свае намеры.


Манаская супольнасць

Жыццё ў манаскай супольнасці, якое ўзнікла на Усходзе ў першыя стагоддзі хрысціянства і развівалася ў інстытутах, кананічна ўстаноўленых Касцёлам, адрозніваецца ад іншых формаў кансэкраванага жыцця сваім культавым аспектам, публічным складаннем шлюбаў захоўваць евангельскія парады, брацкім сумесным жыццём, сведчаннем саюзу Хрыста і Касцёла.

Жыццё ў манаскай супольнасці вынікае з таямніцы Касцёла. Яно з’яўляецца дарам, які Касцёл атрымлівае ад свайго Пана і якім як тывалым станам жыцця адорвае пакліканага Богам верніка праз складанне шлюбаў захоўваць евангельскія парады. Такім чынам Касцёл можа адначасова паказваць Хрыста і прызнаваць сябе Нявестаю Збаўцы. Манаства ў яго разнастайных формах паклікана быць знакам самой любові Божай, выказанай на мове свайго часу.

Усе манахі, якія знаходзяцца або не знаходзяцца пад уладаю біскупа ардынарыя, належаць да супрацоўнікаў дыяцэзіяльнага біскупа ў яго пастырскай місіі. Заснаванне і місійнае пашырэнне Касцёла мае патрэбу ў прысутнасці манаства ва ўсіх ягоных формах з самага пачатку евангелізацыі. «Гісторыя пацвярджае вялікія заслугі манаскіх сем’яў у распаўсюджванні веры і стварэнні новых Касцёлаў — ад старажытных манаскіх інстытутаў і сярэднявечных ордэнаў да сучасных кангрэгацый» (Redemptoris missio, 69).


Свецкія інстытуты

«Свецкі інстытут — гэта інстытут кансэкраванага жыцця, у якім вернікі, якія жывуць у свеце, імкнуцца ўдасканальвацца ў любові і перш за ўсё знутры спрыяць асвячэнню свету» (СІС, кан. 710).

Праз «жыццё, цалкам і дасканала прысвечанае (гэтаму) асвячэнню» (Pius XII, Const. ap. Provida Mater), члены такіх інстытутаў удзельнічаюць у евангелізатарскай місіі «у свеце і як бы з боку свету», дзе іх прысутнасць дзейнічае «як закваска» (Perfectae caritatis, 11). Іх «сведчанне хрысціянскага жыцця» накіравана да таго, каб «падпарадкаваць справы гэтага свету Божай волі і напоўніць свет моцаю Евангелля». Праз святыя повязі яны прымаюць евангельскія парады і захоўваюць паміж сабою супольнасць і братэрства, адпаведныя іх «свецкаму ладу жыцця» (СІС, кан. 713, § 2).


Таварыствы апостальскага жыцця

Разам з разнастайнымі формамі прысвечанага Богу жыцця «маюць сваё месца таварыствы апостальскага жыцця, члены якіх без манаскіх шлюбаў рэалізуюць апостальскія мэты, уласцівыя гэтаму таварыству, і, жывучы ў братэрскай супольнасці, імкнуцца, у адпаведнасці з уласцівым ім ладам жыцця, да дасканалай любові праз захаванне статутаў. Сярод іх ёсць і таварыствы, члены якіх (...) прымаюць евангельскія парады» у адпаведнасці з іх статутамі (СІС, кан. 731, § 1-2).


Кансэкрацыя і пасланніцтва: абвяшчаць Валадара, які прыходзіць

Чалавек, аддадзены Богу, якога ён любіць вышэй за ўсё, ахвяраваны Яму яшчэ праз хрост, такім чынам яшчэ глыбей прысвячаецца служэнню Богу і аддае сябе для дабра Касцёла. Праз стан прысвячэння Богу Касцёл адкрывае свету Хрыста і паказвае, як цудоўна дзейнічае ў ім Святы Дух. Тыя, хто складае шлюбы захоўваць евангельскія парады, маюць, такім чынам, заданне жыць перш за ўсё сваёй кансэкрацыяй. Але паколькі яны «праз саму сваю кансэкрацыю аддаюць сябе служэнню Касцёлу, то павінны браць асаблівы ўдзел у місіянерскай працы такім чынам, які ўласцівы для іх інстытута» (СІС, кан 783; пар. Ян Павел ІІ, Redemptoris missio, 69).

У Касцёле, які з’яўляецца як бы сакрамэнтам, гэта значыць, знакам і прыладаю Божага жыцця, кансэкраванае жыццё праяўляецца як асаблівы знак таямніцы Адкуплення. «Больш верна» ісці за Хрыстом і наследаваць Яго, «больш выразна» выяўляць Яго прыніжанасць — гэта значыць «больш глыбока» быць у сэрцы Езуса для сваіх сучаснікаў. Бо тыя, хто стаў на гэты «больш вузкі» шлях, сваім прыкладам заахвочваюць братоў, а таксама «даюць яскравае і ганаровае сведчанне таго, што свет не можа быць пераменены і ахвяраваны Богу без духа благаслаўленняў» (Lumen gentium, 31).

Ці гэтае сведчанне даецца публічна, як у манастве, ці менш адкрыта, або нават патаемна, прыйсце Хрыста для ўсіх тых, хто прысвяціў сябе Богу, застаецца вытокам і святлом іх жыцця:

«Паколькі народ Божы не мае тут пастаяннага гораду (...), манаскі стан (...) паказвае ўсім вернікам прысутнасць, ужо ў гэтым свеце, нябесных дабротаў; ён сведчыць пра новае і вечнае жыццё, набытае праз Адкупленне Хрыстом; ён прадказвае будучае ўваскрашэнне і нябесную хвалу» (Lumen gentium, 44).

Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.