Пошук

 
09.07.2008 13:40
Старадаўнія францішканскія напаўлегендарныя пераказы апісваюць, як адбывалася пахаванне святога Францішка. У пахавальнай працэсіі прымалі ўдзел браты, перапоўненыя смуткам і болем. Выдзяляецца адзін голас, мацнейшы за іншыя, які кліча: «Францішку, мы не забудзем цябе... мы заўсёды будзем памятаць пра цябе». Сапраўды, нягледзячы на тое, што мінула столькі стагоддзяў, свет не забыў яго. Святы Францішак прысутнічае праз сваё слова і свой дух, а перадусім — праз сваю самую вялікую справу, сваё тварэнне — францішканскі закон. Паўсюдна вядома, што пасля смерці Францішка Асізскага ў Касцёле застаўся закон, які скарочана называецца францішканскім, або законам Меншых Братоў. Цяпер існуюць чатыры самастойныя сям’і гэтага закону: Меншыя Браты, якія называюцца ў нас бэрнардынамі, Меншыя Браты канвентуальныя, Меншыя Браты Капуцыны і Трэці рэгулярны закон. Існуюць таксама кангрэгацыі і законныя супольнасці, а таксама таварыствы або пабожныя каталіцкія саюзы — Францішканскі закон свецкіх (Трэці закон), англіканскія і евангелісцкія супольнасці з францішканскаю духоўнасцю. Закон быў заснаваны ў ХІІІ стагоддзі Францішкам Асізскім, які з групаю свецкіх паплечнікаў у сваім родным горадзе і бліжэйшай ваколіцы вучыў пакаянню. Францішак даў сваёй супольнасці статут, складзены з евангельскіх строфаў, — яго называюць прастатутам, — у якім быў заклік да радыкальнага ўбоства і асабістага вырачэння. Спачатку гэтая супольнасць атрымала ад Папы вуснае зацвярджэнне прынцыпаў супольнага жыцця, Літургіі гадзінаў, а таксама абвяшчэнне пакаянных казанняў Францішкам і некаторымі братамі. У гэтай супольнасці перадусім рабіўся акцэнт на неабходнасці наследаваць Хрыста, жыць паводле Евангелля, любіць усё стварэнне, а асабліва — найбольш церпячых, напрыклад, пракажоных, якіх было шмат у тыя часы. Акрамя таго, прадпісваліся прастата, шчырасць, унутраная пастава прыніжэння, абсалютнае ўбоства, індывідуальнае і супольнае, жыццё з уласнай працы. Закон пачаў хутка развівацца. Праз некаторы час прынцыпы францішканскага жыцця прынялі жанчыны. Святы Францішак і яго паплечніца святая Клара засноўваюць закон францішканак, вядомых як убогія кларыскі. Францішак таксама склаў для іх статут манаскага жыцця. У 1221 годзе быў заснаваны Трэці закон, які ахопліваў свецкіх людзей, што прагнулі жыць паводле прынцыпаў, абвешчаных бедняком з Асізі. Францішак з кардыналам Хагалінам — пазнейшым Папам Грыгорыем ІХ — напісалі для гэтай супольнасці першы статут. Цяперашні статут Францішканскага закону свецкіх, зацверджаны ў 1978 годзе Папам Паўлам VI, ставіць перад свецкімі францішканамі, апрача асабістага абавязку імкнення да дасканаласці ў духу Другога Ватыканскага Сабору, таксама новыя заданні: уключацца ў дзейнасць мясцовага Касцёла (парафіі), а калі ўмовы дазваляюць, то і — у больш шырокім дыяпазоне — браць на сябе адказнасць за яго прысутнасць у свеце. Дзейнасць свецкіх францішканаў у жыцці парафіі праяўляецца ў клопаце аб чысціні святыні. У парафіі свецкія францішкане — гэта група, якая моліцца ў буднія дні падчас святой Імшы, а таксама падчас маёвых, ружанцовых або прынагодных набажэнстваў, такіх як эўхарыстычныя набажэнствы, штомесячныя адарацыі, малітоўныя чуванні; яны ўтвараюць найбольш стабільную і надзейную супольнасць парафіі. Старэючае грамадства і эканамічныя цяжкасці мабілізуюць свецкіх францішканаў да аказання дапамогі хворым, непаўнавартасным, старым. Яны атуляюць клопатам перадусім членаў уласнай супольнасці, але па меры магчымасцяў ахопліваюць таксама іншых церпячых. Найменш заўважным і адначасова неймаверна важным з’яўляецца ўздзеянне свецкіх францішканаў прыкладам і жыццём на сваё асяроддзе. Аб місіі свецкіх францішканаў у сучасным свеце нагадваў Вялікі Папа Ян Павел ІІ, гаворачы: «Любіце, вучыцеся, жывіце вашым Статутам, бо заключаныя ў ім каштоўнасці — выключна евангельскія. Жывіце гэтымі каштоўнасцямі ў братэрскай супольнасці і ў свеце, у які — на моцы вашага свецкага паклікання — вы ўключаныя і ўкаранёныя. Жывіце гэтымі евангельскімі каштоўнасцямі ў вашых сем’ях, перадаючы веру з малітваю, уласным прыкладам і праз выхаванне, а таксама па-евангельску перажывайце патрабаванне ўзаемнай любові, вернасці і пашаны да жыцця» (Insegnamenti, V/3, 1982, s. 613.). Гаворачы пра вечныя каштоўнасці паклікання свецкіх паслядоўнікаў святога Францішка, Слуга Божы Ян Павел ІІ, прамаўляючы да Міжнароднай рады Францішканскага закону свецкіх, сказаў: «Асноўным элементам вашага харызмату з’яўляецца захаванне Евангелля Хрыста. Гэта звязана з пастаянным і руплівым разважаннем над асобаю, справаю і місіяй Езуса, які ёсць цэнтрам нашай веры. У гэтых адносінах святы Францішак з’яўляецца адным з найбольш захапляльных праваднікоў у гісторыі хрысціянскай духоўнасці. Ён хацеў пазнаць Евангелле і жыць ім sine glossa («без каментарыя»), гэта значыць літаральна, рэалізуючы яго найбольш радыкальныя патрабаванні. Пастаўлены ў прывілеяванае становішча Хрыстом Укрыжаваным праз містычную з’яву стыгматаў, Францішак Асізскі быў для натоўпаў вернікаў на пачатку ХІІІ стагоддзя як сапраўдны „другі Хрыстус“» (Прамова Святога Айца Яна Паўла ІІ, скіраваная да Міжнароднай рады Францішканскага закону свецкіх, абвешчаная 19 чэрвеня 1985 г.: Studia Franciszkaсskie. T. 3. Poznaс, 1988 r. s. 29.). У іншым месцы Папа гаворыць: «Францішак даручае сваім духоўным сынам і дочкам, якія жывуць у свеце, вучыцца заўсёды шукаць асобу Хрыста, які жыве і дзейнічае ў братах, у Святым Пісанні, у Касцёле і літургічных чынах (Статут, 5); рабіць з малітвы і кантэмпляцыі сутнасць уласнага быцця і дзейнасці, наследуючы Езуса, які быў сапраўдным шанавальнікам Айца (Статут, 8); жыць у поўнай еднасці з Папам, біскупамі і святарамі» (Статут, 6) (Тамсама прамова Святога Айца Яна Паўла ІІ). Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 13:42
Брацтва кармэліцкага шкаплера — гэта аб’яднанне вернікаў, якія імкнуцца да дасканалай любові ў свеце згодна з духам закону кармэлітаў, удзельнічаюць у жыцці гэтага закону і маюць удзел у яго духоўных ласках праз унутранае з’яднанне з Марыяй у думках, жаданнях і ўчынках. Гісторыя шкаплера паходзіць з ХІІІ стагоддзя. На гары Кармэль ў Палестыне існаваў закон, члены якога, духоўныя сыны прарока Іллі, называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх габіт, зроблены з нефарбаванай шэрсці, складаўся з тунікі, падперазанай на бёдрах скураным пасам, накінутага на туніку шкаплера і каптура. Кармэліты вялі жыццё, адданае малітве, працы і пакаянню, захоўваючы цноты чыстасці, убоства і паслухмянасці. У канцы ХІІІ стагоддзя, у сувязі з пераследваннямі з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і заняпадам Касцёла ў Святой Зямлі, законнікі былі вымушаныя выехаць у Еўропу. Тут, у новым асяроддзі, перад малавядомым законам узнікла пагроза роспуску. У такім цяжкім становішчы пабожны генерал закону Сымон Сток просіць Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй закон. У адказ на шчырую малітву Марыя аб’явілася святому Сымону ўноч з 15 на 16 ліпеня 1251 года ў атачэнні анёлаў і, указваючы на яго шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага». Пасля таго аб’яўлення зніклі ўсе перашкоды і закон пачаў паступова развівацца ва ўсёй Еўропе. Праз 70 гадоў Маці Божая аб’явілася Святому Айцу Яну ХХІІ і, пацвярджаючы папярэднія прывілеі — асаблівую апеку ў зямным жыцці і выбаўленне ад агню пякельнага, — абяцала, што кожны, хто ў момант смерці будзе мець на сабе Яе шкаплер, у першую суботу пасля смерці будзе выведзены з чыстца ў неба. З таго часу пачынаецца развівацца шкаплернае набажэнства ва ўсім Касцёле. Шкаплер ужо не з’яўляецца прывілеем толькі для кармэлітаў, ён становіцца знакам апекі Марыі для кожнага, хто прагне яго прыняць. У традыцыі Кармэля шкаплер сведчыць аб прысвячэнні сябе Марыі, даверу да Яе матчынай любові і жаданні так, як Яна, прысвяціць сябе служэнню бліжнім. Шкаплер з’яўляецца знакам імкнення да свядомай і сяброўскай любові да Найсвяцейшай Панны. Езус дазваляе нам прымаць удзел у сваіх сыноўніх пачуццях да Маці, Ён выказаў гэта падчас агоніі на крыжы, просячы, каб мы прынялі Яе ў дом нашых сэрцаў. Тады распачынаецца зусім новы этап унутранага жыцця. Па-першае, таму што мы рашаемся «ўзяць Яе да сябе» (Мц 1, 20), чаго вельмі моцна жадаў Езус, у чым праяўляецца Яго надзвычай пяшчотная любоў да кожнага з нас. Па-другое, Марыя — гэта Маці святасці, Яна заўсёды з Езусам і прычыняецца да ўзнікнення і ўзрастання духоўнага жыцця чалавека. Шкаплернае набажэнства, як і ўся марыйная пабожнасць Касцёла, вядзе да больш глыбокай еднасці з Хрыстом. Нельга думаць пра еднасць з Марыяй, не наследуючы Яе, як нельга таксама думаць пра наследаванне Марыі без яднанная з Ёю. Шкаплернае набажэнства, як справа наследавання Марыі, дазваляе ўзнавіць у душы прыклад і вучэнне Езуса, а значыць яно вядзе да хрысціянскай сталасці. У знаку шкаплера Марыя вучыць нас адкрытасці на Бога і на Яго волю, якую мы можам адкрыць у падзеях штодзённага жыцця; вучыць слухаць Божае слова, скіраванае да нас у Святым Пісанні; вучыць практыкаванню веры і нястомнай малітве. Шкаплер з’яўляецца знакам нашага клопату пра дабро для ўсіх людзей. Ён сведчыць аб наследаванні клопату Марыі пра Яе сваячку Альжбету (Лк 1, 38-40) і пра маладажонаў з Каны Галілейскай (Ян 2, 3-5). Той, хто апрануты ў шкаплер, становіцца як бы вачыма, рукамі і нагамі Марыі, дзякуючы ім Яна можа дайсці да ўсіх церпячых. Дапамога Марыі не абмяжоўваецца выключна матчыным пачуццём любові да нас, яна заўсёды канкрэтная і дзейсная. Шкаплер, урэшце, з’яўляецца знакам удзелу ў духоўным дабры Кармэля. Ужо ў часы Сярэднявечча праз утварэнне брацтваў кармэліты перадавалі вернікам некаторыя элементы свайго харызмату, такія, як вера ў мацярынскі клопат Марыі, літургічная і прыватная малітва, справы міласэрнасці, услухоўванне ў Божае слова і ўнутранае навяртанне. Галоўная ўрачыстасць брацтва — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, які адзначаецца 16 ліпеня. Цяпер да шкаплернай сям’і належаць кармэліткі і кармэліты, Свецкі Кармэліцкі Закон (калісьці яго называлі Трэцім законам), аб’яднаныя ў шкаплерныя брацтвы людзі, якія прынялі шкаплер і жывуць яго духоўнасцю. Слуга Божы Ян Павел ІІ прыняў шкаплер у кляштары босых кармэлітаў у сваіх родных Вадавіцах і насіў яго на працягу ўсяго жыцця. У лісце з нагоды 750-годдзя шкаплерных аб’яўленняў ён напісаў: «У знаку шкаплера заключаецца пераканаўчы сінтэз марыйнай духоўнасці, якая ажыўляе пабожнасць веруючых людзей, абуджаючы іх успрымальнасць да поўнай любові прысутнасці Панны Марыі як Маці ў іх жыцці. Шкаплер, па сутнасці, — гэта «габіт». Той, хто яго прымае, далучаецца да кармэлітаў, больш або менш цесна яднаецца з Законам Кармэлю, прысвечаным служэнню Найсвяцейшай Маці для дабра ўсяго Касцёла. (...) Такім чынам, знак шкаплера паказвае дзве праўды: адна з іх гаворыць пра пастаянную апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, і не толькі на жыццёвым шляху, але таксама ў хвіліны пераходу да паўнаты хвалы вечнай; другая праўда — гэта ўсведамленне таго, што набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі не можа абмяжоўвацца толькі малітвамі і ўшанаваннем Яе з розных нагодаў, але павінна ўяўляць сабою своеасаблівы „габіт“, яно павінна надаваць пастаянны накірунак дзейнасці хрысціяніна, якая абапіраецца на малітву і ўнутранае жыццё праз частае прыняцце сакрамэнтаў і канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці для цела і душы. Так шкаплер становіцца знакам „запавету“ і ўзаемнай камуніі паміж Марыяй і вернікамі, таму што ў ім канкрэтным чынам праяўляецца дар, які Езус на крыжы ўчыніў для Яна, а праз яго — і для ўсіх нас, — дар сваёй Маці, а таксама нагадвае нам пра тое, што Езус даручыў свайго ўмілаванага апостала і нас Той, якую ўстанавіў нашаю духоўнаю Маці». Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 13:44
Міністрант — гэта хлапчук або юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Слова ministrant у перакладзе з лацінскай мовы азначае «той, хто служыць, прыслужвае», а значыць, міністрант — гэта той, хто дапамагае святару пры цэлебрацыі літургіі. Міністрант з’яўляецца памочнікам — ён дапамагае святару падчас справавання святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Яго заданнем з’яўляецца падрыхтоўка ахвярных дароў, а таксама іншага роду дапамога, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй. Міністрант — гэта той, хто нясе знакі, ён падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. Гэтыя прадметы павінны дапамагчы вернікам, указваючы ім на іншую рэчаіснасць. Міністрант павінен сам быць знакам — сваёй паставай ён паказвае, як трэба перажываць літургію. Не дастаткова толькі пасіўна прымаць у ёй удзел, але неабходна актыўна ўдзельнічаць у ёй. Праз сваё служэнне міністрант сведчыць аб тым, што кожнае літургічнае набажэнства, якое адпраўляецца ў касцёле, — гэта не толькі справа святара, але справа ўсяе парафіі і ўсіх вернікаў. Па-за касцёлам міністрант сваімі паводзінамі павінен указваць іншым людзям шлях да Хрыста. Ён таксама павінен як мага больш годна прадстаўляць Касцёл па-за набажэнствамі, гэта значыць падчас спаўнення хатніх, школьных абавязкаў і іншых. Пабожнае і добрасумленнае выконванне абавязкаў міністранта вынікае з самой сутнасці літургіі, таму неабходна выхаванне міністранта да належнага разумення, перажывання і выканання яго служэння. Вучэнне Касцёла звяртае ўвагу на тое, наколькі важнай душпастырскай групай у парафіі з’яўляюцца міністранты: «Міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору нясуць сапраўднае літургічнае служэнне. Няхай жа яны выконваюць свае функцыі з такой шчырай пабожнасцю і стараннасцю, якіх вартыя гэтае высакароднае служэнне і справядлівыя спадзяванні народу Божага. Таму неабходна старанна выхоўваць гэтых асобаў у духу літургіі і рыхтаваць іх да адпаведнага, згоднага з прадпісаннямі, спаўнення належных ім абавязкаў» (SC, 29.). Пастулат стараннага выхавання міністрантаў, сфармуляваны ў Канстытуцыі аб літургіі, скіраваны да святароў-душпастыраў і стварае для іх як выхавацеляў велізарны шанц. Вельмі многае залежыць у гэтай сферы дзеяння ад святароў, дыяканаў і бацькоў, якія павінны з імі супрацоўнічаць. Слуга Божы Ян Павел ІІ у Лісце да святароў на Вялікі чацвер 2004 года ўказаў на незаменную ролю і вялікую адказнасць святара ў кантакце з міністрантамі. Папа падкрэсліваў важнасць сведчання святара, жыццё якога, угрунтаванае ў моцы, што зыходзіць з Эўхарыстыі, павінна заахвочваць да духоўнага развіцця і да выбару міністрантам шляху паклікання. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў, звяртаючыся да святароў: «Беручы гэта пад увагу (...), побач з іншымі душпастырскімі заняткамі, прысвячайце асаблівую ўвагу апецы над міністрантамі, якія з’яўляюцца своеасаблівай калыскай святарскіх пакліканняў. Група міністрантаў, якою вы адпаведным чынам апякуецеся ў парафіяльнай супольнасці, можа дасягаць поспехаў на добрым шляху хрысціянскага ўзрастання, уяўляючы сабою амаль што прасемінарыю. Вучыце парафію, якая з’яўляецца сям’ёю сем’яў, бачыць у міністрантах сваіх сыноў, як саджанцаў аліўкавых дрэваў вакол стала Хрыста, які з’яўляецца Хлебам Жыцця» (Jan Paweі II. Ministranci — mіodzi przyjaciele Jezusa. W: „L’Osservatore Romano” 22, 2001, nr 10 s. 22–23; а таксама List Ojca Њwiкtego Jana Pawіa II na Wielki Czwartek roku 2004. W: „L’Osservatore Romano” 25, 2004, nr 6.). Духоўнае ўзрастанне міністранта адбываецца ў сям’і, у школе, на катэхізацыі. Праз гэтыя этапы праходзіць кожны чалавек. Яны аказваюць прынцыповы ўплыў, бо вучаць чалавека жыць па-чалавечы і па-хрысціянску. Прыналежнасць да кола міністрантаў у гэтых адносінах заўсёды з’яўляецца нечым дадатковым. Яна можа мець месца толькі тады, калі хтосьці сур’ёзна споўніць тое, што з’яўляецца першым і больш фундаментальным. Калі хтосьці жадае быць міністрантам, ён павінен прысвяціць дадатковы час і мабілізаваць сябе да асаблівых намаганняў, каб выконваць заданні, якія выходзяць па-за межы асноўных абавязкаў. Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслужваючы пры справаванні святых таямніцаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды — дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў і сябровак. Можна і трэба прад’яўляць да міністрантаў большыя патрабаванні. Толькі тыя, хто да іх дарастае, з’яўляюцца міністрантамі і нясуць служэнне пры алтары як харысты, міністранты святла, кнігі, алтара. Быць добрым міністрантам азначае прад’яўляць да сябе патрабаванні. Святы Айцец Ян Павел ІІ, звяртаючыся да моладзі, сказаў: «Нават калі іншыя не будуць ад нас патрабаваць, вы павінны патрабаваць самі ад сябе». Гэтыя словы асаблівым чынам адносяцца да міністрантаў. Тым, што яны знаходзяцца так блізка да алтара і прыслужваюць падчас святой Імшы, яны абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары. Гэты Хрыстовы заклік з’яўляецца для іх адначасова абавязацельствам і тым, што вызначае жыццёвы шлях, заахвочвае кожнага з іх да высілку працы над самім сабою, над фармаваннем свайго характару, каб стаць «новым чалавекам у Хрысце». Рысы добрага міністранта, да якіх, безумоўна, належаць любоў да Бога і Касцёла, служэнне Хрысту праз людзей, пазнаванне і жыццё літургіяй, радасць жыцця, стараннасць у вучобе і гэтак далей, павінны стаць прадметам асабістых намаганняў кожнага міністранта, бо з іх увогуле складаецца чалавечая і хрысціянская сталасць. Дзякуючы ім жыццёвы шлях таго, хто прыслужвае пры алтары, будзе ідэнтычны евангельскаму шляху. Літургічная служба з’яўляецца адпаведным месцам развіцця жыццёвага паклікання, яго належнага разумення і свядомай рэалізацыі. Гэта асяродак, у якім малады чалавек сталее і дарастае да свайго жыццёвага паклікання ў сужэнстве альбо святарстве. З міністрантаў часта вырастаюць добрыя сужэнцы і бацькі, а таксама цудоўныя святары. Адкуль чэрпаць сілы, каб адпавядаць такім высокім патрабаванням? Перадусім — з Эўхарыстыі, слугой якой з’яўляецца міністрант, а таксама з індывідуальнай малітвы. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас адной з сустрэч з моладдзю прызнаўся: «Хачу запэўніць вас у тым, што я памятаю пра вас падчас адпраўлення святой Імшы і Эўхарыстычнай адарацыі, якую пастаянна практыкую з часоў сваёй маладосці. Ведайце, што я заўсёды чэрпаў з яе вялікія плёны дабра не толькі для сябе самога, але і для ўсіх тых, хто даручаны мне Божай Міласэрнасцю». Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 13:45
У Святым Пісанні гаворыцца, што бліжэй за ўсіх знаходзяцца да Бога тыя, хто апрануты ў белае адзенне, якое сімвалізуе свабодную ад граху і аздобленую шматлікімі ласкамі душу (пар. Мц 22, 2-14; Ап 3, 18; 4, 4). Гэта — адзенне асвячальнай ласкі, а каб прабываць калісьці ўсю вечнасць з Богам, трэба ўжо цяпер клапаціцца пра яе, пастаянна нанава ачышчаць душу ад бруду грахоў. Беручы за ўзор гэтыя біблейскія постаці, у Касцёле ўтварылася група дзяўчынак і дзяўчат пачатковай і сярэдняй школы, якіх называюць «бялянкамі». Марыя, якая была беззаганна зачатая, а таксама на працягу ўсяго свайго жыцця не ўчыніла ніводнага граху, з’яўляецца для бялянкі прыкладам і ідэалам. Бялянка хоча наследаваць Марыю ў чыстасці і цнатлівасці. Знешнім знакам гэтай чыстасці душы з’яўляецца белае адзенне, якое апранаецца, калі дзяўчаты ўдзельнічаюць у працэсіях і для выканання іншых літургічных абавязкаў, — адсюль і паходзіць назва «бялянка». Сваёю прысутнасцю, малітваю, характэрным строем, а перадусім выстаўленнем падчас набажэнстваў харугваў, якія нагадваюць пра найважнейшыя таямніцы нашай веры, бялянкі ўзбагачаюць літургію прафіяльнай супольнасці. Адпаведным чынам яны прымаюць удзел у раратах, у літургіі падчас свята Божага Нараджэння, у набажэнствах Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня, у маёвых і ружанцовых набажэнствах і ў працэсіях Божага Цела. Іх заданне — літургічнае і паралітургічнае служэнне, асабліва падчас урачыстых набажэнстваў і эўхарыстычных працэсій, у якіх дзяўчынкі прагнуць па прыкладзе Марыі служыць Езусу і ўшаноўваць Яго. Бялянкі ўтвараюць асаблівую групу, якая выдзяляецца сваімі строямі сярод іншых членаў супольнасці. Яны ідуць наперадзе працэсіі. Малодшыя пасыпаюць шлях кветкамі, старэйшыя нясуць падушачкі, розныя рэлігійныя сімвалы, перанасныя алтарыкі, такім чынам бялянка прымае ўдзел у працэсійнай асісце. Марыйныя святы, асабліва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, адзначаюцца бялянкамі асабліва ўрачыста, а для многіх з іх гэта патранальнае свята, падчас якога яны прыносяць прысягу бялянак або прымаюцца ў групу бялянак. Такая цырымонія прыняцця, пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў групе, можа быць праведзена таксама перад Пальмовай нядзеляй, літургія якой узгадвае ерузалемскіх дзяцей, што беглі перад Езусам падчас Яго трыумфальнага ўезду ў Ерузалем. Літургія Пальмовай нядзелі распачынае таксама штогадовы працэсійны перыяд, які ўвенчвае ўрачыстасць Божага Цела. У фармацыі бялянак вельмі важнае значэнне маюць супольныя сустрэчы, якія час ад часу праводзяцца і на якіх праз супольную малітву, размову і забавы бялянкі ўтвараюць радасную Божую супольнасць і ўмацоўваюцца ў добрых рашэннях. Некаторыя групы бялянак прымаюць канкрэтныя рашэнні, напрыклад, у спецыяльнай прысязе бяруць абяцанне, што будуць «усім сэрцам верна выконваць служэнне Богу». У сваёй прысязе бялянка гаворыць: «Я прыкладу ўсе намаганні, каб быць рупліваю бялянкаю, паслухмянаю дачкою, любячаю сястрою, а таксама добраю сяброўкаю ў працы, вучобе і забавах. Хачу жыць і дзейнічаць паводле права і абавязкаў бялянкі. Абавязваюся штодзённа маліцца адну таямніцу Ружанца, прымаць актыўны ўдзел у святой Імшы ў першую суботу месяца, у эўхарыстычных працэсіях, прыходзіць штотыдзень на парафіяльныя сустрэчы, старацца быць добраю дачкою і добразычліваю сяброўкаю». Бялянкі не толькі моляцца, але маюць таксама час і на забавы. Арганізоўваюць «андрэйкі» (сустрэчы ў дзень св. Андрэя), ладзяць супольны аплатак, карнавальныя забавы, выязджаюць у лагеры, дзе ёсць час не толькі на адпачынак, але і на сустрэчу з Богам. Адна са старэйшых бялянак дзеліцца ўспамінамі са свайго дзяцінства: «Напэўна, кожная з дзяўчынак, якія пасыпалі кветкамі дарогу падчас працэсіі Божага Цела, памятае той радок: „Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны“, які павінен быў дапамагчы ў тым, каб адначасова кідаць пялёсткі пад ногі святару, які нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт. Місія, якую выконваюць бялянкі, напаўняе іх вялікім хваляваннем і дае падставу для гонару. Я пачала сыпаць кветкі яшчэ перад сваёй Першай святой Камуніяй. Безумоўна, я вельмі ганарылася гэтым перад сяброўкамі, якія павінны былі яшчэ чакаць, каб апрануць адпаведныя строі. У той час было не так лёгка, як цяпер, знайсці прыгожую белую сукенку для ўрачыстасці Першай святой Камуніі, а ў мяне такая сукенка ўжо была. Дзякуючы гэтаму, як толькі аб’явілі сустрэчу для бялянак, я адразу ж пабегла на рэпетыцыю да сястры-катэхеткі. Для таго, каб пасыпаць дарогу кветкамі, не менш важным за сукенку быў кошык. Найбольш пажадана было мець нетыповы кошык, якога нельга было нідзе знайсці. Звычайны, круглы быў нязручны і ў дадатак ён меў дугу, якая перашкаджала набіраць пялёсткі ў жменю. Для мяне кошычак зрабіла мама з цвёрдага белага кардону, яна абцягнула яго матэрыялам і абшыла дэкаратыўнаю аблямоўкаю. З аднаго боку ён быў плоскі, а з другога — паўкруглы. Па баках была прышыта шырокая тасёмка, каб можна было вешаць яго на шыю, безумоўна, гэтая тасёмка была адпаведнай для мяне даўжыні. Гэта ўжо амаль усе атрыбуты бялянкі, вядома, апроч вянка. Канешне ж, мне хацелася, каб вянок быў з жывых белых кветак: стакротак або ландышаў, але на ўсялякі выпадак у мяне быў таксама і штучны вянок. Некаторыя дзяўчынкі хацелі выглядаць вельмі элегантна і насілі белыя карункавыя пальчаткі. Аднак гэта было вельмі непрактычна, бо пялёсткі часам былі вільготныя і моцна іх фарбавалі. Ага, пялёсткі... Гэта асобны раздзел гэтай гісторыі. З ранняй вясны, калі ў нашым садзе расцвіталі першыя цюльпаны, мы пачыналі сушыць пялёсткі на гарышчы або на вышках. Найлепей было сушыць іх у цёмным месцы, каб захаваць яркія колеры. Усе кветкі, якія траплялі ў дом з розных нагодаў і тыя, што зацвіталі каля хаты на кветніку, папаўнялі новыя запасы для сушкі. Найлепш мне запомніліся бледна-ружовыя і вішнёвыя пялёсткі півоняў, жоўтыя кветкі ранніх лілей, а таксама яркія макі. Чым больш каляровымі былі пялёсткі, тым прыгажэйшы каляровы дыван заставаўся на вуліцах пасля праходжання працэсіі». З цягам часу крыху мяняюцца строі, прыходзяць іншыя бялянкі, але працэсія застаецца для кожнай з іх такой жа важнай падзеяй. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 13:47
У «Агульных уводзінах да Рымскага Імшала» напісана: «Апостал заклікае Хрыстовых вернікаў, якія збіраюцца разам, чакаючы прыйсця свайго Пана, спяваць разам псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16). Спеў — гэта выраз радасці сэрца (пар. Дз 2, 46). Таму слушна кажа св. Аўгустын: „Хто любіць, той спявае“, а ўжо ў старажытнасці стала прыказкай выслоўе: „Двойчы моліцца той, хто добра спявае“» (АУРІ, 39.). Першыя дзіцячыя і моладзевыя гурты спевакоў пачалі ўтварацца пры касцёлах на мяжы 60-х і 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта былі большыя або меншыя групы дзіцячага або моладзевага касцёльнага хору. Тады яны фармаваліся ў адпаведнасці са «свежымі думкамі» пастановаў Другога Ватыканскага Сабору. Людзі свецкія, асабліва моладзь, дзякуючы сваім душпастырам, усё больш усведамлялі сваю апостальскую ролю ў Касцёле. Святары, катэхеты, законныя сёстры імкнуліся ажыўляць духам Хрыста і заахвочваць да апостальства дзяцей і моладзь — такім чынам, распачалося паступовае ўкараненне пастановаў Сабору ў жыццё і свядомасць моладзі, а праз іх — ва ўсё большае кола свецкіх людзей. Былая ўдзельніца аднаго з першых парафіяльных хораў дзеліцца сваімі ўспамінамі з таго часу, калі яна спявала ў касцёле: «Кожную суботу мы збіраліся на рэпетыцыю. У нядзелю падчас святой Імшы мы спявалі для ўсіх, і гэта быў найцудоўнейшы час у маім жыцці. Нас вучыла маладая сястра-арганістка. Як ніхто іншы, яна здолела ўвесці нас у прыгажосць свету музыкі і песні, дзякуючы якой мы імкнуліся разам змяніць свет. Спачатку сястра змяніла нашыя сэрцы, паказваючы нам прыгажосць служэння Богу праз спеў. Нашыя сустрэчы былі напоўненыя не толькі рэпетыцыямі і запісам тэкстаў новых песняў, але таксама супольнымі размовамі на жыццёва важныя тэмы, гучалі розныя пытанні і адказы на іх, часам даволі складаныя. На заканчэнне кожнай сустрэчы сястра чытала нам урыўкі з кніг ці рэлігійных часопісаў. „Спявайце радасна, усім сэрцам, — казала сястра. — Ваш спеў — гэта не выступленне на эстрадзе, ваш спеў — гэта малітва, — тлумачыла яна. — Вы павінны сваім спевам заахвочваць іншых да малітвы, распальваць іх сэрцы любоўю да Бога. Вымаўляйце словы песні выразна, бо гэта — Евангелле ў песні. Мы абвяшчаем Евангелле, спяваючы рэлігійныя песні...“. Узгадваю таксама нашыя так званыя „апостальскія падарожжы“, блізкія і далёкія. Блізкія — гэта пешыя вандроўкі па ваколіцах нашага горада, безумоўна, заўсёды са спевам. Людзі глядзелі на нас са здзіўленнем, прасілі, каб мы ім паспявалі. Нашыя далёкія вандроўкі — гэта часцей за ўсё былі выезды на цягніку ў розныя санктуарыі. Мы любілі падарожнічаць цягніком, бо там было шмат магчымасцяў для апостальства. Працягвалася гэта 7 гадоў... У рэшце рэшт мы пасталелі, пайшлі далей у жыццё, але я думаю, што гэтая наша супольная праца дала багаты плён, таму што з гэтай нашай групы тры дзяўчыны сталі законнымі сёстрамі, адна — настаўніцай спеваў у школе, адна — салісткай у оперы, а яшчэ адна да сённяшняга дня спявае ў касцёле». Працэс стварэння парафіяльных хораў, як адна з формаў душпастырства дзяцей і моладзі, трывае надалей і застаецца вельмі актуальным. У бягучым годзе варта ўзгадаць прыгожы і непераўзыдзены прыклад у паказе маладым людзям прыгажосці служэння Богу і бліжняму, якім з’яўляецца сённяшні Слуга Божы Ян Павел ІІ. Ён таксама цаніў вартасць супольнага спеву і бачыў у ім сілу, здольную захапіць сэрцы моладзі. Мы ўсе не раз былі сведкамі таго, як геніяльна ён наладжваў праз спеў кантакт з сотнямі тысяч сабраных маладых людзей. Пад канец свайго жыцця ён прызнаўся ў гэтым у сваёй кнізе «Устаньце, хадзем!»: «Я заўсёды любіў спяваць. Шчыра кажучы, я спяваў пры кожнай прыдатнай нагодзе. Аднак найчасцей і найбольш ахвотна я спяваў менавіта з моладдзю. Тэксты бывалі розныя, у залежнасці ад абставінаў: каля вогнішча былі народныя песні або харцэрскія, а з нагоды нацыянальных святаў, гадавіны выбуху вайны або варшаўскага паўстання, спяваліся салдацкія і патрыятычныя песні. Рытм літургічнага года па-іншаму акрэслівае характар спеваў. На Божае Нараджэнне заўсёды спяваецца (...) шмат калядкаў, а перад Вялікаднем — жалобныя песні. У гэтых (...) песнях заключаецца ўся хрысціянская тэалогія. Яны ўяўляюць сабой скарб жывой традыцыі, які прамаўляе да сэрцаў кожнага пакалення, фармуе веру. У маі і ў кастрычніку, апрача марыйных спеваў, мы спяваем (...) літаніі і гадзінкі. Нельга ўсяго пералічыць. Якое ж багацце тоіцца ў гэтай народнай паэзіі, якая спяваецца да сённяшняга дня! Як біскуп я стараўся захоўваць гэтыя звычаі, а моладзь з асаблівай ахвотаю падтрымлівала традыцыі. Лічу, што разам мы шмат карысталіся гэтай скарбніцай простай і глыбокай веры, якую продкі змясцілі ў песнях». Можа менавіта сёння нам не хапае гэтага здаровага захавання традыцый. Душпастырства праз спеў вучыць ставіць на першае месца хрысціянскія каштоўнасці і належна перажываць святочны дзень, каб глыбокі сэнс святога дня напаўняў і ўзбагачаў потым далейшае штодзённае жыццё. Таму скончым нашае разважанне на тэму хору пажаданнем Яна Паўла ІІ, якое ён выказаў у сваім апостальскім лісце «Аб святкаванні нядзелі»: «Нядзельная святая Імша, беручы пад увагу адпаведны яе характар, а таксама яе значэнне ў жыцці вернікаў, павінна быць падрыхтавана асабліва старанна. Кіруючыся ў падборы формаў яе пастырскай мудрасцю і мясцовымі звычаямі, згоднымі з літургічнымі прадпісаннямі, трэба надаць цэлебрацыі святочны характар — такі, які павінен мець дзень, што нагадвае пра ўваскрасенне Пана. З гэтаю мэтаю трэба старанна падрыхтаваць супольны спеў, бо гэта асабліва прыдатнае праяўленне радасці сэрца — супольны спеў падкрэслівае ўрачысты характар падзеі і спрыяе дзяленню адною вераю і любоўю. Таму трэба клапаціцца пра высокую якасць як тэкстаў, так і мелодый, каб новыя, творчыя прапановы, якія з’яўляюцца сёння, адпавядалі літургічным прадпісанням, а таксама былі годныя касцёльнай традыцыі, якая ў сферы сакральнай музыкі можа пахваліцца дасягненнямі неацэннай вартасці». (DD, 50.) Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
09.07.2008 13:49
Бывае, што, нягледзячы на адсутнасць фізічнай працы, мы адчуваем у сабе нейкую стому. Раптам выступае пот. Пачынаюць балець косці. Лоб незвычайна гарачы. На тэрмометры — замест 36,6 — мы выразна бачым 37,8. На жаль, трэба перарваць штодзённыя абавязкі і працу. Крыху цяжка прызвычаіцца, што раніцай не трэба ўскокваць з ложка. Мы бяром у рукі газету, цягнемся па кніжку, якую даўно ўжо некалі вырашылі прачытаць, глядзім па тэлевізары навіны... Прастуда, часцей за ўсё, хутка мінае. Праз некалькі дзён мы можам вярнуцца да штодзённай працы. Увогуле, не так ужо і дрэнна быць хворым. Аднак сітуацыя зусім іншая, калі мы глядзім на паралізаванага маладога мужчыну ў інваліднай калясцы. На жанчыну, якая пераходзіць дарогу, падняўшы ўверх белы кіёк. Калі наведваем сябра ў аддзяленні з назваю, што гучыць, як прысуд, — анкалогія. Урэшце аднойчы хвароба прыходзіць і ў наш дом. Мы забіраем са шпіталя спаралізаванага бацьку. Ён так моцна схуднеў за апошні час, але яго так цяжка ўнесці ў дом. У абедзены перапынак мы бяжым дадому, каб хоць паспець пакарміць яго загадзя прыгатаванаю ежаю. Цалкам мяняюцца нашыя жыццёвыя планы. Аказваецца, што на самай справе раней мы не ведалі, што такое хвароба і што яна з сабою нясе — колькі патрабуе абмежаванняў, як многага пазбаўляе. Абцяжараныя цярпеннем з прычыны пакутаў іншых, мы пачынаем лепш разумець навакольны свет. Але нарэшце прыходзіць той дзень, калі рушацца ўсе нашыя ўяўленні і планы. Мы ляжым у машыне «хуткай дапамогі». Урач ускладае нам на твар кіслародную маску. Палата ў бальніцы, кропельніцы, безліч розных лекаў. Проста прайсціся па пакоі — тое, над чым мы ніколі раней нават і не задумваліся, — аказваецца па-за межамі нашых магчымасцяў. Мы поўнасцю залежныя ад дапамогі іншых людзей. Падчас цяжкай хваробы Бог пасылае нам самы складаны экзамен. Ці здадзім мы яго? Ці здолеем прыняць сваё цярпенне? Як яго зразумець? Чаму яно напаткала менавіта мяне? Гэта толькі некаторыя пытанні, на якія мы павінны знайсці адказ. У Касцёле і сам хворы чалавек, і аказанне яму паслугаў заўсёды займалі галоўнае месца. Зрэшты, інакш і быць не можа, бо сам Хрыстус пакінуў нам такі прыклад. Аздараўленне сляпога, эпілептыка, жанчыны, якая пакутуе ад крывацёку, — гэта толькі некалькі са шматлікіх прыкладаў Яго чулага клопату пра кожнага, хто нясе крыж цярпення. Збаўца не толькі словам і ўчынкам паказваў сваё стаўленне да хворых і цярпення. Яго асабістыя цярпенні, прынятыя цалкам дабравольна і з любоўю, сталі актам адкуплення для чалавецтва. Слуга Божы Ян Павел ІІ, які ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе, заўсёды заставаўся верны гэтаму пасланню Настаўніка з Назарэта. Ужо праз некалькі дзён пасля свайго выбару на Сталіцу Пятровую ён прыняў рашэнне наведаць у рымскім шпіталі свайго сябра кардынала Дэскура, які быў хворы. Столькі разоў мы бачылі, як свае пяшчотныя далоні Папа ўскладаў на хворых у шпітальных палатах. Гэты незвычайны чалавек сам спазнаў шмат цярпення і хваробаў. Ён вучыў нас, як мы павінны адносіцца да хворых, паказваў сэнс цярпення ў з’яднанні з Хрыстом. Хіба найбольш запаў нам у сэрца Яго апошні ўрок з акна апостальскага палаца ў Ватыкане. Усе ведалі, што ён цяжка хворы. Нягледзячы на гэта, натоўпы людзей углядаліся ў акно, з якога ён прамаўляў свае катэхезы і ўдзяляў благаславенне. У сэрцы кожнага з чакаючых жыў агеньчык надзеі: а можа, яшчэ ўбачым яго, можа, штосьці нам скажа? Урачы паведамлялі, што пасля аперацыі ён амаль не можа размаўляць. Але вучыцца. Спрабуе. І вось акно адчыняецца. Ёсць Папа. Дзясяткі тысяч сабраных пілігрымаў у захапленні вітаюць яго. Святар, які яму дапамагае, ставіць пюпітр з тэкстам, падносіць мікрафон блізка да вуснаў. Над плошчаю святога Пятра ўсталёўваецца глыбокая цішыня. Шэпт, некалькі скажоных словаў зыходзіць з яго вуснаў, а потым — далоні, узнятыя ў жэсце, які, здаецца, прамаўляе: «На большае не здольны». Няма ўжо сілы. Акно зачыняецца. Слёзы на вачах пілігрымаў. Ён прамовіў у апошні раз — ужо не сваімі словамі, але сваім цярпеннем. У наш час медыцынскія вучылішчы і універсітэты падрыхтоўваюць людзей, якія потым служаць хворым. У шпіталях праводзяцца вельмі складаныя аперацыі, дзякуючы якім людзям вяртаецца здароўе. Аднак мы б вельмі памыляліся, калі б лічылі, што сама медыцына і тэхніка вырашаць усе нашыя праблемы, звязаныя з хваробамі. «Я быў хворы, — нібы гаворыць Хрыстус, — а дзе ты быў у гэты час?» Нават медыцына самага высокага ўзроўню не заменіць радасці, якую перажывае пацыент, што знаходзіцца ў шпітальнай палаце, калі яго наведвае сябар, знаёмы ці сусед. І сапраўды, няважна — ці прынесены найпрыгажэйшыя кветкі, ці любімыя цукеркі. Бо радуе нас не тое, што прынесена, але той, хто прынёс. Ён ахвяраваў нам частку свайго часу. Здараецца, што мы нават не вельмі ведаем, пра што з ім размаўляць. Тым больш што ў хворага не найлепшы настрой. Але гэта зусім не перашкаджае нам адчуць, што чалавек прыйшоў з тым, што для нас, людзей, самае важнае, — што прыйшоў ён з любоўю. Гавораць, што час — гэта грошы, але іншыя кажуць таксама, што час — гэта любоў. «Будзем жа спяшацца любіць людзей, бо яны адыходзяць так хутка», — сказаў ксёндз і паэт Ян Твардоўскі. У Пасланні апостала Якуба сцвярджаецца, што належнаю мераю нашай пабожнасці з’яўляюцца адносіны да хворых людзей. Чыстая і беззаганная ў адносінах да Бога і Айца рэлігійнасць праяўляецца ў апецы над сіротамі і ўдовамі ў іх нядолі... (пар. Як 1, 27). Апека і клопат, гаворыць апостал, а не толькі словы. Для поўнай яснасці ён дадае, што калі чалавек галодны, калі ў яго няма чаго апрануць, то яму не патрэбны добрыя парады, яму патрэбен хтосьці, хто дасць яму кавалак хлеба і вопратку. Ці ж мы, лічачы сябе сябрамі Хрыста, не павінны спытаць саміх сябе пра нашыя ўчынкі? Калі я апошні раз быў у хворых і састарэлых бацькоў? Ці адведаў я сябра, які пасля аперацыі ляжыць у шпіталі або дома? Учытванне ў евангельскія тэксты пра цярпенне, разважанне над імі, наведванне хворых — гэта ўсё ўрокі, якія падрыхтоўваюць нас да экзамену з уласнага цярпення. А ён, раней ці пазней, адбудзецца. Паводле кнігі «Рухі і супольнасці» © «Pro Christo» 2006.  
12.03.2012 13:28
«Сужэнскiя сустрэчы» — рух у Каталіцкім Касцёле, якi арганiзоўвае рэкалекцыi для сужэнцаў. Мэтай гэтых рэкалекцый з’яўляецца паглыбленне i аднаўленне сужэнскай еднасцi i любовi. Падчас сустрэч кожная сужэнская пара можа перажыць свежасць узаемных пачуццяў, паглыбiць сваё каханне альбо адкрыць яго нанава, аднавiць адчуванне сутнасцi таямнiцы шлюбу. Мужу i жонцы прапаноўваецца дыялог, якi вядзецца толькi памiж iмi i дапамагае лепшаму ўзаемаразуменню, дапамагае радавацца сужэнскаму жыццю, нанава адкрываць яго прыгажосць. Паводле досведу, на рэкалекцыi  могуць прыязджаць i сужэнцы, якiя перажываюць сур’ёзныя канфлiкты. Наогул, запрашаецца кожная сужэнская пара, якая намерваецца развiваць сваё супольнае жыццё. Рух «Сужэнскiя сустрэчы» праводзiць таксама  «Вечары для закаханых» i «Вечарыны для нарачоных», якiя падрыхтоўваюць маладых людзей да таямнiцы шлюбу.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа