Пошук


Бывае, што, нягледзячы на адсутнасць фізічнай працы, мы адчуваем у сабе нейкую стому. Раптам выступае пот. Пачынаюць балець косці. Лоб незвычайна гарачы. На тэрмометры — замест 36,6 — мы выразна бачым 37,8. На жаль, трэба перарваць штодзённыя абавязкі і працу. Крыху цяжка прызвычаіцца, што раніцай не трэба ўскокваць з ложка. Мы бяром у рукі газету, цягнемся па кніжку, якую даўно ўжо некалі вырашылі прачытаць, глядзім па тэлевізары навіны... Прастуда, часцей за ўсё, хутка мінае. Праз некалькі дзён мы можам вярнуцца да штодзённай працы. Увогуле, не так ужо і дрэнна быць хворым.

Аднак сітуацыя зусім іншая, калі мы глядзім на паралізаванага маладога мужчыну ў інваліднай калясцы. На жанчыну, якая пераходзіць дарогу, падняўшы ўверх белы кіёк. Калі наведваем сябра ў аддзяленні з назваю, што гучыць, як прысуд, — анкалогія. Урэшце аднойчы хвароба прыходзіць і ў наш дом. Мы забіраем са шпіталя спаралізаванага бацьку. Ён так моцна схуднеў за апошні час, але яго так цяжка ўнесці ў дом. У абедзены перапынак мы бяжым дадому, каб хоць паспець пакарміць яго загадзя прыгатаванаю ежаю. Цалкам мяняюцца нашыя жыццёвыя планы. Аказваецца, што на самай справе раней мы не ведалі, што такое хвароба і што яна з сабою нясе — колькі патрабуе абмежаванняў, як многага пазбаўляе.

Абцяжараныя цярпеннем з прычыны пакутаў іншых, мы пачынаем лепш разумець навакольны свет. Але нарэшце прыходзіць той дзень, калі рушацца ўсе нашыя ўяўленні і планы. Мы ляжым у машыне «хуткай дапамогі». Урач ускладае нам на твар кіслародную маску. Палата ў бальніцы, кропельніцы, безліч розных лекаў. Проста прайсціся па пакоі — тое, над чым мы ніколі раней нават і не задумваліся, — аказваецца па-за межамі нашых магчымасцяў. Мы поўнасцю залежныя ад дапамогі іншых людзей.

Падчас цяжкай хваробы Бог пасылае нам самы складаны экзамен. Ці здадзім мы яго? Ці здолеем прыняць сваё цярпенне? Як яго зразумець? Чаму яно напаткала менавіта мяне? Гэта толькі некаторыя пытанні, на якія мы павінны знайсці адказ.

У Касцёле і сам хворы чалавек, і аказанне яму паслугаў заўсёды займалі галоўнае месца. Зрэшты, інакш і быць не можа, бо сам Хрыстус пакінуў нам такі прыклад. Аздараўленне сляпога, эпілептыка, жанчыны, якая пакутуе ад крывацёку, — гэта толькі некалькі са шматлікіх прыкладаў Яго чулага клопату пра кожнага, хто нясе крыж цярпення. Збаўца не толькі словам і ўчынкам паказваў сваё стаўленне да хворых і цярпення. Яго асабістыя цярпенні, прынятыя цалкам дабравольна і з любоўю, сталі актам адкуплення для чалавецтва.

Слуга Божы Ян Павел ІІ, які ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе, заўсёды заставаўся верны гэтаму пасланню Настаўніка з Назарэта. Ужо праз некалькі дзён пасля свайго выбару на Сталіцу Пятровую ён прыняў рашэнне наведаць у рымскім шпіталі свайго сябра кардынала Дэскура, які быў хворы. Столькі разоў мы бачылі, як свае пяшчотныя далоні Папа ўскладаў на хворых у шпітальных палатах. Гэты незвычайны чалавек сам спазнаў шмат цярпення і хваробаў. Ён вучыў нас, як мы павінны адносіцца да хворых, паказваў сэнс цярпення ў з’яднанні з Хрыстом.

Хіба найбольш запаў нам у сэрца Яго апошні ўрок з акна апостальскага палаца ў Ватыкане. Усе ведалі, што ён цяжка хворы. Нягледзячы на гэта, натоўпы людзей углядаліся ў акно, з якога ён прамаўляў свае катэхезы і ўдзяляў благаславенне. У сэрцы кожнага з чакаючых жыў агеньчык надзеі: а можа, яшчэ ўбачым яго, можа, штосьці нам скажа? Урачы паведамлялі, што пасля аперацыі ён амаль не можа размаўляць. Але вучыцца. Спрабуе. І вось акно адчыняецца. Ёсць Папа. Дзясяткі тысяч сабраных пілігрымаў у захапленні вітаюць яго. Святар, які яму дапамагае, ставіць пюпітр з тэкстам, падносіць мікрафон блізка да вуснаў. Над плошчаю святога Пятра ўсталёўваецца глыбокая цішыня. Шэпт, некалькі скажоных словаў зыходзіць з яго вуснаў, а потым — далоні, узнятыя ў жэсце, які, здаецца, прамаўляе: «На большае не здольны». Няма ўжо сілы. Акно зачыняецца. Слёзы на вачах пілігрымаў. Ён прамовіў у апошні раз — ужо не сваімі словамі, але сваім цярпеннем.

У наш час медыцынскія вучылішчы і універсітэты падрыхтоўваюць людзей, якія потым служаць хворым. У шпіталях праводзяцца вельмі складаныя аперацыі, дзякуючы якім людзям вяртаецца здароўе. Аднак мы б вельмі памыляліся, калі б лічылі, што сама медыцына і тэхніка вырашаць усе нашыя праблемы, звязаныя з хваробамі. «Я быў хворы, — нібы гаворыць Хрыстус, — а дзе ты быў у гэты час?» Нават медыцына самага высокага ўзроўню не заменіць радасці, якую перажывае пацыент, што знаходзіцца ў шпітальнай палаце, калі яго наведвае сябар, знаёмы ці сусед. І сапраўды, няважна — ці прынесены найпрыгажэйшыя кветкі, ці любімыя цукеркі. Бо радуе нас не тое, што прынесена, але той, хто прынёс. Ён ахвяраваў нам частку свайго часу. Здараецца, што мы нават не вельмі ведаем, пра што з ім размаўляць. Тым больш што ў хворага не найлепшы настрой. Але гэта зусім не перашкаджае нам адчуць, што чалавек прыйшоў з тым, што для нас, людзей, самае важнае, — што прыйшоў ён з любоўю. Гавораць, што час — гэта грошы, але іншыя кажуць таксама, што час — гэта любоў. «Будзем жа спяшацца любіць людзей, бо яны адыходзяць так хутка», — сказаў ксёндз і паэт Ян Твардоўскі.

У Пасланні апостала Якуба сцвярджаецца, што належнаю мераю нашай пабожнасці з’яўляюцца адносіны да хворых людзей. Чыстая і беззаганная ў адносінах да Бога і Айца рэлігійнасць праяўляецца ў апецы над сіротамі і ўдовамі ў іх нядолі... (пар. Як 1, 27). Апека і клопат, гаворыць апостал, а не толькі словы. Для поўнай яснасці ён дадае, што калі чалавек галодны, калі ў яго няма чаго апрануць, то яму не патрэбны добрыя парады, яму патрэбен хтосьці, хто дасць яму кавалак хлеба і вопратку. Ці ж мы, лічачы сябе сябрамі Хрыста, не павінны спытаць саміх сябе пра нашыя ўчынкі? Калі я апошні раз быў у хворых і састарэлых бацькоў? Ці адведаў я сябра, які пасля аперацыі ляжыць у шпіталі або дома?

Учытванне ў евангельскія тэксты пра цярпенне, разважанне над імі, наведванне хворых — гэта ўсё ўрокі, якія падрыхтоўваюць нас да экзамену з уласнага цярпення. А ён, раней ці пазней, адбудзецца.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

Абноўлена 05.06.2017 13:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.