Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Выступленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці выставы беларускіх абразоў у Ватыканскіх музеях

18 мая 2016 г.

Вашы Эксцэленцыі паслы Рэспублікі Беларусь пры Апостальскім Пасадзе і Квірынале, дырэктары музеяў Ватыкана і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, браты і сёстры, шаноўнае панства!

Сёння, у Юбілейны Год Божай Міласэрнaсці і Год культуры, які адзначaецца ў Беларусі, мы з’яўляемся ўдзельнікамі выключнай па сваёй значнасці і гістарычнай падзеі – адкрыцця выставы беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у музеях Ватыкана. Яшчэ ніколі ў гісторыі не было чагосьці падобнага.

 Мы доўга рыхтаваліся да гэтай падзеі. Гадоў прыкладна пяць-шэсць таму ідэя арганізацыі гэтай выставы нарадзілася падчас маёй сустрэчы з тагачасным намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргеем Алейнікам, сённяшнім паслом Беларусі пры Святым Пасадзе.

Неацэнную ролю ў арганізацыі выставы адыграў былы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Вялікая роля ў яе арганізацыі належыць дырэктарам Ватыканскіх музеяў і Нацыянальнага музея Беларусі, Міністэрству замежных спраў Беларусі і Міністэрству культуры, a таксама Праваслаўнай Царкве і Каталіцкаму Касцёлу.

Ужо той факт, што беларускія абразы ўпершыню выстаўляюцца ў сусветна вядомых музеях Ватыкана, гаворыць сам за сябе. Гэта прызнанне добрых канструктыўных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам. Гэта таксама сведчанне братэрскіх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Рэспублікі Беларусь. Яны могуць служыць прыкладам ажыццяўлення мары св. Яна Паўла ІІ аб тым, каб Еўропа дыхала двума лёгкімі – заходняга і ўсходняга хрысціянства.

Становішча на стыку двух светаў, праваслаўнага Усходу і лацінскага Захаду, вызначыла асаблівасці беларускай гісторыі і культуры, якія гралі важную ролю ў культурным узаемаабмене паміж Усходам і Захадам. Дзякуючы беларусам у Польшчы з’явілася фрэскі і абразы праваслаўнай традыцыі, а ў Расіі – новыя барокавыя формы жывапісу і храмавага ўбрання. Візантыйская першааснова старанна зберагалася ў беларускай іконе, аднак з цягам часу адбываліся значныя стылістычныя і сэнсавыя пераўтварэнні – доказ адкрытасці і ўспрымальнасці беларускай культуры. Засваенне ёю форм свецкай еўрапейскай культуры, перш за ўсё партрэту, натуральна ўспрынятага ў эпоху Рэнесансу беларускім грамадствам, адбілося на асаблівай «партрэтнай верагоднасці» беларускага абраза, гэтак жа як і глыбокія іканапісныя традыцыі Беларусі адбіліся ў самабытных рысах яе партрэтнага жывапісу.

У беларускім грамадстве, нягледзячы на гістарычныя і нават канфесійныя раздзяленні, пашана да абраза, перш за ўсё да абраза Божай Маці, з’яўлялася духоўнай падставай для з’яднання нацыі. Пад покрывам Прачыстай, пад абаронай Яе цудатворных абразоў шукаў і знаходзіў беларускі народ сваё збаўленне.

Выражаю надзею, што дадзеная выстава каталіцкага і праваслаўнага абраза Беларусі будзе спрыяць новай евангелізацыі сучаснага свету, які мае патрэбу ў вечнай праўдзе Евангелля.

Упэўнены, што выстава паслужыць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якія з’яўляюцца паплечнікамі ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама далейшаму развіццю канструктыўных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам.

Дзякуй за ўвагу.

Адноўлена 18.05.2016 21:12
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску
13.10 17:25Даклад а. Паўла Федаровіча MIC пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага
10.10 15:00Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыццё III Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Карытас» Беларусі
08.10 21:12Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Манака пасля зацвярджэння г. Мінска месцам правядзення Пленарнага пасяджэння ў 2017 г.
29.09 14:32Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці выстаўкі «Свет нябесны на зямлі. Сакральнае мастацтва Беларусі XVII-XXI стагоддзяў» у Мінску
26.08 14:54Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыцці навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч»