Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю

Мінская архікатэдра, 7 мая

ЧУЦЬ ГОЛАС ПАНА

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1.    Чацвёртая велікодная нядзеля з волі св. Яна Паўла II у Каталіцкім Касцёле адзначаецца як нядзеля малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Калі мы кажам пра пакліканне, то найперш павінны запытаць у сябе: ці чуем мы голас Хрыста які нас кліча.

Адных Ён кліча да святарства ці да кансэкраванага жыцця, іншых да сямейнага. Але кожнага Ён кліча быць сапраўднымі хрысціянамі, якія жывуць згодна з вучэннем Евангелля і Касцёла. Быць тымі, каго з Касцёлам яднае не столькі пасведчанне хросту, колькі хрысціянскае сведчанне.

2.    Чытанні, якія Касцёл прануе нашай увазе на сённяшні дзень, нагадваюць пра пастыра і авечак, якія яго ведаюць і слухаюць. Хрыстус вельмі часта выкарыстоўваў прыклады са штодзённага жыцця Святой Зямлі, дзе вобраз пастыра і статка авечак быў знаёмы ўсім.

У гэты вобраз Езус укладае новае духоўнае значэнне: Ён называе сябе добрым пастырам, а нас, людзей, — авечкамі. Як добры пастыр Ён па прыкладу пастыра авечак, клапоціцца пра нас, каб мы духоўна не загінулі, бо так многа духоўных ваўкоў вакол, якія толькі і хочуць пазбавіць нас духоўнага жыцця.

3.    Каб так сталася, мы павінны Яго ведаць і слухаць. І тут акурат распачынаюцца складаныя праблемы, асабліва ў наш час. У сучасным свеце вельмі многа розных галасоў, якія заклікаюць нас ісці за імі. Што мы найчасцей чуем па радыё, чытаем у інтэрнэце, бачым на экранах тэлевізараў ці рэкламных шчытах? Ці заўсёды гэтыя заклікі маральныя?

Амерыканская прыказка кажа: сабака сабаку не есць. Гэта шлях секулярнага свету, які шукае толькі выгаду. Як часта чалавек робіць кар’еру любым коштам, нават «ідучы па касцях» іншых людзей.

Гэтыя галасы кажуць нам, што і мы можам паступаць так, як паступаюць іншыя. Яны кажуць, што сёння іншыя часы, не сярэднявечча: усе так жывуць, усе п’юць, прымаюць наркотыкі, зласловяць, ашукваюць і г.д. Чаму ж ты павінен адрознівацца ад іншых? Такія галасы спакушаюць нас і вядуць да духоўнага самазнішчэння. Гэтыя галасы не ад Езуса, але вельмі часта ад злога духа.

Гэта голас зла, які кажа нам не ўставаць з духоўнага балота, каб мы там і заставаліся. Часам гэта голас наркаманіі, якая падымае галаву, калі менш за ўсё чакаеш. У выніку дзяўчына ці хлопец, якія пазбягалі парнаграфіі, наркотыкаў або алкаголю, нечакана падаюць і падаюць вельмі балюча. Нешта ўнутры кажа: «Паддайся». Але ў той жа час голас Пана кажа: «Не! Мы можам перамагчы гэта разам. Не здавайся! Уставай».

На жаль, многія паддаюцца на галасы сучаснага амаральнага свету. Рэклама курава, алкаголю, казіно, карупцыя і г.д. абяцаюць шчасце, але на самой справе нясуць няшчасце і расчараванне.

4.    Сярод гэтых, вельмі часта крыклівых і надакучлівых галасоў Касцёл абвяшчае голас Езуса, якім з’яўляецца Яго Евангелле, якое ніколі не змяняецца. Існуе таксама голас нашага сумлення, які кажа нам, што з намі нешта не так. Ці чуем мы яго? Ці не страцілі мы слых у гомане сучаснага свету?

Нездарма св. апостал Павел кажа, што ўсё магчыма ў Хрысце, які нас падтрымлівае. Гэты голас сцвярджае, што мы не слабыя, мы можам жыць сапраўдным хрысціянскім жыццём. Ён заклікае даверыцца Езусу, які кліча нас да новага жыцця, да новых адносін з Ім, да святасці.

Езус як добры пастыр кажа, што Ён ведае сваіх авечак і яны ведаюць Яго. Мы, як Яго авечкі, у сакрамэнце хросту былі ўключаны ў Яго. Гэта азначае, што ў Ім мы сталіся адно. Калі мы будзем заставацца ў такім стане, то ніхто і нішто не зможа нас перамагчы, бо мы належым да Бога, а Бог належыць да нас. У гэтым крыецца таямніца радасці Евангелля.

5.    Мы ўсе пакліканы да сапраўднага хрысціянскага жыцця, якое павінна быць пацверджана нашым хрысціянскім сведчаннем. Аднак некаторыя з нас пакліканы да спецыяльнага задання ў Касцёле, да спецыяльнай місіі ў святарскім або законным стане.

Касцёл не зможа выканаць сваёй місіі, быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення без святароў. Яны пакліканы выконваць у Касцёле трайную функцыю — абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і ў служэнні людзям, будаваць хрысціянскую супольнасць.  

Ніхто і нішто не можа замяніць святара ў выкананні гэтых функцый. Але святары не прылятаюць з космаса. Іх кліча сам Хрыстус, падобна як з простых галілейскіх рыбакоў Ён паклікаў апосталаў. Ён ідзе па вуліцах нашых гарадоў і вёсак і паўтарае свой заклік: «Ідзі за Мною, а Я ўчыню Цябе лаўцом душаў людскіх».

Ці чуе гэты голас сучасны малады чалавек? А калі і чуе, то ці адказвае на яго? Ці стараемся мы як парафіяльная супольнасць і сям’я дапамагчы яму пачуць гэты голас і адказаць на яго? Езус кліча і чакае наш адказ.  

З мэтай дапамагчы маладому чалавеку пачуць гэты голас і адказаць на яго ў Касцёле існуе Дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Кожны першы чацвер мы таксама молімся ў гэтай інтэнцыі.

Святы Айцец Францішак у сёлетнім пасланні на Дзень малітваў аб пакліканнях канцэнтруе сваю ўвагу на місійным вымярэнні паклікання. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус паслаў апосталаў з місіяй абвяшчаць Яго Евангелле па ўсёй зямлі. Без гэтага мы таксама б не пазналі Божага слова. Але яшчэ так многа людзей яго не ведае. А колькі тых, хто забыў яго? Колькі тых, хто спрабуе змяніць яго, асабліва ў наш час. Таму сучасны свет патрабуе місіянераў, патрабуе іх і Беларусь.

Няхай жа, дарагія браты і сёстры, ніколі не змоўкне наша малітва аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, а Марыя — Маці святароў — няхай выпрасіць у свайго Сына новыя пакліканні, каб у нас заўсёды было дастаткова тых, хто вядзе нас шляхам збаўлення. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю