Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Пальмовую нядзелю, Год А

Мінская архікатэдра, 9 красавіка

ЯГО ЦЯРПЕННЯМІ МЫ ЗБАЎЛЕНЫ

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае ўрачысты ўваход Езуса ў Ерузалем, так званую Пальмовую нядзелю. Евангелле перад працэсіяй з пальмамі распавядае як натоўпы людзей віталі Езуса як свайго Караля. Людзі з пальмавымі галінкамі, як сімваламі перамогі, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».

Мука Езуса Хрыста, якую мы пачулі падчас Імшы, распавядае пра штосьці кардынальна іншае — пра цярпенні і крыжовую смерць Збаўцы. У гэтым аповедзе мы бачым тых самых людзей, якія толькі некалькі дзён таму ўзнёсла віталі Езуса, а цяпер жадаюць Яго смерці.

Хто мог падумаць, што людзі, якія з энтузіязмам віталі Езуса ў брамах Ерузалема, па прашэсці некалькі дзён адвернуцца ад Яго, будуць патрабаваць у Пілата ўкрыжаваць Яго і выпусціць на волю злачынца Барабу? Хто мог гэта прадбачыць?

2. Літургія Пальмовай нядзелі паказвае, што энтузіязм людзей пры ўваходзе Езуса ў Ерузалем не быў сапраўдны, ён быў штучны. Лёгка было быць часткай натоўпу, які вітаў Езуса, каб потым таксама з лёгкасцю стаць часткай натоўпу, які патрабаваў Яго смерці.

Няшмат змянілася з той пары. І сёння лёгка быць часткаю натоўпу, які прымае ўдзел у хросце дзяцей, у Першай св. Камуніі, у сакрамэнце канфірмацыі, сужэнства ці ў пахаванні. Але як шмат з гэтага натоўпу тых, хто рэгулярна ходзіць да касцёла, каб спаткацца з Езусам?

Сапраўды, не складана быць часткай натоўпу. Але як цяжка быць пад крыжам. Натоўп не пайшоў да крыжа Езуса, пакінуў Яго сам-насам са сваімі цярпеннямі. Для натоўпу гэта было зацяжка. Толькі Марыя, апостал Ян і некалькі жанчын пайшлі за Езусам да крыжа.

Гэта тая праўда, якой нас вучыць Пальмовая нядзеля, і гэта праўда, якая паўтараецца і будзе паўтарацца да канца часоў, бо мы, ведаючы, што такое дабро, у той жа час чынім зло.

3. Возьмем апостала Пятра. Калі Езус непасрэдна перад сваім арыштам распавядаў апосталам пра тое, што яны зняверацца ў Ім, то Пётр запярэчыў гэтаму. Аднак па прашэсці некалькіх гадзін, ён адрокся ад Езуса, кажучы, што не ведае Яго. Як хутка ён змяніўся, бо змяніліся абставіны, і ён сам апынуўся ў небяспецы.

Падобна паступаем і мы. У касцёле абяцаем вернасць Хрысту. Але калі прыходзяць выпрабаванні і спакусы, што мы робім? Адракаемся ад Езуса, як адрокся Пётр, ці ідзём пад крыж, як Марыя, Ян і пабожныя жанчыны?

Калі Пётр пачуў спеў пеўня, то зразумеў свой грэх і пакутаваў за яго. На жаль, сучасны свет так прасякнуты грахом, што не чуе голасу сумлення.

4. Напэўна, многія памятаюць фільм Мэла Гібсана «Пакуты Хрыстовы». Яго немагчыма глядзець без унутраных перажыванняў. Адзін чалавек спытаў маладога юнака ці можна глядзець гэты фільм без узрушэння. Юнак адказаў, што так можа ўчыніць толькі сатана.

Апісанне Мукі Хрыста узрушвае нас, бо мы з’яўляемся яе прычынай. Не толькі першасвятар, не толькі Пілат, не толькі рымскія жаўнеры былі тымі, хто асудзіў Езуса на крыжовую смерць і выканаў прысуд. Прычынай цярпенняў Езуса былі грахі ўсяго чалавецтва, у тым ліку і нашыя. Тут няма ні мінулага, ні цяперашняга, ні будучага. Калі мы грашым, то крыжуем Езуса, прыбіваем Яго святое Цела да дрэва крыжа.

5. Літургія Пальмовай нядзелі заклікае нас да пераасэнсавання нашага жыцця і навяртання, каб дзякуючы бязмежнай міласэрнасці Езуса мы маглі вярнуцца да Яго і залячыць нашы духоўныя раны.

Натоўп адвярнуўся ад Езуса. У выніку гэтага габрэйскі народ усё яшчэ чакае Месію. Пётр таксама адвярнуўся ад Езуса, але калі зразумеў саю памылку, то вярнуўся да Яго, і сёння мы яго праслаўляем як святога. Ён скала, на якой Хрыстус будуе свой Касцёл.

А кім мы з’яўляемся? Ці чуем голас нашага сумлення?

Адкажам на гэтыя і падобныя пытанні, будзем наследаваць прыклад Пятра і вернемся да Езуса, які праз свой крыж і цярпенні збавіў свет. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі
13.05 22:50Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы адведзін фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі ў Вілейцы
13.05 13:20Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць надання касцёлу Маці Божай Фацімскай у Баранавічах тытула санктуарыя
13.05 13:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Жодзіне з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
11.05 15:50Гамілія падчас св. Імшы наведвання фігуры Божай Маці Фацімскай парафіі Cв. Юзафа ў Маладзечне
11.05 11:41Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай
07.05 14:12Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю