Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча пачас св. Імшы ў вігілію Новага 2017 года

Мінская архікатэдра, 31 снежня 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Ужо зусім хутка гадзіннік на мінскай ратушы, бой якога мы добра чуем у нашай катэдры, абвесціць, што Год Пана 2016 стаў здабыткам гісторыі і распачаўся Новы — 2017.

У апошні вечар адыходзячага каляндарнага года мы традыцыйна збіраемся ў нашай катэдры, каб падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі ў гэтым годзе, перапрасіць за недахопы і не да канца выкарыстаныя магчымасці, якія дае нам Божы Провід; прасіць благаслаўлення на новы этап нашага жыцця.

2. Найперш мы павінны дзякаваць Богу. І ёсць за што! Коратка ўспомнім галоўныя падзеі 2016 года, які завяршаецца.

Перадусім — гэта быў час Надзвычайнга Юбілею Божай Міласэрнасці з магчымасцю кожны дзень атрымаць поўны адпуст у юбілейных святынях. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі такімі святынямі былі мінская катэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, магілёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава і будслаўская святыня Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Юбілейны Год быў напоўнены многімі Юбілеямі з мэтай ажывіць дзейнасць розных напрамкаў душпастырства.    

Адыходзячы год быў таксама годам святкавання сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Галоўныя Юбілейныя ўрачыстасці, якія прайшлі ў Будславе 1–2 ліпеня, былі ўзбагачаны прысутнасцю спецыяльнага пасланніка папы Францішка кардынала Крыстафа Шонбарна.

Мы стараліся ўсвядоміць сабе значэнне адраджэння іерархічных касцёльных структур, які стаў магчымым дзякуючы своечасоваму рашэнню св. Яна Паўла II у далёкім ужо 1991 г., з мэтай адраджэння і ўмацавання веры ў нашай краіне. Атрыманая тады свабода веравызнання стала вялікім, нават неспадзяваным дарам нашаму народу, які мужна перанёс ганенні за веру на працягу трох пакаленняў. Мы дзякавалі за гэты дар і прасілі благаслаўлення на будучыню, якая не бясхмарная, бо сучасны свет ізноў перажывае пераслед хрысціянства і адыход ад веры ў выніку нарастаючых працэсаў секулярызацыі.

У адыходзячым годзе мы таксама перажывалі XXXI Сусветны Дзень Моладзі, які праходзіў у Кракаве. Гэта была сапраўдная маніфестацыя веры маладых людзей у прыцемках яе крызісу. Пяць тысяч маладых людзей з Беларусі разам з двума мільёнамі ўдзельнікаў гэтага моладзевага форуму ўслухоўваліся ў голас Пятра нашага часу, папы Францішка, і маліліся разам з ім, каб умацаваць сваю веру і быць яе сведкамі, асабліва праз учынкі міласэрнасці.

У 2016 годзе мы распачалі падрыхтоўку да святкавання Юбілею 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў, які будзем адзначаць у надыходзячым новым годзе. У праграме падрыхтоўкі да гэтага Юбілею асаблівае месца займае Фацімская навэнна і перэгрынацыя па нашых парафіях фігуры Маці Божай Фацімскай, якая была асвячона на месцы аб’яўленняў у Фаціме.

Дзякуем табе, Божа, за ўсе твае ласкі і дабрадзействы!

3. На заканчэнне 2016 года мы таксама павінны зрабіць рахунак сумлення. Ці заўсёды мы былі верныя вучэнню Евангелля і ці належным чынам выкарысталі прадстаўленыя нам Божым Провідам магчымасці ўмацавання нашай веры і яе сведчання ў сучасным свеце?

Калі пакладзём руку на сэрца, то, напэўна, убачым нямала занядбанняў і нявыкарыстаных магчымасцяў для нашага духоўнага ўдасканальвання, асабліва ў спазнанні Божай міласэрнасці і нясенні яе іншым людзям, каб паспрыяць іх навяртанню да Бога.

Просім прабачэння ў Цябе, Божа, за ўсялякае зло, якое ўчынілі, за нявернасць нашаму хрысціянскаму пакліканню і адсутнасць сведчання, а таксама за нявыкарыстаныя магчымасці!

4. І нарэшце, сённяшняе набажэнства — гэта вельмі добрая нагода прасіць у Бога благаслаўлення на будучыню. Мы хочам жыць шчасліва. Гэта натуральна і зразумела. Аднак ці заўсёды мы разумеем, у чым праўдзівае шчасце? Нярэдка пад ім мы разумеем уладу, багацце, задавальненні і г.д. Пры гэтым мы часта забываем, што ўсё гэта мінае, як мінае дым ці туман.

У новым годзе Бог дае нам новыя магчымасці. Нам неабходна мудра іх выкарыстоўваць. Нельга дапусціць, каб мы захапіліся справамі, якія разыходзяцца з Божым законам. Яны не будуць працягвацца доўга і закончацца падобна таму, як згасаюць навагоднія феерверкі. У сённяшнюю ноч іх будзе выпушчана ў неба тысячы. Мы цешымся і захапляемся іх каляровымі агнямі. Але адначасова ведаем, што гэтае захапленне мінае вельмі хутка, бо феерверкі гаснуць. Таму нам неабходна так выкарыстоўваць час, каб ён прыносіў трывалую, а не часовую радасць.

У новым перыядзе нашага жыцця нам таксама неабходна разважаць аб місіі, якую Бог дае нам. Нам неабходна больш увагі звяртаць на голас Пана, які няпроста распазнаць у сучасным свеце. Таму мы павінны браць прыклад з Марыі, якая была здольнай распазнаць давераную ёй Богам місію.

5. Новы год, які распачынаецца сёння паводле ўсходняга календара, — гэта год чырвонага вогненнага пеўня. Многія засяроджваюцца над прадказаннямі гараскопаў і імкнуцца адгадаць сваю будучыню.

Мы як хрысціяне не павінны ісці такім шляхам. Наша будучыня ў жыцці — паводле Евангелля. Не певень павінен нас разбудзіць ад летаргіі грахоўнага сну, а голас Хрыста з Яго Евангелля.

6. Першы дзень новага года прысвечаны Марыі Багародзіцы. Праз гэта Касцёл хоча звярнуць нашую ўвагу на тое, каб мы, беручы з яе прыклад, распазнавалі Божую волю і заўсёды яе выконвалі.

Марыя, у час, калі мы перакрочваем парог паміж старым і новым годам, выпрасі нам у свайго Сына, нараджэнне якога святкуем, благаслаўленне на Новы 2017 год, год Юбілею 100-годдзя тваіх аб’яўленняў у Фаціме, каб ён стаў паводле твайго закліку часам малітвы і навяртання, так неабходных для будавання цывілізацыі жыцця, любові і міру. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.02 10:43Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2017
26.02 13:41Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А
20.02 08:58Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А
12.02 13:50Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А
01.02 13:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця
30.01 12:42Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску
29.01 21:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня
19.01 11:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску
08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў