Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для сем’яў ва ўрачыстасць Святой Сям’і

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!


1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа. Звычайна гэтае свята прыпадае на першую нядзелю пасля Божага Нараджэння. Аднак у сувязі з тым, што сёлета ў першую нядзелю пасля Раства Хрыстовага Новы Год, то яно перанесена на сённяшні дзень — 30 снежня.

Ушаноўваючы Святую Сям’ю адразу пасля ўрачыстасці Божага Нараджэння, Касцёл хоча звярнуць нашу ўвагу на значэнне сям’і — як у гісторыі збаўлення (бо ў сям’і Збаўца прыйшоў у гэты свет), так і ў гісторыі кожнага з нас і кожнага грамадства. Сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай грамадства і ад таго, якой яна будзе, залежыць, якім будзе грамадства.

2. Сёння мы канцэнтруем нашу ўвагу на Святой Сям’і. Гэта, аднак, не азначае, што гэта сям’я, якую мы называем святой, не мела праблем. Дзе ёсць людзі, там і праблемы. Нездарма кажуць: няма чалавека, няма і праблемы. Падобна як кожная сям’я мае свае праблемы і павінна несці крыж свайго жыцця, таксама было і ў выпадку са Святой Сям’ёй. Пра гэта нам вельмі добра нагадвае Святое Пісанне.

Можам сабе толькі ўявіць, аб чым думаў Юзаф, калі даведаўся, што Марыя цяжарная. Толькі пасля тлумачэнняў анёла ён зразумеў, што яго нарачоная зачала ад Духа Святога і з яе народзіцца Збаўца свету. А якія цяжкасці павінны былі перажываць Марыя з Юзафам, калі не было ім месца ў заездзе, дзе Марыя магла б нарадзіць Збаўцу...

А як цяжка ім было, калі трэба было ўцякаць у Егіпет ад забойчай рукі цара Ірада. Яны тады былі падобнымі да мігрантаў з Афрыкі, якія цяпер уцякаюць у Еўропу. Якую трагедыю Марыя з Юзафам перажывалі, калі 12- гадовы Езус згубіўся ў Ерузалемскай святыні і яны тры дні яго шукалі?..

Публічная дзейнасць Езуса была звязана з многімі цяжкасцямі, якія павінна была перажываць таксама і Марыя.

У Ерузалемскай святыні старац Сімяон прыгадаў ёй, што яе сэрца праб’е меч. Нам цяжка сабе нават уявіць, як жыхары роднага Назарэта маглі выкінуць Езуса з горада, што стала вельмі прыкрым перажываннем для Святой Сям’і.

А як цяжка было перажыць абвінавачванні ў тым, што Езус прымаў грэшнікаў, мытнікаў, п’яніц і г.д. Габрэйская ўлада таксама выказвала вялікае незадаволенне Езусам, што адбівалася болем як у Яго сэрцы, так і ў сэрцы Марыі. Самым цяжкім момантам для Марыі былі цярпенні яе Сына і Яго смерць на крыжы.

3. Што трымала Святую Сям’ю разам, нягледзячы на гэтыя і падобныя ім цяжкасці? Адказ вельмі просты: любоў да Бога і адно да аднаго.

Гэта прыклад для сучасных сем’яў. На праблему ўзаемнай любові сужэнцаў і дзяцей звяртае вялікую ўвагу папа Францішак у сваёй Апостальскай адгартацыі пра сям’ю «Радасць любові», кажучы, што ўзаемная любоў разам з прабачэннем з’яўляецца ўмовай для таго, каб сучасныя сем’і былі моцнымі.

Любоў павінна перамагчы, нават калі на некаторы час у сям’і здараюцца непаразуменні. Калі патрэбна захаваць дысцыпліну і гэта дасягаецца не любоўю, а нейкім іншым шляхам, то гэта свайго роду злоўжыванне.

Калі ў нашых сем’ях з’яўляюцца праблемы, то гэта адбываецца перадусім з-за адсутнасці любові з аднаго або іншага боку. І кожны раз, калі нашы сем'і шчаслівыя, у іх пануе дух любові і ўзаемапрабачэння.

 

4. Наступным балючым месцам сучаснай сям’і з’яўляецца тое, што яе члены не знаходзяць часу, каб быць разам. Мы так заняты працай, сацыялізацыяй, інтэрнэтам або аглядам тэлеперадач, што ўсё менш маем часу для саміх сябе. А шкада.

Ёсць прыгожая і павучальная гісторыя пра аднаго маладога адваката, які жыў далёка ад бацькоўскага дому і вельмі рэдка наведваў яго. Аднойчы бацька пратэлефанаваў яму і спытаўся, калі ён зможа іх адведаць. Сын адказаў, што ўвесь яго час распісаны не толькі па гадзінах, але нават па хвілінах. Трэба ісці на працу, займацца спортам, даследаваннямі, прысутнічаць на розных сустрэчах і г.д.

Тады бацька спытаў, ці знойдзе яго сын час, каб прыехаць на яго пахаванне, калі ён памрэ? На што сын адказаў: ну, канешне, тата, я прыеду. Бацька папрасіў: «Добра, забудзься пра пахаванне і прыязджай як мага хутчэй. Ты мне патрэбны зараз больш чым на пахаванні».

5. Сапраўды, адна з найбольшых праблем сучаснай сям’і — гэта недахоп часу для самых блізкіх. Прабываючы разам, мы паказваем, што любім. А калі так ёсць насамрэч, мы гатовы ўсім ахвяроўваць у імя шчасця сям’і. Падобна таму, як Святая Сям’я перамагла ўсе крызісы дзякуючы ўзаемнай любові і веры ў Бога, таксама павінны рабіць і мы.

Няхай нованароджаны Збаўца свету, які прыходзіць да нас у Эўхарыстыі, Святым Пісанні і іншай дзейнасці Касцёла, дапаможа перамагчы ўсе цяжкасці, а Святая Сям’я абараняе нашы сем’і, каб яны былі хатнімі Касцёламі, аазісамі любові, месцам нараджэння новага жыцця і выхавання маладога пакалення на хрысціянскіх прынцыпах. Амэн.

Чырвоны касцёл, 30 снежня 2016 г.

Адноўлена 03.01.2017 14:45
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

27.02 10:43Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2017
26.02 13:41Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А
20.02 08:58Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Звычайную нядзелю, Год А
12.02 13:50Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А
01.02 13:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў Дзень кансэкраванага жыцця
30.01 12:42Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску
29.01 21:11Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў мінскай парафіі ў Сухараве 29 студзеня
19.01 11:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску
08.01 16:05Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплаткавай св. Імшы для дзяцей
08.01 12:39Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Хрост Пана падчас аплаткавай св. Імшы для чыгуначнікаў