Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на Імшы для міністрантаў Пінскай дыяцэзіі

Капліца семінарыі ў Пінску, 19 ліпеня 2016 г.

Дарагія міністранты, сардэчна вітаю вас падчас летніх канікул. Вітаю вас як слугаў Хрыста. Вы найбліжэй да алтара — гэта значыць да Хрыста, бо алтар Яго прадстаўляе і сімвалізуе. Таму святар цалуе алтар на пачатку святой Імшы, што з’яўляецца выразам любові і пашаны да Збаўцы чалавека.

Па-мірску ваша служэнне незвычайнае, бо бярэ свой пачатак у Бібліі. Успомнім цуд памнажэння хлябоў. Евангеліст апавядае, што там быў хлопец, які меў пяць хлябоў і дзве рыбы. І з іх Езус учыніў цуд: накарміў натоўп галодных людзей. Тады быў патрэбны той хлопец, каб стаўся цуд памнажэння ежы для галодных. Сёння таксама патрэбны хлопцы, якія прыносяць да алтара хлеб, каб Хрыстус перамяніў яго ў сваё Цела і накарміў народ духоўным спажыткам — Найсвяцейшым Сакрамэнтам свайго Цела і Крыві.

Успомнім пра апосталаў, якія падрыхтавалі Апошнюю Вячэру і адначасова першую святую Імшу, якую цэлебраваў сам Езус у Вячэрніку напярэдадні сваёй Мукі. Тых вучняў можам назваць першымі міністрантамі, якія мелі гонар падрыхтаваць да першай у гісторыі свету святой Імшы.

Міністрант — гэта не прафесія. Быць міністрантам — гэта пакліканне. Мы ведаем з Бібліі, што Бог глядзіць у душы людзей: дарослых, дзяцей, моладзі. І знаходзіць сэрцы, якія Яму падабаюцца, каб запрасіць іх блізка да Сябе, да асаблівага служэння.

А што гэта за пасада — «міністрант»? Якая яна? Кіраўнічая, творчая, адказная? Быць міністрантам — значыць служыць. Можа, гэтае слова не надта ўспрымаецца сёння, але яно паходзіць ад лацінскага слова «міністр». Сапраўды, міністр — найвышэйшыя пасады ў дзяржаве, гэта значыць слуга. У свеце здараецца, што міністры аб гэтым забываюцца і хочуць, каб ім служылі. Але гэта не павінна здарыцца з вамі. Міністрант — слуга, і аб гэтым нельга забывацца. І ваша годнасць вынікае з таго, каму служыце. І таму перад Імшой молімся, каб засяродзіцца на гэтай думцы: «Каму служу?»

Варта ўсвядоміць тое, што вы служыце Хрысту, які пад постаццю хлеба і віна прыходзіць на алтар падчас святой Імшы.У свеце няма больш святой, важнай і дастойнай рэчы, чым Эўхарыстыя. Нашым розумам гэта цяжка зразумець, таму святар прамаўляе словы: «Гэта вялікая таямніца веры». Мы не ведаем, як гэты цуд адбываецца, але верым Езусу Хрысту, які нас запэўнівае: «Я з вамі праз усе дні да скачэння свету».

Ён з намі і падчас гэтай святой Імшы, якую цэлебрую з вамі і малюся асаблівым чынам за вас, вашых бацькоў, родных, настаўнікаў і апекуноў. У касцёле ёсць месца для ўсіх жадаючых: для святароў і службы алтара — прэзбітэрый, навы — галоўная і бакавыя — для вернікаў, хоры — для спевакоў, крухта, бабінец — для выпадковых асобаў, якія яшчэ не ведаюць правіл паводзін у касцёле. Ад іншых удзельнікаў Імшы міністранты адрозніваюцца адзеннем. Комжа нагадвае белае адзенне, якое атрымлівае новаахрышчаны. Глыбокі сэнс белай комжы тлумачаць словы св. апостала Паўла: «Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся» (Гал 3, 27).

У касцёл мы прыходзім звычайна у святочнай вопратцы. Захоўваем памятку нашага хросту: тое белае адзенне, якое атрымалі падчас хросту. Вы хоць і выраслі з хроснага адзення, аднак маеце міністранцкую форму. І гэтая форма збліжае вас да біскупа, святара, дыякана. Міністрант мае прывілей быць блізка да духоўных асобаў падчас літургіі. Усе ў касцёле бачаць вас і радуюцца, што ёсць міністранты.

У жыцці кожны чалавек мае сяброў: цешыцца імі, ім давярае. Па сябрах многіх можна ахарактарызаваць: кім з’яўляецца дадзеная асоба. Вы пакліканы быць маладымі прыяцелямі Хрыста. Старайцеся паглыбляць  і ўзмацняць такое сяброўства з Ім. Тады зразумееце, што Хрыстус — найлепшы сябар на ўсё жыццё.

Сярод міністрантаў важную ролю падчас літургіі маюць лектары. Лектары апранаюць на святую Імшы комжу, якая іх адрознівае. Але найважнейшая форма, якая вас вылучае, — не вонкавая, але чысціня душы. Найважнейшае для міністранта — стан чысціні душы, без цяжкага граху. Калі ты служыш на Імшы, то павінен імкнуцца да таго, каб у цябе было чыстае сэрца, каб мог прыняць святую Камунію. Калі апранаеш белую комжу або альбу, то памятай аб чысціні сваёй душы, аб тым, што Хрыстус павінен жыць у табе. Бо інакш белая комжа будзе хлуснёй, будзе адваротнай таму, што робіцца ў тваёй душы. Святы Дамінік Савіо, апякун міністрантаў, у 8-гадовым узросце запісаў: «Буду часта спавядацца і прымаць святую Камунію; маімі сябрамі будуць Езус і Марыя; смерць можа быць, але грэх — не». І яшчэ ён напісаў, што святасць у зямным жыцці засноўваецца на тым, каб быць заўсёды радасным і пільна выконваць свае абавязкі.

Многія святыя і благаслаўлёныя былі міністрантамі. Яны з’яўляюцца вашымі апекунамі. Кожны з іх дасягнуў святасці, бо быў працавітым, сумленным, руплівым, ахвотным да малітвы і штодзённа наследаваў Хрыста. Многія з іх аддалі сваё жыццё за Хрыста, як Яго сапраўдныя рыцары. У гэтым годзе мы адзначаем пятую гадавіну смерці святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, 25-ю гадавіну смерці кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага з мядзведзіцкай парафіі, 30-ю гадавіну смерці кс. Ежы Росяка з Паланэчкі. Гэта руплівыя пастыры, якім наша дыяцэзіяльная супольнасць удзячна за захаванне веры. Яны, напэўна, калісьці былі міністрантамі, а потым ахвярна і ўзорна служылі вернікам як святары, прайшоўшы падрыхтоўку тут, у семінарыі. Яны маліліся і ў гэтай капліцы.

І вось яшчэ прыклад з Мексікі. У ХХ стагоддзі пры прэзідэнце Калесу распачаўся жудасны пераслед Касцёла. Прэзідэнт забараніў удзел у святой Імшы жыхарам краіны. Вернікі збіраліся на Імшу ў падвалах і таемных месцах. Аднойчы паліцыя затрымала міністранта, які ішоў служыць на Імшу. Малога хлопца білі і катавалі. Затым прыбілі цвікамі да сцяны, як Хрыста, і потым застрэлілі. Перад смерцю малы мучанік выкрыкнуў: «Валадар нам, Хрысце!»

Ад вас Езус не будзе патрабаваць такой вялікай ахвяры. Але Ён хоча, каб вы штодзённа прызнавалі Яго сваім Панам, каб сваімі паводзінамі сведчылі аб Ім.

Званок, патэна, харугва, лекцыянарый, Імшал, келіх, манстранцыя — гэта начынні і рэчы, да якіх дакранаецца міністрант. Часта ён трымае ў руках свечку. Пан Езус у Нагорным казанні сказаў: «Вы святло свету» (Мц 5, 14). А ваша святло не можа абмяжоўвацца толькі касцёлам. Святыняй Бога з’яўляецца ўвесь свет, таму ваша святло павінна выпраменьвацца кожны дзень: у школе, у сям’і, усюды, нават тады, калі карыстаецеся мабільным тэлефонам, камп’ютарам, інтэрнэтам. Міністрант не можа згубіцца ў інтэрнэце, заблытацца ў ім так, што не можа адтуль выйсці, бо ён з’яўляецца ўдзельнікам іншай лоўлі і павінен дапамагаць Езусу пры іншых сетках.

Вашыя сябры і знаёмыя вас ацэнваюць як тых, на якіх Езус мае асаблівае ўздзеянне. Таму спадзяюцца, што вашыя паводзіны будуць заўсёды згодныя з Божай воляй, а гэта — жыццё па Божых запаведзях.

У міністранта ёсць 10 запаведзяў. Міністрант любіць Бога і на Яго хвалу ўзорна выконвае свае абавязкі. — Міністрант служыць Хрысту у людзях. — Міністрант перамагае свае недасканаласці і працуе над сваім характарам. — Міністрант развівае ў сабе Божае жыццё. — Міністрант пазнае літургію і ёю жыве. — Міністрант — носьбіт радасці. — Міністрант адчувае Бога ў прыродзе. — Міністрант шукае сяброў у працы і накіроўвае іх да Хрыста. — Міністрант пільны ў навуцы і працы. — Міністрант моліцца за Айчыну і служыць ёй сумленнай працай.

Кіруйцеся гэтымі прынцыпамі, і яны дапамогуць вам быць заўсёды высакароднымі і патрэбнымі людзьмі, незалежна ад прафесіі, якую будзеце мець у будучыні, і ад паклікання, якое пасеяў Бог у вашым сэрцы.

Калі б хтосьці з вас адкрыў пакліканне да святарства, а Езус сказаў: «Пайдзі за Мною», — не бойцеся пайсці за голасам Хрыста. Ён вам пакажа сапраўдную дарогу. Ён вас павядзе. Бо Езусу патрэбны маладыя высакародныя людзі, якія безумоўна даверацца ў распараджэнне таму, што хочуць, каб Евангелле абвяшчалася па ўсёй зямлі. А гэта ў многім адбываецца дзякуючы працы святароў таксама з нашай, Пінскай дыяцэзіі. І многія з вас ім дапамагаюць. За гэта вам шчыра дзякую.

Жадаю вам штодзённа адкрываць хараство служэння, якое выконваеце. Ганарыцеся гэтым і даражыце і выконвайце сумленна абавязкі, шчыра, з сэрцам, адданым Богу. А лектарам жадаю, каб прачытаныя вамі на літургіі словы не ўпалі паміж пустазелля ці на скалу, але каб падалі на ўраджайную глебу чалавечых сэрцаў.

Памятайце, што даяце Богу свой голас і свае вусны. Кожны, хто выходзіць на амбону, каб прачытаць, павінен усвядоміць, што абвяшчае Божае слова, якое найперш сам павінен зразумець. Таму лектар павінен падрыхтавацца, каб прачытаць. І лектар павінен быць апосталам прыгожага, добрага, чыстага слова. Не можа быць у адных вуснах святасць Божага слова і вульгарнасць адначасова.

Цырымоніймайстрам жадаю глыбокага ўсведамлення прыгажосці літургіі, якая дапамагае нам адчуць Божую прысутнасць. Цырымоніймайстар клапоціцца, каб быў парадак, спакой і павага да літургіі.

Няхай словы спеву міністранта будуць заахвочваннем для вашага служэння пры алтары: «Мы — войска Хрыста, кіруй намі, наш Валадар». Ты сваіх міністрантаў бачыш пры сваім алтары. Твая малая армія на каленях перад Табою, абяцае Табе сёння рупліва і верна служыць.

Адноўлена 19.07.2016 14:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

17.04 09:08Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы
16.04 10:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы на радыё ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана
14.04 20:04Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікую пятніцу
14.04 15:31Гамілія Святога Айца Францішка падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане
14.04 10:00Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2017
13.04 22:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікі чацвер падчас св. Імшы Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры
13.04 15:35Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер
12.04 20:14Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Вялікую сераду ў парафіі Св. Роха ў Мінску
10.04 11:16Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Пальмовую нядзелю ў Мінску
10.04 10:56Казанне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас Велікапоснага чування моладзі ў Мінску