Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас аплатковай сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля» і ўсімі катэхетамі архідыяцэзіі

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 19 снежня 2015 г.

 

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, студэнты каледжа, браты і сёстры!

1. Сённяшняе першае чытанне з Кнігі Суддзяў і Евангелле паводле Лукі вельмі падобныя. І адно, і другое распавядаюць пра дзве бяздзетныя старыя сужэнскія пары. І адно, і другое прадстаўляюць нябеснага пасланца, анёла, які аб’яўляе ім аб тым, што ў іх сем’ях народзяцца сыны. У абодвух выпадках анёл прамаўляе падчас малітвы. У абодвух выпадках ён нагадвае пра значэнне народжаных сыноў. Пратаганісты гэтых дзвюх біблійных гісторый таксама здзіўляюцца, як у іх могуць быць дзеці ў такіх старых гадах.

2. Першае чытанне распавядае пра нараджэнне Самсона, што будзе з пакалення назірэяў, якія не стрыгуць валос, не п’юць віна і вядуць суровы стыль  жыцця. Евангелле абвяшчае аб нараджэнні св. Яна Хрысціцеля – прадвесніка Збаўцы. Ён таксама будзе весці аскетычны стыль жыцця. Яны абодва – Самсон і Ян Хрысціцель – павінны будуць адыграць ключавую ролю ў падрыхтоўцы людзей да новага жыцця ў духоўнай свабодзе.

Значэнне імя Самсон – той, які служыць. Значэнне імя Ян – Бог міласцівы. Яны абодва выдатна рэалізавалі значэнне сваіх імён у іх жыцці.

Калі мы разважаем над сённяшнімі імшальнымі чытаннямі, то на розум прыходзяць тры наступныя думкі:

- нават калі сітуацыя здаецца немагчымай, то Бог чыніць вялікія справы;
- праз малітву мы прыходзім да разумення Божага плану;
- пры супрацоўніцтве з Богам усё, што мы чынім, можа быць добра не толькі для нас, але і для тых, каму Бог хоча, каб мы дапамагалі.

3. Аднак мы часта, падобна да Захарыі, сумняемся ў Божай моцы. Часам мы сумняемся, ці можа Бог увайсці ў наша жыццё. Мы не заўсёды давяраем Богу і калі чуем, што Ён можа змяніць нашае жыццё, то часта сумняемся, ці такое магчыма. Часам мы не дастаткова верым у Божую інтэрвенцыю ў нашым жыцці.

Нам нярэдка здаецца, што цуды адносяцца да мінулых часоў і што гэта перажытак сярэднявечча. А нават ведаючы, што Бог ніколі не спіць і заўсёды дзейнічае, мы не заўсёды дазваляем Яму дзейнічаць у нас саміх. Бог, як і ў мінулыя часы, хаця і дзейнічае містычным спосабам, тым не менш часта выкарыстоўвае нармальную жыццёвую сітуацыю, каб дакрануцца да нас сваёй ласкай.

І толькі тады, калі мы знойдзем час, каб паразважаць над нармальнымі сітуацыямі нашага жыцця, то ў кожнай з іх убачым руку Бога. Толькі тады, калі мы знойдзем час задумацца і памаліцца, мы распазнаем Божы план і тое, што Бог рэальна прысутнічае ў нашым жыцці. Часта мы заграмаджаем наша жыццё рознымі справамі і ў яго хаосе не заўважаем Бога.

У той жа час святы апостал Павел кажа, што таму, хто любіць Бога, усё спрыяе на добрае (пар. Рым 8, 28). Бог можа выкарыстаць звычайныя справы для таго, каб учыніць дабро. І калі падчас малітвы мы сканцэнтруемся на Божай актыўнасці, то ўбачым, што Ён дзейнічае для нашага дабра.

4. Ва ўсім гэтым працэсе важна тое, што, атрымаўшы Божае благаслаўленне і Яго дапамогу, мы не можам затрымацца на гэтым. Бог нас выкарыстоўвае, каб дзейнічаць далей і праз нас ісці да іншых людзей. Калі мы ўсведамляем прысутнасць Бога ў нас, то адначасова мы павінны ўсвядоміць неабходнасць Яго прысутнасці ў іншых.

Таму ад нас саміх залежыць, ці пазнае свет Бога і ці даверыцца Яму. Бо Бог дзейнічае праз іншых. Кожны з нас атрымаў ад Бога шматлікія дары, якія дазваляюць нам выканаць Божы план і дапамагчы іншым наблізіцца да Хрыста.

Менавіта таму сёння, калі мы набліжаемся да святаў Божага Нараджэння, мы павінны спытаць сябе: “Кім мы з’яўляемся?” Калі я буду Янам Хрысціцелем – асобай, якая абвяшчае Божую любоў, – то ў абставінах свайго жыцця і жыцця іншых павінен чакаць цуду Божай інтэрвенцыі, падобна таму, які адбыўся падчас Нараджэння Хрыста, калі Бог з чалавечым сэрцам і тварам увайшоў у наш свет. Калі я буду Самсонам, тым, які служыць, то прыкладам свайго жыцця павінен абвяшчаць, што Бог з намі і дзейнічае для нашага збаўлення.

5. Студэнты Тэалагічнага каледжа рыхтуюцца быць тымі, хто павінен будзе стаць у авангардзе барацьбы за прысутнасць Бога ў сучасным свеце і ў жыцці сучаснага чалавека. Веды і практыка духоўнага жыцця, якія вы атрымліваеце ў каледжы, не могуць быць закапаны, але павінны быць выкарыстаны.

Зусім нядаўна мы распачалі Юбілейны Год Божай Міласэрнасці. Папа Францішак заклікае нас памятаць аб учынках міласэрнасці адносна цела і душы чалавека. Колькі ў сучасным свеце бедных, абяздоленых, хворых, і ім трэба дапамагаць. А колькі духоўна бедных, тых, якім ніхто не абвяшчаў Божага слова і не вучыў праўдам веры! Ваша самае першае заданне – дапамагчы ім пазнаць Бога і праўду Евангелля, каб праўда Богаўцелаўлення ажыццявілася таксама і ў іх сэрцах.

6. Для гэтага задання трэба быць адпаведна падрыхтаванымі, не толькі інтэлектуальна, але і духоўна. У сувязі з гэтым мы павінны паставіць сабе пытанне: “Як часта я бачу дзеянне Бога ў маім жыцці? Ці задумваюся я аб сэнсе свайго жыцця і ці стараюся ўбачыць, як Бог дакранаецца да майго жыцця для майго дабра? Ці здольны я абвяшчаць Божую міласэрнасць іншым? Як я, выкарыстоўваючы атрыманыя ад Бога дары, служу іншым?”

На гэтыя і падобныя пытанні нам неабходна адказаць, каб быць сучаснымі Самсонамі і Янамі Хрысціцелямі, каб праз служэнне іншым несці ім Божую любоў.

Сын Божы стаўся чалавекам і жыў сярод нас, каб мы былі збаўлены Божай любоўю. Мы дзякуем Табе, Божа, за гэта і молімся, каб быў Богам з намі, найперш праз таямніцу Богаўцелаўлення і таксама праз прыклад нашага хрысціянскага жыцця. Дай нам ласку зразумець, што Ты дзейнічаеш дзеля нашага збаўлення, каб мы станавілі адно з Табой, Тваім Сынам і са Святым Духам і каб таямніца прыйсця Божага Сына ў гэты свет рэалізавалася ў жыцці кожнага чалавека. Амэн. 

Адноўлена 19.12.2015 12:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі