Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята паляўнічых

Івянец, 8 лістапада 2014 г.

У прыродзе бачыць Бога і Яго закон

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі ўжо традыцыйнага набажэнства для паляўнічых і леснікоў!

1. Сардэчна вітаю вас у гасцінным Івянцы, які знаходзіцца сярод лясоў, і сама прырода схіляе да падобнага свята. Тут асаблівым чынам душа чалавека ўзвышаецца, каб праслаўляць Бога за створаны Ім свет раслін і жывёл, свет, які Ён аддаў у валоданне чалавеку. Нас атачае прыгожая прырода, якая з’яўляецца нашым багаццем.

2. У створанай Богам прыродзе асаблівае месца займаюць лясы, азёры і рэкі. Кожны з нас глядзіць на іх са сваёй перспектывы. Для дзяцей яны звязаны з рознага роду таямніцамі, аб якіх мы памятам з баек. Для навукоўцаў яны з’яўляюцца складанай экалагічнай сістэмай, дзе адбываюцца не менш складаныя працэсы. Для многіх яны з’яўляюцца месцам працы, рэкрэацыі і адпачынку. Для паляўнічых і рыбакоў — месцам, дзе ажыццяўляецца іх хоббі.

Свядома звяртаю на гэта ўвагу, бо сёння, нас, любіцелей прыроды, збірае св. Губерт — духоўны апякун паляўнічых і леснікоў.

3. Калі мы знаходзімся ў лесе, на возеры ці на рацэ, то вельмі лёгка заўважаем на дрэвах, на берагах ці нават на вадзе спецыяльныя знакі ці табліцы.

Чаму яны служаць? Найчасцей яны наказваюць нам, як мы павінны сябе паводзіць: можна купацца ці не, дазволена паляванне і рыбалка ці не і г.д.

4. Але падобна і ў нашым духоўным жыцці, у якім Бог таксама расставіў свае знакі. Адны з іх дазваляюць нам нешта чыніць, іншыя забараняюць. Таму, чытаючы расстаўленыя ў лесе ці на вадзе знакі, нам неабходна памятаць і аб знаках, якія Бог у Святым Пісанні, як гісторыі збаўлення і кнізе Божага закону, нам пакінуў.

Гэтым знакам вучыць нас Касцёл. Членамі Касцёла мы становімся праз сакрамэнт хросту, дзякуючы якому можам прымаць удзел у поўні касцёльнага жыцця. Аднак, паводле вучэння Другога Ватыканскага Сабору (пар. LG 14-15), існуюць чатыры колы прыналежнасці да Касцёла як Божага народа.

Гэта, найперш, католікі, якія поўнасцю ўключаны ў супольнасць Касцёла, цалкам прымаюць яго прадпісанні і ўсе ўстаноўленыя ў ім сродкі збаўлення і злучаюцца ў яго бачнай структуры з Хрыстом, які кіруе Касцёлам праз Найвышэйшага Пантыфіка і біскупаў, сувязямі вызнання веры, сакрамэнтаў, касцёльнага кіраўніцтва і супольнасці.

Далей ідуць катэхумены, якія пад дзеяннем Духа Святога паводле свайго выразнага жадання хочуць далучыцца да Касцёла і дзякуючы гэтаму жаданню ўжо знаходзяцца ў лучнасці з ім.

Потым Сабор гаворыць пра хрысціян некатолікаў, якія шануюць Святое Пісанне як норму веры і жыцця і адзначаюцца шчырай рэлігійнай руплівасцю, з любоўю вераць у Бога Айца ўсемагутнага і ў Хрыста, Сына Божага, Збаўцу, і пазначаны хростам, дзякуючы якому звязаны з Хрыстом, а таксама прызнаюць і прымаюць іншыя сакрамэнты ў сваіх Цэрквах ці царкоўных супольнасцях.

І, нарэшце, ідуць тыя, хто яшчэ не прыняў Евангелля, але па-рознаму звязаны з Божым народам. Гэта габрэі, мусульмане, шукаючыя невядомага Бога і тыя, што не па сваёй віне Яго не ведаюць.

5. Усе мы, як дзеці Божыя, павінны захоўваць Божы закон, які з’яўляецца гарантыяй гарманічнага развіцця і шчасця чалавека. Сучасная ліберальная і свецкая культура ўрываецца ў наша жыццё з такой моцай, што з каранямі вырывае з яго ўсё духоўнае. Яна праз нездаровае імкненне да матэрыяльных каштоўнасцяў і задавальненняў, праз сродкі масавай інфармацыі, асабліва інтэрнэт, вельмі моцна ўплывае на выхаванне чалавека і яго паводзіны. Гэта як быццам новы Чарнобыль, які радыяцыяй бездухоўнасці і секулярызму нішчыць духоўнае жыццё. Бездухоўная культура дзейнічае так хутка, што яе можна параўнаць да эпідэміі Эболы, якой баіцца ўвесь свет і ад якой няма лекаў.  

6. Ці ёсць лекі ад хваробы секулярызму? Ёсць. Гэта найперш Евангелле. Нагадваючы аб ім, неабходна памятаць, што яно дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла.

Правілы палявання, рыбалоўства і паводзін у лесе і на вадзе — гэта тыя знакі, якія кажуць нам, як можна паводзіць сябе ў тых ці іншых абставінах, у тым ці іншым месцы. Яны павінны нагадваць нам аб нязменных правілах Евангелля, якое заўсёды актуальнае і дзейснае.

У гэтым сэнсе вы, паляўнічыя, рыбаловы і леснікі, можаце адыграць вялікую ролю ў працэсе прыняцця праўды Евангелля і яе абвяшчэння, каб сучасны чалавек не паддаўся спакусам секулярнага свету, але жыў паводле Божага закону і гэтым самым змяняў свет на лепшы і ішоў дарогай збаўлення.

Прыкладам з’яўляецца святы Губерт. Ён жыў у VII-VIII стагоддзях у Францыі, быў паляўнічым і вёў нязгоднае з Божым законам жыццё. Але аднойчы падчас палявання ў Вялікую пятніцу, калі ўвесь хрысціянскі свет разважаў аб збаўчай смерці Хрыста, ён убачыў белага аленя з крыжом паміж рагамі і пачуў голас з неба, які казаў звярнуцца да біскупа. Для Губерта гэта быў вымоўны знак, які стаў момантам яго навяртання аж да такой ступені, што потым ён быў прызначаны біскупам і вельмі шмат учыніў у справе навяртання паганаў у хрысціянскую веру.

Дарагія паляўнічыя, рыбаловы і леснікі, старайцеся ў прыгажосці прыроды ўбачыць прысутнасць Бога і Яго закону, каб Яго ўсхваляць і Ягонай праўдай жыць. Няхай вам у гэтым благаславіць ваш нябесны апякун святы Губерт. Амэн.

Адноўлена 08.11.2014 18:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі