Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы пасхальнай вігіліі

Мінская архікатэдра, 19 красавіка 2014 г.

Пасха - свята надзеі

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі гэтай пасхальнай вігіліі!

Сардэчна вітаю вас гэтымі словамі, які сёння напаўняюць увесь хрысціянскі свет, бо хрысціяне ўсіх дэнамінацый у гэтым годзе разам адзначаюць Вялікдзень – свята святаў, калі мы праслаўляем Уваскрослага Хрыста.

Яшчэ тры дні таму здавалася, што з Езусам усё пакончана. Бо Той, хто абяцаў вечнае жыццё, сам памёр жудаснай смерцю на крыжы і быў пахаваны, як хаваюць кожнага памерлага. Яго смерць адабрала надзею, якую складалі ў Ім Ягоныя паслядоўнікі. Аднак на самой справе ўсё было інакш.

2. Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як жанчыны міраносіцы адправіліся да гробу Езуса, каб згодна з габрэйскім звычаем намасціць Яго цела духмянасцямі. Была раніца, так што было яшчэ цёмна. Але цёмна было і ў душы жанчын, бо іх Настаўнік ляжаў у магіле.

Якое ж было іх здзіўленне, калі яны ўбачылі адсунуты ад магілы камень і пусты гроб. А анёл, што знаходзіўся ўнутры пустой магілы, сказаў ім, каб не баяліся, бо Езуса тут няма, Ён уваскрос, і неабходна ісці ў Галілею, каб там Яго спаткаць.

Убачанае і пачутае было для жанчын міраносіц громам сярод яснага неба, бо ніхто і ніколі не бачыў памерлага, які б уваскрос!

3. З праўды Уваскрасення Хрыста выводзяцца тры наступныя высновы:

3.1. Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца падмуркам нашай веры. Нездарма св. апостал Павел кажа, што калі б Хрыстус не ўваскрос, то пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля і пустой была б наша вера.

Аднак гісторыя хрысціянства паказвае, што ні абвяшчэнне Добрай Навіны і ні вера ў Хрыста не з’яўляюцца пустымі. Касцёл на працягу 2000-гадавой гісторыі перажыў шмат цяжкасцяў і крызісаў, не паддаўся ім і выйшаў з іх мацнейшым.

Калі 15 гадоў таму я з групай пілігрымаў прыбыў на Святую Зямлю, то ў аўтобусе, які вёз нас з Тэль-Авіва ў Ерузалем, жанчына-гід сказала, што ніяк не можа зразумець, як магло стацца, што нягледзячы на смерць Заснавальніка хрысціянства і на тое, што Яго паслядоўнікаў было вельмі мала, хрысціянства сталася самай вялікай рэлігіяй. Тады я ёй нічога не адказаў.

З гістарычнага пункту гледжання яна вельмі выдатна вяла пілігрымку, але вяла яе як свецкі і няверуючы чалавек. Яна прысутнічала на ўсіх набажэнствах, проста сядзела, слухала і глядзела. І вось нарэшце мы прыбылі ў базыліку Пустога гроба Езуса. Менавіта там падчас казання я адказаў ёй на яе пытанне, падкрэсліваючы, што прычынай распаўсюджання хрысціянства і яго веры з’яўляецца пусты гроб Езуса.

На магілах нашых памерлых мы чытаем, што тут пахаваны той ці іншы чалавек. Аднак на магіле Езуса не напісана, што тут Ён пахаваны.

Напэўна, мы ўсе ведаем пра славутыя егіпецкія піраміды, якія часта называюць адным з сямі цудаў антычнага свету. На самой справе яны з’яўляюцца гіганцкімі магіламі былых егіпецкіх фараонаў. У славутым Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане таксама знаходзяцца магілы вядомых пісьменнікаў, філосафаў і палітыкаў. Падобных месцаў у свеце мы можам знайсці многа.

Аднак у свеце ёсць адно асаблівае месца – гэта санктуарый Святога Гроба ў Ерузалеме. Тысячы і тысячы пілігрымаў кожны дзень ідуць да магілы, на якой не напісана, што там пахаваны Езус, але напісаны словы: “Тут Яго няма”. Гэты гроб слаўны, бо ён пусты, бо Езус, які сапраўды быў там пахаваны, сапраўды Уваскрос, як і прадказваў сваім вучням. Сваім Уваскрасеннем Езус здзейсніў самы вялікі цуд - а менавіта перамог закон прыроды і даказаў, што Ён сапраўдны Бог.

Без свайго Уваскрасення Езус застаўся б у гісторыі толькі добрым чалавекам, які трагічна завяршыў сваё жыццё.

3.2. Уваскрасенне Хрыстя з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрасення. Сам Збаўца сказаў, што хто верыць у Яго, будзе жыць вечна. Хрыстус уваскрасіць нас у апошні дзень. Але праўдай ёсць і тое, што ў сакрамэнце хросту, абяцанні якога мы аднаўляем падчас літургіі пасхальнай вігіліі, мы ўжо ўваскрэслі да новага жыцця ў Божай ласцы. Дзякуючы гэтаму мы з’яўляемся ўдзельнікамі смерці і Уваскрасення Хрыста.

3.3. І нарэшце, праўда Уваскрасення дае нам надзею і падбадзёрвае ў цяжкасцях нашага жыцця. Яна прыгадвае нам, што мы створаны не для смерці, але для жыцця. Праз Божае слова і сакрамэнты Хрыстус прысутны ў нашым жыцці, што дае нам моц супрацьстаяць спакусам і радавацца свабодай Божых дзяцей. Апостал Ірландыі св. Патрык казаў: “Хрыстус перада мной, побач са мной і ўва мне”.

4. Усё гэта схіляе нас быць людзьмі уваскрасення. Гэта азначае, што мы не павінны ляжаць у магіле нашых грахоў, злых звычак і небяспечных залежнасцяў, але павінны радавацца прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. Нездарма псальміст кажа: вось дзень, які ўчыніў Пан, узрадуемся і ўзвесялімся ў ім. Гэты дзень – найперш дзень Пасхі, і таму пасхальная радасць павінна дамінаваць у нашых сэрцах.

5. Напэўна, многія з нас чулі пра так званыя чорныя дзіры, якіх усё больш і больш знаходзяць у касмічнай прасторы. Проста кажучы, гэта не што іншае, як маючае ўласцівасці гіганцкага вакууму ў космасе месца, якое можа ўцягнуць у сябе ўсё, што знаходзіцца побач. Такой чорнай дзірой у нашай галактыцы з’яўляецца так званы Малочны шлях. Некаторыя вучоныя не выключаюць магчымасці таго, што ў адзін дзень уся сонечная сістэма можа быць уцягнута ў гэтую чорную дзіру, і тады ўсё скончыцца.

Чорная дзіра – гэта сімвал безнадзейнасці. У Вялікую пятніцу здавалася, што ў такую чорную дзіру трапілі вучні Хрыста. Але праўда Уваскрасення кажа нам, што за ёй існуе нешта іншае – гэта вечнае жыццё.

Наш час з’яўляецца часам дэмаралізацыі і адыходу ад веры, крызісу сям’і, дэвальвацыі самага каштоўнага Божага дару жыцця, пагарджэння чалавечай годнасцю і яго фундаментальнымі правамі, панавання тэрарызму і карупцыі і многіх іншых анамалій. Менавіта такі час можа здацца д’ябальскай чорнай дзірой, якая зацягвае чалавека ў сябе, як магутны пыласос, не пакідаючы пры гэтым аніякай надзеі.

Аднак праўда Уваскрасення кажа, што і ў гэты час ёсць надзея. Яна ва Уваскрослым Хрысце, і таму нам нельга баяцца.

6. Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Віншую сваіх адзінаверцаў католікаў, праваслаўных і іншых хрысціян, а таксама ўсіх людзей добрай волі.

Не бойцеся! Даверцеся Хрысту! Няхай праўда Уваскрасення стане часткай вашага жыцця, а надзея, якая нарадзілася з пустога гробу Хрыста, спадарожнічае вам.

Радасных, поўных ласкі і супакою Уваскрослага Пана святаў!

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі