Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Казанне Мітрапаліта Кандрусевіча на свята св. Яна Апостала падчас св. Імшы ў мінскай архікатэдры з нагоды аплаткавай сустрэчы з дзеячамі культуры 27 снежня 2007 г.

1. Паважаныя браты і сёстры, дзеячы культуры! Ад усяго сэрца вітаю вас у мінскай архікатэдры з нагоды святаў Божага Нараджэння і сённяшняй аплаткавай сустрэчы.

2. Учора, у другі дзень Божага Нараджэння, Каталіцкі Касцёл, узгадваючы першага мучаніка, дыякана св. Стэфана, падкрэсліў, што хрысціянства і крыж непадзельныя, што нярэдка за абвяшчэнне Евангелля трэба плаціць крывёю. Мы гэта добра ведаем з сваёй уласнай гісторыі, бо многія нашы суайчыннікі за вернасць Евангеллю заплацілі жыццём або былі вымушаныя шмат выцерпець.

3. Сёння мы ўзгадваем умілаванага вучня Езуса Хрыста — св. Яна, Апостала, адзінага, хто памёр сваёю, а не мучаніцкаю смерцю. Менавіта святы апостал Ян найбольш яскрава паказвае нам адзінства таямніцы Богаўцелаўлення і Уваскрасення ў гісторыі збаўлення. У гэтай таямніцы для ўсіх нас і для кожнага чалавека дадзена надзея на ўваскрашэнне і збаўленне. Гэтая надзея ў Хрысце, падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы «Мы збаўлены праз надзею». Аднак умоваю спаўнення гэтай надзеі з’яўляецца ўмацаванне нашай веры, якую мы атрымалі ад непасрэдных сведкаў — апосталаў, і сумленнае выкананне нашых абавязкаў, якія мы самі сабе не выбіраем, але якія нам прызначае сам Бог.

Узрастаючы ў веры, мы ўзрастаем у надзеі. Нездарма Бэнэдыкт XVI нагадвае, што часта слова «вера» разумеецца як «надзея». А выкананне нашых абавязкаў — гэта рэалізацыя нашай веры ў штодзённым жыцці, бо, як вучыць св. апостал Якуб, вера без учынкаў мёртвая.

4. Гэтыя два пытанні — адно больш тэарытычнае і датычыць веры, другое больш практычнае, бо датычыць жыцця, — змяшчаюцца ў праграме, якая вызначана апосталам Янам. У сваім Першым пасланні, з якога ўзята першае чытанне, ён найперш перадае сведчанне аб Хрысце: «Абвяшчаем вам тое, … што мы чулі, … на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі». У гэтым сведчанні бачнае перакананне ў тым, што быццам бы яго пачуцці былі поўныя пачуццяў Хрыста.

Калі ж ён у сваім Евангеллі гаворыць пра ўваскрасенне Хрыста, то першае месца сярод Апосталаў аддае апосталу Пятру, хоць сябе самога назаве «ўмілаваным вучнем». Раней, яшчэ да мукі Езуса, Яго смерці і ўваскрасення такое азначэнне іншыя Апосталы маглі ўспрымаць як ганарлівасць і зазнайства, і, напэўна, не абышлося б без сцэнаў рэўнасці. Аднак потым яны былі задаволеныя кожным месцам пры Хрысце, бо ведалі, што кожны з іх па-свойму і непаўторным чынам патрэбны Божаму Валадарству.

5. Пры такім тлумачэнні наша прыпадабненне да св. апостала Яна — як да найбольш любімага вучня Езуса Хрыста — між іншым, павінна праяўляцца таксама праз павагу і шанаванне годнасці іншых людзей і іх працы для Божага Валадарства, шанаванне тых, каго бачым кожны дзень, і тых, хто працуе незаўважна. Усе яны патрэбныя і ўсе яны могуць шмат учыніць для распаўсюджвання Евангелля, узмацнення веры і рэалізацыі яе ў штодзённым жыцці, каб мець надзею і жыць ёю нават насуперак надзеі, як вучыць св. апостал Павел.

6. Гэта асабліва датычыць людзей культуры. Як святарства з’яўляецца пакліканнем, таксама пакліканнем трэба назваць і дзейнасць у галіне культуры. Больш за тое, як пісаў Папа Ян Павел II у сваім Лісце да дзеячаў культуры ў 1999 г., Бог паклікаў да існавання чалавека і даручыў яму заданне — быць творцам. Менавіта ў мастацкай творчасці чалавек найбольш праяўляе сябе як «вобраз Божы». Таму Вялікі Пантыфік не пабаяўся сказаць, што мастак — гэта вобраз Бога-Творцы. Ён удзельнічае ў творчым плане самога Бога. У ім рэалізуецца імкненне Бога да таго, каб створаны «на Яго вобраз і падабенства» чалавек выканаў місію панавання над зямлёй.

7. Каталіцкі Касцёл заўсёды падтрымліваў і надалей будзе падтрымліваць культуру і навуку. Менавіта ён заснаваў першыя універсітэты і ў наш час каталіцкія універсітэты карыстаюцца велікаю пашанаю і папулярнасцю ва ўсім свеце. Гэта ён ва ўсе часы прыкладаў шмат намаганняў і прыкладае іх надалей, каб святыні былі шэдэўрамі мастацтва. Гэта ён шмат учыніў і надалей чыніць для заснавання і падтрымкі касцёльных музеяў. Гэта ён прычыніўся і надалей прычыняецца да развіцця духоўнай музыкі, якая сёння, ў эпоху поп-музыкі, не страціла павагі і папулярнасці і г. д.

8. У апошнія часы Касцёл усё больш і больш звяртае увагу на евангелізацыю культуры. Касцёл добра ведае, што ў эпоху маральнага рэлятывізму і адмовы ад хрысціянскіх каранёў трэба шукаць новыя метады для абвяшчэння Евангелля, адным з якіх і з’яўляецца культура ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў таго, як далёкі ад Бога чалавек знаходзіў Яго ў культуры: у добрай тэатральнай пастаноўцы, песні, скульптуры, фільме, карціне, фрэсцы, літаратурным творы, музычным канцэрце, мастацкай выставе і г.д., ва ўсім, што прымушае задумацца над сваім маральным жыццём, над вечнасцю і надзеяй. Так, напрыклад, некалькі гадоў назад Маскву наведала кляўзуровая кармэлітанка са Злучаных Штатаў Амэрыкі, якая перад тым як стаць законніцаю, працавала опернаю спявачкаю. Менавіта праз мастацтва яна прыйшла не толькі да Бога, але таксама адчула пакліканне да манаства.

9. Сёння мы ўсё больш і больш разумеем, што культура, выкарыстоўваючы словы св. апостала Паўла, з’яўляецца новым аэрапагам для абвяшчэння Евангелля. Святы Айцец Ян Павел II ва ўжо цытаваным Лісце да людзей мастацтва пісаў, што для абвяшчэння Добрай Навіны Касцёлу патрэбна мастацтва. Трэба, каб нябачная і духоўная рэчаіснасць станавілася заўважанаю і прывабнаю. Таму яна павінна зразумелымі формамі адлюстроўваць тое, што нельга выявіць само па сабе. Менавіта мастацтва вызначаецца ўласцівасцю выяўляць дух Евангелля, перакладаючы яго на мову колераў, формаў і галасоў, што ўзбагачаюць інтуіцыю чалавека, які глядзіць або слухае.

З іншага боку, піша Ян Павел II, мастацтву патрэбны Касцёл, хоць гэта, можа, і гучыць правакацыйна. Чалавек мастацтва заўсёды шукае схаванага сэнсу рэчы і з вялікім намаганнем імкнецца адлюстраваць невымоўную рэчаіснасць. Таму вялікаю крыніцаю натхнення для яго можа быць рэлігія як бы «айчына душы». Бо менавіта ў рэлігіі чалавек шукае адказу на экзістэнцыяльныя пытанні. На самай справе, тэма рэлігіі найчасцей закраналася і закранаецца людзьмі мастацтва кожнай эпохі. Касцёл заўсёды звяртаўся да іх творчых здольнасцяў, каб растлумачыць евангельскае пасланне і паказаць яго канкрэтнае прызначэнне ў жыцці хрысціянскай супольнасці. Гэта супрацоўніцтва становіцца крыніцаю ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння, якое ўсім нам патрэбна.

10. Сёння, калі мы святкуем таямніцу Богаўцелаўлення, я звяртаюся да вас, людзі культуры — пісьменнікі, літаратары, артысты, музыканты, скульптары, мастакі і іншыя прадстаўнікі мастацтва, каб гэтая таямніца заўсёды была для вас невычэрпнаю крыніцаю новых натхненняў як у вашай прафесійнай дзейнасці, так і ў справе новай евангелізацыі, каб новыя аэрапагі культуры нашага часу былі напоўненыя евангельскім зместам і каб прыгажосць, якую вы ствараеце, збаўляла свет.

Няхай розныя шляхі, якімі вы крочыце ў рэалізацыі свайго паклікання, вядуць вас да бязмежнага акіяна прыгажосці, у якім вы, а праз вашу працу многія людзі, знойдуць згубленую надзею і свайго нябеснага Творцу.

11. «Прыгажосць выратуе свет», — пісаў вялікі Фёдар Дастаеўскі. Трэба памятаць, што гэта найперш духоўная прыгажосць.

Глыбокапаважаныя дзеячы культуры, будзьце носьбітамі і прапагандыстамі духоўнай прыгажосці, каб яна сапраўды выратавала наш маральна недасканалы свет, каб вярнула дадзеную яму Богам прыгажосць, што нясе новую надзею, узносіць дух і вядзе да вышыняў святасці.

Аддаючы вас апецы «заўсёды прыгожай» Беззаганна Зачатай Панны Марыі, выпрошваю для вас Божага благаслаўлення на ваша нялёгкае і вельмі адказнае служэнне на карысць нашай Айчыны і асабліва дзеля яе духоўнага развіцця. Няхай усіх вас благаславіць Бог. Амэн.

Адноўлена 21.07.2009 16:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі