Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на інаўгурацыю 2007–2008 навучальнага года ў МВДС
1. Быць семінарыстам — гэта значыць клапаціцца аб веры

Мы распачынаем новы навучальны і фармацыйны год. Варта было б напачатку нагадаць сабе, кім з’яўляецца семінарыст. Бэнэдыкт XVI сказаў, што семінарысты — гэта маладыя людзі, якія перажываюць «пераломны перыяд пошукаў Хрыста і сустрэчы з Ім у перспектыве важнай місіі ў Касцёле» (19.08.2005 г.). Мы не павінны ўспрымаць семінарыю толькі як месца, у якім жывём, вучымся і адпачываем. Такое разуменне нагадвае хутчэй студэнцкі інтэрнат, дзе, сапраўды, жывуць такія, як вы, маладыя людзі, аднак яны не адораны ласкай паклікання да святарства. Семінарыя — гэта штосьці большае, чым студэнцкі інтэрнат. Перадусім гэта важны час у жыцці вучня Езуса, у які павінна адбыцца інтэнсіўнае развіццё веры. Для многіх з вас гэта час распазнання паклікання. Калі на нейкім этапе семінарыйнай фармацыі вы зразумееце, што не маеце паклікання да святарства, то, напэўна, гэты час не будзе змарнаваны, калі вы выкарыстаеце яго для развіцця веры.

У энцыкліцы Redemptoris Mater ёсць такое акрэсленне веры як «дакрананне да таямніцы Бога» (п. 17). А паверыць азначае «даверыць сябе» самай істотнай праўдзе словаў жывога Бога, ведаючы і вызнаючы з пакораю, «якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Яго» (п. 14). Падчас вашага прабывання ў семінарыі важным з’яўляецца ў першую чаргу не фармаванне розуму і здабыванне ведаў пра Бога. Галоўнае заданне ў гэты час жыцця вучня Езуса — гэта фармаванне і развіццё веры. Без яе нельга быць добрым святаром, ахвярным пастырам, духоўным айцом даручаных вам авечак.

Наша сувязь з Богам не можа абапірацца на валоданне паняццямі пра Яго як таямніцу. Толькі вераю мы можам «дакрануцца» да жывога Бога, таямніцу якога мы няўмела апісваем пры дапамозе тэалагічных паняццяў. Мы «дакранаемся» да Бога, калі ў нашай штодзённасці бачым Яго ўсемагутнасць і прабачальную любоў. А калі мы дакранемся да Яго, Ён адразу ж удзяляе нам сваю моц, і нашу душу пранізвае нябачны струмень Божага жыцця. Такі вопыт веры не абмяжуецца толькі настроямі і рэлігійнымі перажываннямі. Ён праявіцца перадусім у мысленні і дзеянні, у штодзённай працы, у змаганні з самім сабою, у жыцці супольнасці, прасякнутым любоўю. Бэнэдыкт XVI сказаў, што «вера можа заўсёды нанава прывесці нас да Бога, нават калі нам чыніць крыўду наш уласны грэх» (26.05.2006 г.).

Наколькі малады чалавек перажывае асабістую сустрэчу з жывым Богам, настолькі ён можа слушна зразумець Яго волю. Такім чынам ён можа таксама зразумець вялікі дар свайго паклікання, які атрымаў без аніякіх заслугаў. Чым больш мы спазнаём Бога, тым больш прыцягвае нас Яго таямніца. Чым часцей мы сустракаем Яго ў нашай штодзённасці, тым больш нарастае ў нас гарачае жаданне шукаць Яго.

 
2. Малітва за фарматараў

Развіццё вашай веры падчас вучобы ў семінарыі адбываецца з дапамогай семінарыйных выкладчыкаў і выхавацеляў. Клопат пра належнае выкарыстанне часу вучобы ў семінарыі вядзе кожнага з вас да малітвы за настаяцеляў, прафесараў і выхавацеляў. Трэба прасіць Бога, каб яны маглі як мага лепш выконваць гэтае важнае заданне. Такая малітва будзе паглыбляць вашую веру ў тое, што гэта жывы Бог праз пасрэдніцтва выкладчыкаў і выхавацеляў фармуе кожнага з вас, каб вы сталі настаўнікамі веры, пастырамі супольнасці і духоўнымі айцамі чалавечых душаў. Калі такой малітвы няма, неабходна прызнаць гэта грахом занядбання, за які трэба прасіць у Бога прабачэння і які трэба як мага хутчэй выправіць.

Паставім сабе дастаткова складанае пытанне: ці не з’яўляецца гэта цяжкім грахом у жыцці семінарыста, калі ён не моліцца за сваіх настаяцеляў, прафесараў ці выхавацеляў? Асаблівы маральны абавязак малітвы вы маеце ў адносінах да тых фарматараў, якія распачынаюць сваё служэнне ў семінарыі. У першую чаргу я маю на ўвазе асобу новага віцэ-рэктара, якому жадаю асаблівай адкрытасці на Духа Святога ў спаўненні такой складанай ролі ў Касцёле на Беларусі.

Малады чалавек, калі ты наракаеш на семінарыю і фарматараў, то задай сабе пытанне: наколькі я ахопліваю гэтых асобаў сваёй асабістай малітвай або таксама сваім пустаслоўем, нараканнем і плёткамі, што няварта нават хрысціяніна, які жыве ў свеце, і ці не ўскладняю я сваім братам па семінарыі перажыванне сустрэчы з жывым Богам праз іх пасрэдніцтва?

 
3. Роля Марыі ў семінарыйнай фармацыі

Семінарыя з’яўляецца месцам асаблівай прысутнасці Божай Маці, якая дапамагае ў выхоўванні паслядоўнікаў свайго Сына. Марыя падтрымлівала веру святога Пятра і Апосталаў у Вячэрніку, сёння Яна жадае падтрымліваць веру пакліканых да святарства.

Бэнэдыкт XVI сказаў, што «ў кожную хвіліну семінарыйнага жыцця можна спазнаць гэтую любячую прысутнасць Божай Маці, якая вядзе кожнага на сустрэчу з Хрыстом, у цішыні медытацыі, у малітве і ў братэрстве. Марыя дапамагае сустрэць Пана перадусім у эўхарыстычнай цэлебрацыі, калі ў Слове і ў кансэкраваным Хлебе Ён становіцца нашым штодзённым духоўным спажыткам» (19.08.2005 г.).

Трэба свядома прасіць Марыю, каб Яна фармавала вашую веру падчас вучобы ў семінарыі. Яе жыццё з’яўляецца прыкладам праніклівай веры, якая змагла адкрыць прысутнасць Бога, які аб’яўляе сябе ў штодзённасці. У звычайных падзеях штодзённага жыцця, як на вяселлі ў Кане Галілейскай, Яна змагла паверыць ў Божае дзеянне. Нават у хвіліны, у якія людзі звычайна губляюць веру, калі Яна стаяла пад крыжам і глядзела, як памірае Яе сын, з вераю ва ўсемагутнасць і любоў Бога Марыя давярала сябе Яму.

Сапраўдная вера вядзе да святасці. Гэта тут, у семінарыі, у клопаце пра веру вы закладаеце фундамент сваёй святасці. Таямніцай святасці з’яўляецца сяброўства з Хрыстом і поўны давер Яго волі. Святы Амброзій казаў: «Хрыстус з’яўляецца для нас усім», а святы Бэнэдыкт лічыў, што нельга аддаваць перавагу ніводнай рэчы перад любоўю Хрыста. Калі вы будзеце паддавацца выхаванню Марыі, наследаваць Яе веру, то я маю глыбокую надзею на тое, што напрыканцы семінарыйнай фармацыі гэта будуць таксама вашыя асабістыя словы, дарагія клерыкі. Амэн.

Адноўлена 21.07.2009 14:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі