Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гаімлія біскупа Аляксандра Кашкевіча на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2007 г.
Ваша Эксцэленцыя ксёндз арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі, дарагія ксяндзы біскупы, святары, законныя сёстры, прадстаўнікі ўладаў рэспубліканскага ўзроўню, прадстаўнікі мясцовых уладаў, узлюбленыя браты і сёстры, дарагія парафіяне і пілігрымы, якія прыбылі на сённяшнюю ўрачыстасць!

Мы, усыноўленыя дзеці Божай Маці, штогод прыбываем на гэтае месца, каб яшчэ раз засяродзіцца на таямніцы Яе мацярынства. На гэту тэму напісана мноства тэалагічных трактатаў і разважанняў, складзена вялікая колькасць малітваў і песень. У іх выраз «Маці» у адносінах да Марыі займае найважнейшае мейсца

Ён з яўляецца найдаражэйшым словам для кожнага чалавека на зямлі. Маці таямнічым чынам яднае. Глыбіня сувязі паміж маці і дзіцем — гэта адна з самых цудоўных і захапляльных таямніц. Малое немаўля ўмее без слоў выказаць свае патрэбы і жаданні, а маці з яе бескарыслівай любоўю дасканала разумее яго і прыходзіць на дапамогу.

Без гэтай дзівоснай узаемнай прывязанасці і клапатлівай апекі з боку маці дзіця не можа належна развівацца, і нават пражыць. Без чуйнай матчынай любові яно не зможа стаць у дарослым жыцці дастаткова самастойным і развітым. Як дом, які без маці, без яе любові і чуласці, з’яўляецца пустым, так і хрысціянства без Марыі будзе няпоўным і сумным. Без Яе наша вера была б пазбаўлена сардэчнасці і спачування.

У «гадзіну Крыжа» Хрыстус сказаў любімаму вучню — «Вось Маці твая» і, як чытаем у Евангеллі, святы Ян: «ўзяў Яе да сябе». Так, праз святога Яна Пан Езус дае Марыю кожнаму з нас як Маці.

Дарагія браты і сёстры! Давайце яшчэ раз засяродзімся над евангельскай праўдай пра тое, што «вучань той узяў Яе да сябе». Няхай гэтыя словы глыбока западуць у вашыя розум і сэрца. Больш таго, няхай стануць дэвізам вашага жыцця.

«Узяць Марыю да сябе» — што гэта значыць? У першую чаргу паверыць, што Яна сапраўды з’яўляецца Маці, якая клапоціцца пра мяне, пра цябе, пра кожнага з нас. Гэта таксама азначае імкнуцца быць падобным да Марыі; азначае наследаваць у сваім жыцці Яе цноты і паводзіны.

Кожнае дзіця носіць у сабе падабенства да сваёй маці. Што датычыцца Марыі, нашай Нябеснай Маці, то Яна хоча, каб мы станавіліся падобнымі да Яе Сына, каб мы разам з Ім рэалізавалі свае жыццёвыя планы і кіраваліся да найвышэйшага шчасця, якое можа запэўніць толькі Хрыстус. Засяродзіцца над гэтым дапаможа нам захапленне простым і шчаслівым жыццём Найсвяцейшай Маці.

Гэта будзе важны крок на шляху духоўнай перамогі. «Благаслаўлёная, Якая паверыла». Шчаслівая Ты, Марыя, што не сумнявалася і праз гэта стала Маці ўсіх вернікаўх. Здзейсніліся ў гісторыі чалавецтва словы Марыі: «Адгэтуль благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні».

Мы благаслаўляем і ўшаноўваем Марыю, а Яна адорвае нас, сваіх дзяцей, незлічонымі ласкамі, становячыся для вернага люду Праводнаю Зоркай.

Доказам таго, што цэлым пакаленням людзей Марыя ўказвала шлях да праўдзівай радасці і шчасця, з’яўляюцца Яе цудоўныя выявы. На свеце іх мноства. Выказваючы пашану абразам той, Якая была вернай Слугою Пана і Маці Божага Сына, мы пашыраем хвалу Пана і пацвярджаем нашу веру ў мацярынскае заступніцтва Марыі.

Дарагія ўдзельнікі сённяшняй марыйнай урачыстасці! Дарагія браты і сёстры! Перад намі выява Марыі, Якую называем Будслаўскай. Ад пачатку 17 стагоддзя да сённешняга дня Яна акружана тут пашанай, а гісторыя Будслава цесна пераплялася з глыбокай верай народа ў Яе магутнае заступніцтва.

Сёння, гледзячы з перспектывы часу, мы можам запытацца: Што было прычынай надзвычайнага культу Марыі сярод такой вялікай колькасці вернікаў? Якая духоўная спадчына засталася нам ад продкаў, якія спрадвеку прыходзілі да Яе на гэтае месца? Што мы можам пераняць ад іх?

Мінулыя пакаленні, як і мы сёння, хацелі быць шчаслівымі. Жаданне быць шчаслівым Пан Бог уклаў у сэрца кожнага чалавека. Знайсці шчасце не ўсім удаецца, таму што людзі вельмі часта шукаюць яго не там. Колькі ж памылак дапускае чалавек у пагоні за шчасцем!

А найчасцей таму, што шчасцем лічыць толькі прыемнасць і пачуццёвыя задавальненні. Падобна, што сучасны чалавек бывае задаволены толькі тады, калі мае тры рэчы: цялеснае задавальненне, грошы і ўладу. Улічваючы гэтыя імкненні чалавека, паспрабуем ацаніць ролю Марыі для сучаснага пакалення.

Гаворачы пра фізічнае або цялеснае задавальненне, мы маем на ўвазе пераважна пачуццёвую прыемнасць, пазбаўленую любові. Аднак гэта можа стаць для чалавека найбольшым зняволеннем і няшчасцем. Сёння чалавек не столькі імкнецца атрымліваць радасць ад цялеснасці, колькі жыць выключна дзеля яе. На першае месца ставіцца цела — здаровае, моцнае, прыгожае цела. Кожны хоча добра выглядаць, выклікаць захапленне, пакланенне і адабрэнне акружаючых.

Найсвяцейшая Маці Марыя таксама клапацілася пра цела, але значна больш Яе турбаваў стан сэрца, а таксама чысціня, сіла і прыгажосць душы. Гэта таксама і наша заданне, і да яго заклікае сваіх духоўных дзяцей Марыя.

Сярод тысяч вотаў, якімі акружаны абразы Божай Маці, пераважную большасць складаюць воты ў выглядзе сэрца. Гэта знакі ўдзячнасці за Яе заступніцтва і выратаванне. Яны не толькі сведчаць пра цялеснае аздараўленне чалавека, але ў першую чаргу сведчаць, што Марыя ратуе людскія сэрцы, зраненыя грахом і зняволеныя злом. Сэрца чалавека будзе здаровым тады, калі будзе накіравана да Дабра, гэта значыць, да найвышэйшага шчасця, да Неба. Там знаходзіцца праўдзівае, трывалае шчасце.

Ніхто не можа быць абсалютна шчаслівы на зямлі, таму што зямное шчасце крохкае і недаўгавечнае; паўнату шчасця Бог падрыхтаваў нам у сваім нябесным Валадарстве. Але кожны можа наблізіцца да гэтага шчасця і ў пэўнай ступені ўжо тут, на зямлі, асягнуць яго. Прыкладам служыць Марыя, якая была вельмі шчаслівай пры жыцці. Трэба толькі стаць на дарогу, якую Яна паказвае нам. Гэта дарога ачышчэння ад прагнасці і матэрыялізму. Марыя вучыць нас наступнай асаблівай праўды — як захоўваць сваю духоўную свабоду ад скрайнай пагоні за дабрабытам.

Усе мы чулі прыказку пра тое, што кожныя дзверы можна адчыніць грашыма. Сёння думкі і старанні людзей накіраваны пераважна на тое, каб здабыць гэтыя грошы. Часамі яны ставяцца вышэй за ўсе каштоўнасці, а пагоня за імі займае ўсё жыццё. Магчыма, гэта важна, але толькі часткова і не для Божых дзяцей. Яшчэ старажытны мысліцель перасцерагаў людзей перад пагоняй за такім шчасцем: «Шукаеце шчасця звонку, а яно ў вас жыве». У вас, дарагія браты і сёстры, а менавіта ў вашай душы!

Вызваліўшыся ад неўпарадкаваных жаданняў, душа цешыцца супакою і не зайздросціць іншым. Сляпы той, хто бачыць шчасце толькі ў створаных рэчах і не заўважае вечнага. У знак дасягнутага духоўнага багацця, людзі змяшчалі пры абразах Марыі залатыя і срэбныя воты. Ведалі, што яны трацяць сваю вартасць перад абліччам жыцця, якое Пан Бог аб’яўляе праз Марыю.

Марыя вучыла і вучыць здабываць скарбы вышэйшай вартасці, якія ўзбагачаюць душу. Яна спрадвеку лячыла хворыя вочы духоўна сляпых людзей, таму што душа Яе багатая і поўная ласкі. У сваіх ласках Яна і цяпер нікому не адмаўляе.

Не зважаючы на пераменлівасць свету, трэба, па прыкладу Божай Маці, мець перад вачыма скарбы вышэйшага гатунку. Не канцэнтравацца на тым, што бачаць вочы, але памятаць пра нябачнае. «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё». Марыя дасканала зразумела гэтыя словы свайго Сына. Пра гэта таксама безупынна прыпамінае сваім дзецям на зямлі.

Як нашая Маці, Марыя перасцярагае нас яшчэ перад важнай пагрозай нашых імкненняў — імкненнем уладарання і прыгнечыння другога чалавека.

Жыццёвая пазіцыя Марыі была далёкай ад паставы чалавека, які імкнецца дэманстраваць уладу і панаваць над іншымі. І хоць мы называем Яе Каралевай, аднак Яе ўладаранне прынцыпова адрозніваецца ад зямнога.

Уладаранне Марыі, Якая мела прывілей Божага Мацярынства, выражаецца ў служэнні Богу і бліжняму. Ужо ў словах да Арханёла Габыэля «Вось Я — слуга Пана», і затым праз клопат аб сужанцах у Кане Галілейскай Яна паказала належны прыклад жыцця. Служачы Богу і з сардэчнай любоўю ставячыся да бліжніх, мы ўладарым разам з Марыяй.

Жыццёвы шлях Божай Маці, на якім Яна стала шчаслівай, быў адметны тым, што Марыя заўсёды думала пра іншых. Яна разумела, што чым больш чалавек аддае сябе на службу Богу і бліжняму, тым больш ад Бога атрымлівае.

Што магла даць Найсвяцейшая Панна Марыя іншым, жывучы на зямлі? Малую паслугу, сардэчнае слова, добрую параду, зычлівую ўсмешку. Гэта можа даць нават самы бедны чалавек. Цяпер, будучы духоўнай Маці кожнага, Божая Маці можа адарыць нашмат больш, чым мы можам уявіць сабе. У Бога ў небе, як сцвярджаюць Айцы Касцёла, Яна з’яўляецца «Выпрашальнай Усямоцай». Яна прыходзіць на дапамогу са сваімі цудамі, ласкамі, ратункам у хвіліны пагроз і няшчасцяў.

Марыя верна служыць сваім дзецям. А яны ў знак падзякі за нястомную дапамогу карануюць Яе ў цудадзейных абразах залатымі каронамі. У Беларусі мы маем каранаваныя выявы Марыі ў Будславе, Лагішыне, Брэсце і Гродне. Неўзабаве будзе каранаваны Яе цудадзейны абраз у Гудагаі.

Золатая карона сімвалізуе высакароднасць і чысціню Яе думак і жаданняў, Яе слоў, учынкаў, заслуг і прывілеяў. Каранаваная Слуга Пана паказвае нам дарогу да хвалы, да ўзвышэння ў небе.

Дарагія ўдзельнікі сённяшняй урачыстасці! Мы маем у небе Маці Марыю. Як сапраўдная Маці, Яна заўсёды кіруе нас да істотных заданняў і да нашага шчасця. Яна хоча, каб мы імкнуліся да вечных каштоўнасцяў, каб служылі Богу і людзям, каб наша вера была моцнай і па-дзіцячаму даверлівай. У ёй нашая перамога над нашымі неўпарадкаванымі імкненнямі, якія сёння зневаляюць і нішчаць высакароднасць чалавека.

Просім Марыю, каб дапамагла нам умацавацца ў веры і захаваць жаданне неба. І Яна, чуючы просьбы дзяцей, яшчэ больш будзе нам Маці, Якая спяшаецца на дапамогу.

Нам патрэбна Яна, Найдабрэйшая Маці, Якая ўказвае на праўдзівае шчасце. Не спыняйцеся прасіць Яе пра гэта. Як нашы продкі спрадвеку, так і мы трымаймася праўды пра тое, што дом, у якім нестае матчынай любові, з’яўляецца нешчаслівым домам. Няхай кожны ў сваім сэрцы чуе словы Хрыста: «Вось Маці твая». Сапраўды, шчаслівы той, хто ўзяў Яе да сябе і адкрыў у сваім жыцці матчынае навучанне Божай і нашай Маці Марыі.

Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 18:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі