Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Віцебскага біскупа Уладзіслава Бліна прамоўленая ім падчас святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з нагоды рапачацця ў Мінску 35-й сустрэчы Генеральных сакратароў канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы ўвечары 14 чэрвеня 2007 г.

«Бо мы прапаведуем не саміх сябе,
але Езуса Хрыста» (пар. 2 Кар 4, 5)

Ваша Эксцэленцыя, шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Сёння апостал Павел у Другім пасланні да Карынцянаў гаворыць: «Бо мы прапаведуем не саміх сябе, але Езуса Хрыста». Жыццё Касцёла праходзіць тут і цяпер на шляху рэалізацыі яго галоўных функцый: настаўніцкай, літургічнай і пастырскай.

Місія Хрыста Збаўцы была даручана Касцёлу і яшчэ да канца не выканана. Калі сёння, на пачатку новага стагоддзя, мы паглядзім на чалавецтва, то пераканаемся ў тым, што місія Касцёла толькі распачалася, і мы павінны прыкласці ўсе сілы для яе выканання. Касцёл — гэта знак. Нельга ідэалізаваць Касцёл. У ім суіснуюць святасць Бога і ўся наша чалавечая грэшнасць.

Касцёл зберагае праўду пра збаўленне і знаходзіцца ў стане пастаяннага развіцця. Найперш трэба быць патрабавальным у адносінах да сябе, а толькі потым — да іншых. Не кажыце, што цяпер «дрэнны час», бо кожны з нас — гэта і ёсць час. Калі сам чалавек будзе добрым, то і час будзе добры. А таму любіце, бо там, дзе ёсць любоў, ніколі не запануе цемра. Любоў не мае ўзросту. Яна пастаянна нараджаецца. Змагайцеся за жыццё кожны дзень. Адна ўсмешка можа зрабіць больш, чым безліч словаў.

Непахіснасць у дзейнасці духоўна ўзбагачае. Адзіным лекам ад самотнасці з’яўляецца любоў. Самая страшная хвароба нашага часу пачынаецца тады, калі чалавек адчувае сябе непатрэбным і нелюбімым. Чалавек прыносіць сябе ў ахвяру дзеля іншых, калі ведае, што яго любяць. Веліч нараджаецца ў дробных штодзённых справах. Майце адвагу «быць». Будзьце адказнымі за жыццё. Пакажыце сваю веру. Быць проста добрым — так мала! Трэба паказаць іншым людзям, у чым заключаецца сутнасць быцця хрысціянінам. Трэба паверыць і пайсці за Хрыстом.

Хачу быць аслянём, на якім Пан Езус уязджае ў Ерузалем, і заўсёды памятаць, што прывітальныя воклічы «Гасанна» і ўсе аліўкавыя галінкі прызначаны толькі для Яго, а не для мяне. Хачу быць сведкам, а не настаўнікам. Сучасны чалавек шукае сведкаў.

Божа, я ведаю, што пакора ўсё ператварае ў дабро, а пыха разрывае еднасць з Табою. Пане, я слабы і грэшны, але змагаюся з гэтым. Хачу быць як хлеб — усім для ўсіх, і да гэтага імкнуся. Толькі Ты, Божа, для мяне сапраўды важны.

Адчуваю незадаволенасць, калі штосьці адбываецца не так, як я хачу, але я ніколі не задумваюся, ці згоднае гэта з Божаю воляю? Трэба жыць для іншых. Даць людзям свабоду. Няхай Бог кіруе кожным з нас. На заканчэнне скажу самую кароткую фармулёўку Божай Міласэрнасці: «Павер Богу і будзь добрым, павер Божай Міласэрнасці і будзь міласэрным!»

Амэн.

 

Адноўлена 18.07.2009 18:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі