Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нашыя рукі няхай стануць рукамі Хрыста

Гамілія Святога Айца Бэнэдыкта XVI

Вялікі чацвер, 13 красавіка 2006 г.

Св. Імша Хрызма ў базыліцы
святога Пятра ў Ватыкане

У Вялікі чацвер у першай палове дня Бэнэдыкт XVI цэлебраваў у ватыканскай базыліцы св. Імшу Хрызма разам з 36 кардыналамі, 60 біскупамі і каля 1500 святарамі, якіх у сваёй гаміліі заклікаў да глыбокай еднасці з Хрыстом і да ахвярнага пастырскага служэння: « Будзем жа зноў і зноў звяртаць да Яго наш позірк і працягваць да Яго нашыя рукі. Дазволім Яму ўзяць нас у руку, і тады не ўтопімся, а будзем служыць жыццю, якое мацнейшае за смерць, і любові, якая мацнейшая за нянавісць». Перад асвячэннем святых алееў усе канцэлебранты ў прысутнасці Наступніка святога Пятра аднавілі святарскія абяцанні, прымаючы на сябе абавязак больш верна служыць Богу і братам.

Дарагія браты ў біскупстве і святарстве,
дарагія браты і сёстры!

Вялікі чацвер — гэта дзень, калі Пан даручыў Дванаццаці святарскае заданне цэлебраваць у постацях хлеба і віна сакрамэнт Яго Цела і Крыві, аж да Яго другога прыйсця. Замест пасхальнага ягняці і ўсіх ахвяраў Старога Запавету з’яўляецца дар Яго Цела і Яго Крыві, дар самога сябе. Такім чынам новы культ грунтуецца на тым, што, перш за ўсё, Бог дае нам дар, а мы, напоўненыя гэтым дарам, становімся Ягонымі: стварэнне вяртаецца да Створцы. Такім чынам таксама святарства сталася новаю з’яваю: цяпер яно не перадаецца ў спадчыну, а з’яўляецца сустрэчаю ў таямніцы Езуса Хрыста. Ён — гэта Той, хто заўсёды адорвае і прыцягвае нас угору, да сябе. Толькі Ён можа сказаць: «Гэта — Цела Маё, гэта — Кроў Мая». Таямніца святарства Касцёла заключаецца ў тым, што мы, мізэрныя чалавечыя істоты, моцаю сакрамэнту можам прамаўляць ад Ягонага «Я»: in persona Christi. Ён жадае здзяйсняць сваё святарства праз нашае пасрэдніцтва. Гэтую хвалюючую таямніцу, якая ў кожнай цэлебрацыі Сакрамэнту нанава закранае нас, мы асаблівым чынам узгадваем у Вялікі чацвер. Каб штодзённасць не пашкодзіла таму, што з’яўляецца вялікім і таямнічым, нам неабходны такі асаблівы успамін; нам неабходна вяртацца да таго моманту, калі Ён усклаў на нас свае рукі і зрабіў нас удзельнікамі гэтай таямніцы.

 
Пан усклаў на нас рукі

Таму давайце зноў паразважаем над знакамі, праз якія нам быў удзелены гэты сакрамэнт. У яго цэнтры — вельмі старажытны жэст ускладання рук, праз які Ён узяў мяне ва ўласнасць, гаворачы: «Ты належыш Мне». Але гэтым Ён таксама сказаў: «Ты знаходзішся пад абаронаю Маіх рук. Ты знаходзішся пад абаронаю Майго сэрца. Цябе захоўваюць Мае далоні, і такім чынам ты знаходзішся ў прасторы Маёй любові. Заставайся ў Маіх руках і аддай Мне свае».

Будзем памятаць таксама, што нашыя рукі былі намашчаныя алеем, які з’яўляецца знакам Святога Духа і Яго моцы. Чаму менавіта рукі? Рука чалавека — гэта прылада яго дзеяння, сімвал яго здольнасці супрацьстаяць свету — менавіта «узяць яго ў рукі». Пан усклаў на нас рукі і цяпер Яму патрэбныя нашыя рукі, каб у свеце яны сталі Ягонымі рукамі. Ён хоча, каб яны не былі ўжо прыладаю для таго, каб браць сабе рэчы, людзей і свет, рабіць яго сваёю ўласнасцю, а наадварот, каб перадаваць Яго Боскі дотык, аддаючы сябе на служэнне Ягонай любові. Ён хоча, каб яны былі прыладаю служэння і такім чынам — выразам пасланніцтва ўсяго чалавека, які становіцца Яго даверанаю асобаю і нясе Яго людзям. Калі рукі чалавека з’яўляюцца сімвалам яго магчымасцяў і, у больш агульным значэнні, майстэрства ўлады распараджацца светам, то намашчаныя рукі павінны быць знакам яго здольнасці даваць, творчай здольнасці фармаваць свет з любоўю. А для гэтага нам, безумоўна, патрэбны Святы Дух. У Старым Запавеце намашчэнне з’яўляецца знакам прыняцця служэння: кароль, прарок, святар робіць і дае больш за тое, што паходзіць ад яго самога. Пэўным чынам ён нібы пазбаўлены самога сябе з увагі на служэнне, у якім паступае ў распараджэнне Кагосьці большага за яго самога. Калі сёння Евангелле прадстаўляе Езуса як Памазанніка Божага, Хрыста, гэта азначае менавіта тое, што Ён дзейнічае як Пасланец Айца і ў еднасці са Святым Духам і такім чынам дае чалавецтву новую кралеўскую годнасць, новае святарства, новы спосаб быць прарокам, які не шукае самога сябе, але жыве для Таго, дзеля каго свет быў створаны. Аддадзім жа сёння ізноў нашыя рукі ў Яго распараджэнне і будзем прасіць Яго, каб Ён заўсёды нанава браў нас за руку і вёў за сабою.

 
Вядзе нас за руку

У сакрамэнтальным жэсце ўскладання рук, здзейсненым біскупам, сам Пан усклаў на нас рукі. Гэты сакрамэнтальны знак выяўляе ўсё жыццё. Калісьці гэтак жа, як першыя вучні, мы сустрэліся з Панам і пачулі Ягоныя словы: «Ідзі за Мною!». Магчыма, напачатку мы пайшлі за Ім крыху няўпэўнена, азіраючыся назад і пытаючыся ў яго, ці сапраўды гэта наш шлях. А на пэўным этапе гэтага шляху, напэўна, перажылі тое самае, што і Пётр пасля цудоўнага ўлову рыбы — гэта значыць, былі напалоханыя Ягонай веліччу, велічнасцю задання і несканаласцю сваёй нікчэмнай асобы, што нават хацелі адступіць: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны!» (Лк 5, 8). Але пасля Ён з вялікаю дабрынёю ўзяў нас за руку, прыцягнуў да сябе і сказаў: «Не бойся! Я з табою. Я не пакіну цябе, і ты Мяне не пакідай!». І, магчыма, няраз з намі здаралася тое ж, што і з Пятром, калі ён, ідучы па вадзе насустрач Пану, раптам адчуў, што вада яго не трымае, і пачаў тануць. Тады, як Пётр, мы крычалі: «Пане, ратуй Мяне!» (Мц 14, 30). Бачачы неўтаймаванасць стыхіяў, як маглі мы прайсці па шумлівых і бурлівых водах мінулага стагоддзя і мінулага тысячагоддзя? Але тады мы паглядзелі на Яго… і Ён падтрымаў нас за руку, надаўшы нам новую «ўдзельную вагу»: лёгкасць, якая вынікае з веры і дазваляе ўзняцца ўгару. А пасля Ён дае нам руку, якая падтрымлівае і нясе. Ён падтрымлівае нас. Будзем жа зноў і зноў звяртаць да Яго наш позірк і працягваць да Яго нашыя рукі. Дазволім Яму ўзяць нас у руку, і тады не патонем, а будзем служыць жыццю, якое мацнейшае за смерць, і любові, якая мацнейшая за нянавісць. Вера ў Хрыста, Сына Бога жывога, — гэта сродак, дзякуючы якому мы зноў і зноў хапаемся за руку Езуса і праз які Ён бярэ нас за руку і вядзе. Адна з маіх улюбёных малітваў — гэта просьба, якую літургія ўкладае ў нашыя вусны перад Камуніяй: «…не дапусці, каб я адышоў ад Цябе». Просім, каб мы ніколі не адлучыліся ад адзінства з Ягоным Целам, з самім Хрыстом; каб ніколі не былі адлучаныя ад таямніцы Эўхарыстыі. Просім, каб Ён ніколі не адпусціў нашай рукі…

 
Назваў вас сябрамі

Пан усклаў на нас сваю руку. Значэнне гэтага жэсту Ён выявіў у словах: «Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам» (Ян 15, 15). Ужо не называю вас слугамі, але сябрамі: у гэтых словах можна было б наўпрост бачыць устанаўленне святарства. Пан робіць нас сваімі сябрамі: Ён даручае нам усё, даручае нам самога сябе, такім чынам, што мы можам прамаўляць ад Ягонага «Я» — in persona Christi capitis. Які вялікі давер! Ён сапраўды даверыўся нашым рукам. Асноўныя знакі святарскага пасвячэння па сутнасці ўсе з’яўляюцца выразам гэтых словаў: ускладанне рук, уручэнне кнігі — Ягонага слова, якое Ён нам давярае, уручэнне келіха, праз які Ён перадае нам сваю самую глыбокую і асабістую таямніцу. Да гэтага адносіцца таксама ўлада адпускаць грахі: Ён робіць нас удзельнікамі таксама свайго ўсведамлення няшчасця граху і ўсёй цемры свету і дае нам у рукі ключ, якім можна адчыніць дзверы ў дом Айца. Не называю вас слугамі, але сябрамі. Найглыбейшы сэнс быцця святаром у тым, каб стаць сябрам Езуса Хрыста. Гэтае сяброўства мы павінны штодзённа аднаўляць. Сяброўства азначае адзінства думак і жаданняў. Святы Павел у пасланні да Філіпянаў гаворыць, што мы павінны ўмацоўваць гэтае адзінства думак з Езусам (пар. Філ 2, 2–5). Гэтае адзінства думак не павінна быць выключна інтэлектуальным. Яно з’яўляецца таксама адзінствам пачуццяў і жаданняў, а значыць, і дзеянняў. Гэта азначае, што мы павінны пазнаваць Хрыста ўсё больш асабіста, слухаючы Яго, жывучы разам з Ім, трымаючыся блізка каля Яго. Слухаць Яго — у lectio Divina, чытаючы Святое Пісанне не акадэмічна, а духоўна. Такім чынам мы вучымся сустракаць Езуса, які прысутнічае і звяртаецца да нас. Мы павінны думаць і разважаць пра Ягоныя словы і справы перад Ім і з Ім. Чытанне Святога Пісання з’яўляецца малітваю, павінна быць малітваю — павінна выходзіць з малітвы і весці да малітвы. Евангелісты гавораць нам, што Пан Езус часта на ўсю ноч адыходзіў «на гару», каб маліцца ў самоце. Таксама і нам патрэбна такая «гара»: унутраная вышыня, на якую мы павінны ўздымацца, гара малітвы. Толькі так развіваецца сяброўства. Толькі так мы зможам здзяйсняць сваё святарскае служэнне, толькі так зможам несці Хрыста і Яго Евангелле людзям. Звычайны актывізм можа быць нават гераізмам. Але ў рэшце рэшт знешняя дзейнасць не прыносіць плёну і застаецца малаэфектыўнай, калі не нараджаецца з глыбокай унутранай еднасці з Хрыстом. Час, які мы гэтаму прысвячаем, — гэта на самай справе час пастырскай дзейнасці, час сапраўднай душпастырскай дзейнасці. Святар перш за ўсё павінен быць чалавекам малітвы. Свет у сваім нястрыманым актывізме часта губляе арыентацыю. Яго дзейнасць і яго здольнасці становяцца разбуральнымі, калі не хапаае моцы малітвы, з якой бруяць воды жыцця, здольныя зрабіць урадліваю сухую зямлю.

 
Жыць, цярпець і дзейнічаць з Хрыстом

Ужо не называю вас слугамі, але сябрамі. Галоўнае ў святарстве — быць сябрамі Езуса Хрыста. Толькі такім чынам мы сапраўды зможам прамаўляць in persona Christi, хоць наша ўнутраная аддаленасць ад Хрыста не можа пашкодзіць дзейснасці сакрамэнту. Быць сябрам Езуса, быць святаром азначае быць чалавекам малітвы. Такім чынам мы пазнаем Яго і перастаем быць звычайнымі несвядомымі слугамі. Такім чынам мы вучымся жыць, пакутаваць і дзейнічаць з Ім і для Яго. Сяброўства з Езусам заўсёды пераносіцца таксама на тых, хто Яму належыць. Мы можам быць сябрамі Хрыста толькі ў еднасці з усім Хрыстом, з галавою і целам, у буяючай вінаграднай лазе Касцёла, якую ажыўляе Пан. Толькі ў ім Святое Пісанне з ласкі Божай з’яўляецца словам жывым і актуальным. Без жывой рэчаіснасці Касцёла, якая ахоплівае ўсе часы, Біблія зводзіцца да разнародных пісанняў і такім чынам становіцца кнігаю мінулага. Яна становіцца вымоўнаю ў наш час толькі там, дзе ёсць «Прысутнасць», — там, дзе Хрыстус заўсёды з’яўляецца нашым сучаснікам: у целе свайго Касцёла.

Быць святаром азначае станавіцца сябрам Езуса Хрыста ўсё больш і больш, усім нашым існаваннем. Свету патрэбны Бог — не нейкі там бог, а Бог Езус Хрыстус; Бог, які стаў целам і крывёю, які палюбіў нас да такой ступені, што прыняў за нас смерць, які ўваскрос і стварыў у самім сабе прастору для чалавека. Гэты Бог павінен жыць у нас, а мы — у Ім. Гэта наша святарскае пакліканне: толькі тады нашая святарская дзейнасць можа быць плённаю. Я хацеў бы завяршыць гэтую гамілію словамі Андрэа Санторо, святара Рымскай дыяцэзіі, забітага ў Трабзоне падчас малітвы. Вось гэтыя словы, якія нам працытаваў падчас духоўных практыкаванняў кардынал Чэ: «Я тут для таго, каб жыць сярод гэтых людзей і даць жыць сярод іх Езусу, аддаючы Яму маё цела… Мы становімся гатовымі да збаўлення толькі тады, калі ахвяруем уласнае цела. Трэба несці пакуты свету і падзяляць боль, прымаючы іх ва ўласным целе да канца, як гэта зрабіў Езус». Езус прыняў наша цела. Дадзім Яму нашыя целы, каб такім чынам Ён мог прыходзіць у свет і змяняць яго. Амэн!

Адноўлена 18.07.2009 16:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі