Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец падтрымаў дабрачынную ініцыятыву на сваёй радзіме
Святы Айцец
14.08.2016 18:23

Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін ад імя Пантыфіка даслаў ліст у падтрымку штогадовага дабрачыннага збору сродкаў у Аргенціне.

«Больш для тых, хто мае менш» (Más por Menos) — гэта традыцыйная калекта, якую ў Аргенціне арганізуюць на карысць найбольш патрабуючых. Сёлета яна будзе праводзіцца 10-11 верасня пад дэвізам «Больш міласэрнасці на карысць меншага выключэння».

Ліст Дзяржсакрата быў накіраваны на імя старшыні камісіі епіскапату, адказнай за аказанне дапамогі найбольш бедным рэгіёнам краіны. Кардынал Паралін падкрэсліў, што ў гэты Святы Год Міласэрнасці Папа «заклікае прыкласці вялікія асабістыя і супольныя намаганні». «Мы павінны выйсці насустрач шматлікім патрабуючым братам, якія адчуваюць сябе выключанымі з грамадства, і прывесці іх да блізкасці і любові Бога», — напісаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

У лісце таксама гаворыцца, што «Пантыфік заклікае быць адчувальнымі да крыку болю шматлікіх людзей, выкінутых на ўзбочыну, якія, змучаныя беднасцю, шукаюць сяброўскай рукі, што дапаможа ім». Дзяржсакратар дадаў, што «Хрыстус – сапраўднае аблічча міласэрнага Айца – дазваляе нам адчуць радасць ад дзялення ўласным часам і рэчамі з тымі, каго Бог любіць з упадабаннем, самымі беднымі і пакінутымі».

Папскі заклік гучыць у момант, калі ў Аргенціне ідуць сур’ёзныя дэбаты з нагоды крызісу, у які пагрузілася краіна. Паводле рапарту, падрыхтаванага мясцовым каталіцкім універсітэтам, сацыяльна-эканамічная сітуацыя там значна пагоршылася ў апошні час. У асноўным гэта звязана з запаволеннем эканамічнага росту, высокім узроўнем інфляцыі і ростам беспрацоўя. У дакладзе падкрэсліваецца, што асабліва складанае становішча людзей, якія належаць да ніжэйшых слаёў сярэдняга класа. Мяркуецца, што ў апошнія месяцы амаль мільён чалавек з гэтага сегменту грамадства адчулі на сабе жыццё за мяжой беднасці.

Таксама 13 жніўня Папа Францішак напісаў у сваім профілі на Twitter: «Няхай людзі бачаць у нашым жыцці Евангелле: ахвярную і верную любоў да Хрыста і братоў». Гэтыя словы — адлюстраванне вышэй узгаданага ліста, які даслаў кардынал П’етро Паралін.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.