Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заклікаў «не закрывацца ў сістэме правіл»
Святы Айцец
30.05.2016 17:21

«Касцёл і кожны хрысціян павінны дбаць, каб не закрыцца ў сістэме правіл, але пакінуць месца для "памяці" аб дарах, атрыманых ад Бога, для прароцкага дынамізму і перспектывы надзеі», — сказаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 30 мая.

У гаміліі Святы Айцец папярэдзіў аб небяспецы празмернага даверу да нормаў. Такое стаўленне мелі кніжнікі і фарысеі, якія хацелі забіць Езуса, сказаў Папа, спасылаючыся на евангельскую прыпавесць пра несправядлівых вінаградараў (Мк 12, 1-12).

Вобраз вінаградараў, якія забілі не толькі пасланых слуг, але і сына гаспадара вінаградніка, — гэта вобраз народу, закрытага ў самім сабе, які не адкрываецца на Божыя абяцанні, не мае памяці і надзеі, адзначыў Пантыфік.

«Такім чынам апраўдваюцца настаўнікі закону, тэолагі, якія заўсёды крочаць шляхам казуістыкі і не дазваляюць праявіцца свабодзе Святога Духа; не прызнаюць Божага дару, дару Духа, і закрываюць Духа ў клетцы», — сказаў Папа.

«Тым людзям Езус, які сам асабіста спазнаў спакусу, сказаў: “праходзіце палову свету, каб знасці празеліта, а калі яго знаходзіце, робіце нявольнікам”. Такім чынам Касцёл робіць народ нявольнікамі.

Цяпер мы разумеем рэакцыю Паўла, які казаў пра рабства закону і свабоду, якую дае ласка. Народ свабодны, Касцёл свабодны, калі мае памяць, калі пакідае месца прарокам, калі не губляе надзеі», — падкрэсліў Святы Айцец.

«Ці памятаю пра цуды, якія Бог учыніў у маім жыцці? Ці памятаю пра дары Пана? Ці здольны адкрыць сэрца на прарокаў? Ці давяраю Божым абяцанням, як рабіў гэта Абрагам, які пакінуў родную зямлю, не ведаючы, куды ідзе, толькі таму, што пакладаў надзею на Бога?» — на гэтыя пытанні Пантыфік заклікаў разам адказаць вернікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.