Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец даў інтэрв’ю французскай «La Croix»
Святы Айцец
18.05.2016 10:00

Крызіс пакліканняў, пытанні, звязаныя з педафіліяй, і адносіны з лефебрыстамі — некаторыя тэмы, якія былі закрануты ў інтэрв’ю Папы Францішка французскаму каталіцкаму выданню «La Croix». «Хоць Францыя і з’яўляецца першароднай дачкой Касцёла», сёння яна стала «перыферыяй, якая патрабуе евангелізацыі», падкрэсліў Папа.

Пантыфік прызнаўся, што атрымаў ад дзяржаўных і касцёльных уладаў запрашэнне наведаць гэтую краіну, але хутчэй за ўсё падарожжа не ўдасца рэалізаваць у 2017 годзе, паколькі ў краіне будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары. Калі яно адбудзецца, Папа жадае наведаць Марсель — горад, у якім яшчэ не быў ніводзін Пантыфік.

Гаворачы пра евангелізацыю ў кантэксце крызісу пакліканняў, Папа Францішак падкрэсліў, што для яе «не абавязкова патрэбныя святары»: евангелізаваць могуць усе вернікі ў сілу свайго хросту і атрыманых падчас яго ласкаў Святога Духа. У чарговы раз Пантыфік раскрытыкаваў клерыкалізм, які назваў небяспекай для Касцёла.

На працягу апошніх месяцаў у Францыі шырока абмяркоўваецца тэма педафіліі сярод духавенства. У сувязі з гэтым Папа Францішак, следуючы прыкладу Бэнэдыкта XVI, назваў сябе прыхільнікам прынцыпу «нулявой талерантнасці» да святароў, якія здзяйсняюць падобныя злачынствы. У той жа час Пантыфік заклікаў дачакацца вынікаў расследавання некаторых выпадкаў і не рабіць паспешных высноў.

«Мы ідзём наперад павольна і з асцярожнасцю», — сказаў Папа, каментуючы адносіны са святарскім Брацтвам св. Пія Х. Лефебрыстаў Святы Айцец назваў «католікамі, якія знаходзяцца на шляху да поўнай еднасці», і падкрэсліў, што іх прадстаяцель, біскуп Бернар Фэле, з’яўляецца «чалавекам, з якім можна дыскутаваць».

Гаворачы пра праблему міграцыі, Папа Францішак пагадзіўся, што «нельга расчыняць дзверы ірацыянальным чынам», але ў той жа час заклікаў памятаць пра фундаментальнае пытанне: чаму мільёны людзей вымушаны пакідаць свае родныя краіны?

Святы Айцец лічыць важнай інтэграцыю мігрантаў і недапушчэнне стварэння адмысловых «гета» для іх. «Мірнае суіснаванне паміж хрысціянамі і мусульманамі магчыма», — сказаў Папа. Ідэю «заваявання», прысутную ў ісламе, Святы Айцец прапанаваў разглядаць адпаведна закліку Езуса: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19).

Пантыфік крытычна выказаўся пра «перабольшванні з лаіцызмам» у Францыі, які разглядае рэлігіі ў якасці субкультур, а не паўнапраўных культур з адпаведнымі ім правамі. Папа пажадаў краіне зрабіць крок наперад у гэтым пытанні, каб прыняць той факт, што «адкрытасць на трансцэндэнтнасць з’яўляецца правам усіх».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.