Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа Францішак: Наша дэкларацыя не палітычная ці сацыялагічная – гэта пастырскі зварот
Святы Айцец
14.02.2016 08:23

Наша размова з Патрыярхам Кірылам была размовай паміж братамі, сказаў Папа Францішак у кароткім звароце да журналістаў падчас пералёту з Кубы ў Мексіку 13 лютага. У Гаване 12 лютага прайшла сустрэча Пантыфіка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.

Папа распавёў, што ў ходзе размовы закраналіся пытанні, якія турбавалі іх абодвух.

«Я адчуваў, што знаходжуся перад братам, і ён казаў мне тое ж. Два біскупы размаўлялі пра сітуацыю сваіх Цэркваў, а затым пра сітуацыю ў свеце, пра войны, якія сёння рызыкуюць перастаць быць “фрагментарнымі” і ахапіць усё; аб праваслаўі, маючым адбыцца Усеправаслаўным Саборы... Кажу шчыра, я адчуў вялікую ўнутраную радасць, якая сапраўды была ад Пана», — падзяліўся Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што сустрэча адбывалася ў свабоднай і радаснай атмасферы, а падчас яе абмяркоўваліся таксама некаторыя сумесныя праекты. «Аднойчы я казаў, што калі адзінства будуецца праз адукацыю, вывучэнне тэалогіі і гэтак далей, то калі прыйдзе Пан, мы ўсё яшчэ будзем яго будаваць. Адзінства будуецца на шляху, калі мы крочым па ім. Няхай Пан, калі прыйдзе, прынамсі ўбачыць, што мы крочым», — сказаў Папа.

Каментуючы дэкларацыю, падпісаную сумесна з Патрыярхам Кірылам, Пантыфік адзначыў, што будзе шмат інтэрпрэтацый гэтага дакумента. «Але гэта не палітычная ці сацыялагічная дэкларацыя: гэта пастырскі зварот, нават калі ў ім гаворыцца пра секулярызм і такія ясныя рэчы, як біягенетычныя маніпуляцыі і іншыя падобныя справы. Дэкларацыя — пастырская: двух біскупаў, якія сустрэліся са сваімі пастырскімі клопатамі», — дадаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 23.05.2016
  • 22.05.2016
  • 21.05.2016
  • 20.05.2016
  • 19.05.2016