Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: шлях да святасці — гэта пакора
Святы Айцец
02.02.2016 12:47

Пакора — гэта шлях да святасці, адзначыў Папа Францішак 1 лютага падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік засяродзіўся на чытанні з Другой кнігі Самуэля, у якім гаворка ідзе аб прыніжэннях, якія сустрэў кароль Давід па прычыне сваёго граху і вайны, абвешчанай яму ўласным сынам Абсаломам.

Святы Айцец нагадаў, што Давід быў грэшнікам, але не сапсутым чалавекам. Ён усвядоміў уласны грэх, аднак з вуснаў прарока пачуў словы: «не адступіцца меч ад твайго дома навекі». «Бог прабачыў грэх Давіда, але раны дэмаралізацыі загойваюцца з цяжкасцю. Мы бачым гэта ў многіх частках свету», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік распавёў, як перад пагрозай з боку ўласнага сына Давід сабраў свой народ і вырашыў пайсці з Ерузалема, пакінуўшы там Каўчэг Запавету. Ён не адважыўся карыстацца ім для абароны, не выкарыстоўваў Бога, каб бараніць сябе, але адышоў, каб выратаваць сваіх людзей. «Гэта шлях святасці, на які Давід вырашыў паўстаць», — дадаў Папа.

Пантыфік дадаў, што Давід ішоў босы, з пакрытай галавой і са слязьмі на вачах. Па дарозе ён сустракаў людзей, якія яго пракліналі і нават называлі «крывавым мужам і нягодным чалавекам». Ён, аднак, прымаў усё гэта з пакорай.

Давід, адзначыў Святы Айцец, быў здольным бачыць знакі: гэта быў момант яго прыніжэння, калі ён расплочваўся за свае правіны. «Можа, паглядзіць Пан на прыніжэнне маё і адплаціць мне дабром за гэты сённяшні праклён», — казаў ён і давяраў сябе ў рукі Бога. Гэта, паводле слоў Папы Францішка, з’яўляецца святасцю і пакорай.

Святы Айцец заклікаў вернікаў браць прыклад з Давіда і з пакорай зносіць абвінавачванні. «Адзіным шляхам да пакоры з’яўляюцца прыніжэнні», — сказаў Пантыфік. Папа нагадаў, што святасць, якой Бог адорвае сваіх дзяцей, свой Касцёл, прыходзіць праз прыніжэнні Яго Сына, які дазволіў, каб Яго зняважылі і несправядліва ўкрыжавалі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.