Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа даў прэс-канферэнцыю падчас вяртання з Афрыкі
Святы Айцец
01.12.2015 14:58

30 лістапада Папа Францішак даў імправізаваную прэс-канферэнцыю на борце самалёта падчас вяртання ў Рым са свайго Апостальскага падарожжа ў Афрыку.

Пантыфіка спыталі пра ўражанні ад візіту ў трушчобах Кангемі, пра адсутнасць доступу да чыстай вады, а таксама пра тое, што трэба зрабіць, каб пакласці канец несправядлівасці. Папа паўтарыў неаднаразова агучаную ім думку, што ў цэнтр сённяшняй эканамічнай сістэмы пастаўлена «ідалапаклонства грошай». Святы Айцец не хаваў таго, што ў трушчобах адчуў моцны боль.

Пантыфік падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі аб візіце ў дзіцячую бальніцу ў Бангі, адзіную такога роду ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Малым пацыентам не хапае ежы і большасць з іх па прычыне недаядання не могуць перамагчы малярыі. Папа выказаў перакананне, што, калі людзі не зменяць сваё стаўленне, то беды, трагедыі, войны будуць працягвацца, а дзеці будуць паміраць ад голаду.

Папа падзяліўся таксама планамі наступных замежных падарожжаў. Пантыфік адзначыў, што, калі ўсё пойдзе добра, мэтай яго чарговай пілігрымкі стане Мексіка, але даты пакуль невядомы, і дадаў, што хацеў бы наведаць санктуарый Маці Божай Гвадэлупскай, а таксама тры ці чатыры гарады, якія ніколі не наведвалі яго папярэднікі: Ч’япас, Марэль і Сьюдад-Хуарэс. Папа прызнаўся, што ў 2017 г. яго запрасілі ў Апарэсіду ў Бразіліі, адкуль ён мог бы таксама паехаць у іншую краіну, але канкрэтных планаў такой паездкі пакуль няма.

Пантыфік прызнаўся, што Афрыка аказала на яго вялікае ўражанне. Папа адзначыў, што кожная з трох краін мае сваю тоеснасць: Кенія – краіна дастаткова сучасная і развітая, Уганда можа ганарыцца сваімі мучанікамі, і каталіцкімі, і англіканскімі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка жадае міру, паяднання і прабачэння.

Прагучала пытанне і адносна нядаўняга інцыдэнту з уцечкай ватыканскіх канфідэнцыйных дакументаў і судовага працэсу па гэтай справе. Папа не хаваў, што прызначэнне кс. Лусіа Анхеля Вальеха Бальда і Франчэскі Шаўкі ў якасці членаў Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду было памылкай. «Для мяне гэта было нечаканасцю, я не мог спаць», - прызнаўся Святы Айцец і выказаў упэўненасць у тым, што ў ходзе судовага працэсу праўда будзе высветлена. Папа запэўніў, што працэс «ачышчэння» ў Ватыкане працягнецца.

Журналісты таксама спыталіся аб магчымасці змены вучэння Касцёла на тэму выкарыстання кантрацэптываў у кантэксце эпідэміі СНІДу. Папа адзначыў, што гэта толькі адзін з метадаў. Мараль Касцёла адносна яго знаходзіцца «ў пэўнай збянтэжанасці». Але, па словах Пантыфіка, часта за гэтым пытаннем жадаюць схаваць сапраўдныя праблемы Афрыкі: недаяданне, эксплуатацыю, рабскую працу, адсутнасць пітной вады, сацыяльную несправядлівасць.

Адно з пытанняў датычыла канферэнцыі па зменах клімату, якая пачалася ў Парыжы. Святы Айцец лічыць, што ў гэтай галіне рашэнні павінны быць прыняты зараз або ніколі. «Мы знаходзімся на грані самагубства, калі выкарыстоўваюць моцныя тэрміны, і я ўпэўнены, што амаль усе прысутныя ў Парыжы ведаюць гэта і хочуць зрабіць нешта», - сказаў Пантыфік.

Апошняе пытанне датычылася драматычнай сітуацыі на афрыканскім кантыненце. Папа падкрэсліў, што Афрыка заўсёды выкарыстоўвалася іншымі дзяржавамі, напрыклад, падчас рабства, і сёння ёсць сілы, якія імкнуцца ўзяць пад кантроль вялікія багацці гэтага кантынента, не думаючы аб дапамозе ў развіцці і забеспячэнні працы мясцовых жыхароў. «Афрыка з’яўляецца мучаніцай эксплуатацыі. Тыя, хто кажуць, што з Афрыкі бяруцца ўсе няшчасці і войны, не ведаюць той шкоды, якую прычыняюць чалавецтву некаторыя формы развіцця. І вось чаму я люблю Афрыку: таму што яна стала ахвярай іншых дзяржаў», - прызнаўся Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.