Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак не глядзіць тэлевізар і марыць схадзіць у піцэрыю
Святы Айцец
25.05.2015 16:54

Папа Францішак даў інтэрвю аргенцінскаму часопісу La voz del pueblo, у якім распавёў пра свае аўдыенцыі і сустрэчы з людзьмі, пагрозы замаху, спачуванне пакутам дзяцей і вязняў, абяцанне Маці Божай не глядзець тэлевізар і жаданне выйсці ў горад на піцу.

Святы Айцец прызнаўся, што не можа жыць без сустрэч з людзьмі: яму падабаецца у ватыканскім Доме св. Марты, дзе пастаянна пражывае каля 40 супрацоўнікаў Апостальскай Сталіцы і шматлікія госці, цэлебраваць ранішнюю Эўхарыстыю ў прысутнасці розных груп вернікаў. «Я стаў святаром, каб быць з людзьмі», сказаў Папа.

Пантыфіку не хапае свабоднага выхаду ў горад, наведвання піцэрыі, карыстання аўтобусам і метро, што ён звычайна рабіў да абрання на Пасад св. Пятра. «Мне не хапае гораду, таму што я гараджанін у душы», падкрэсліў Святы Айцец.

Папа распавёў, што звычайна кладзецца ў ложак каля 21.00, чытае на працягу гадзіны і прачынаецца без будзільніка ў 4.00; спіць таксама пасля абеду – ад 40 хвілін да гадзіны. Апошнім часам па вечарах Пантыфік чытае працы вялікага духоўнага настаўніка св. Сілуана Афонскага манаха Канстанцінопальскага Патрыярхату рускага паходжання.

Святы Айцец вельмі чуллівы да болю людзей: пакутаў мігрантаў, вязняў, хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу за веру, хваробаў дзяцей, выкліканых занядбаннем клопату пра навакольнае асяроддзе. «На людзях я не плачу. Два разы я быў на мяжы гэтага, але здолеў сябе спыніць», прызнаўся Пантыфік.

Папа Францішак расказаў, што мае страх перад фізічным болем, што, магчыма, з’яўляецца наступствам аперацыі на лёгкіх, якую перанёс у 19-гадовым узросце. У 1990 г. ён паабяцаў Маці Божай не глядзець тэлевізар, што робіць да сённяшняга дня. Нават з турнірнай табліцай аргенцінскага футбольнага чэмпіянату Пантыфіка знаёміць адзін з швейцарскіх гвардзейцаў. Напрыканцы інтэрв’ю Папа прызнаўся, што марыць, каб яго запомнілі чалавекам, які спрабаваў рабіць дабро.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.