Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У рамках візіту ў Неапаль Папа сустрэўся з хворымі і медработнікамі
Святы Айцец
22.03.2015 15:43

21 сакавіка ў рамках візіту ў Неапаль Папа Францішак сустрэўся з хворымі і медыцынскімі работнікамі. Пантыфік нагадаў пра каштоўнасць сведчання св. Джузэпэ Маскаці – неапальскага ўрача і навукоўцы, якія быў здольны бачыць Хрыста ў абліччах хворых і заўважаць не толькі цела, патрабуючае клопату, але перш за ўсё асобу, якая прагне дапамогі і суцяшэння.

“Гэта важна для медыкаў – мець чуласць, аб якой даў сведчанне св. Джузэпэ Маскаці сваімі адносінамі да хворых і пакутуючых. Якая вялікая патрэба існуе ў гуманізацыі медыцыны і колькі дабра яна можа прынесці хворым і іх блізкім, там, дзе ёй здолеюць жыць”, - сказаў Папа.

“Я ведаю аб намаганнях Касцёла тут, у Неапалі, які, як доктар Маскаці, выходзіць на вуліцы, у завулкі і, каб пазнаёміць пакутуючых людзей з Езусам, пахіляецца над іх ранамі і клапоціцца пра іх, лечыць іх, як Добры Самаранін, і ўздымае. Я заклікаю вас ісці далей у гэтай працы, якая з’яўляецца справай міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік.

Звяртаючыся да хворых, Святы Айцец заклікаў іх не закрывацца ў сабе, але спрабаваць дапамагаць тым, каму, магчыма, яшчэ горш. “Пераносіць цяжары адзін аднаго: гэтым можна жыць таксама і ў хваробе, дзякуючы міласэрнасці Езуса да нас. Ён нас робіць здольнымі жыць любоўю да Бога і бліжняга таксама і ў пакутах, у хваробе і болю. Любоў здольная перамяніць усё. Якой важнай і неабходнай для народу Божага з’яўляецца малітва хворых! Яна моцная. Маліцеся аб патрэбах людзей, аб міры і за Касцёл”, - пажадаў хворым Папа і заклікаў памятаць у малітве пра яго самога.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.