Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: прызвычайвацца да культуры «выкідвання» састарэлых людзей — гэта маладушша
Святы Айцец
04.03.2015 15:07

Сваю катэхезу, прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 4 сакавіка, Папа Францішак прысвяціў актуальнай сітуацыі пажылых людзей. Пантыфік падкрэсліў, што хоча закрануць праблемныя пытанні, каб падчас аўдыенцыі на наступным тыдні паразмаўляць аб больш станоўчых аспектах, а менавіта аб асаблівым пакліканні людзей, якія дасягнулі пажылога ўзросту.

У першую чаргу Святы Айцец адзначыў, што, дзякуючы прагрэсу ў сферы аховы здароўя, жыццё людзей стала больш доўгім, аднак грамадства не прыстасавалася да гэтай змены.

«Колькасць пажылых людзей павялічылася, але нашы грамадствы не дастаткова арганізаваліся, каб даць ім месца, з належнай павагай і канкрэтнай пашанай да іх уразлівасці і годнасці. Пакуль мы маладыя, мы схільныя да ігнаравання старасці, яна ўяўляецца нібыта хваробай, ад якой трэба трымацца здалёк. Калі потым становімся пажылымі, асабліва калі з’яўляемся беднымі, хворымі і самотнымі, на сабе адчуваем недахопы грамадства, запраграмаванага на эфектыўнасць, якое, як наступства, ігнаруе пажылых. Пажылыя — гэта багацце. Іх нельга ігнараваць», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў «ясныя і прарочыя» словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што якасць грамадства або цывілізацыі «вызначаецца таксама і тым, як у ім адносяцца да пажылых людзей і якое месца ім вылучаецца ў супольным жыцці». «Сапраўды, увага да пажылых з’яўляецца адметнай рысай цывілізацыі. (...) Цывілізацыя, у якой няма месца для пажылых людзей, у якой яны выдаляюцца на ўзбочыну, бо ствараюць праблемы, носіць у сабе вірус смерці», — лічыць Папа Францішак.

Святы Айцец назваў сапраўдным выклікам праблему «старэння» грамадства і імкненне глядзець на пажылых людзей праз прызму «эфектыўнасці». «Культура прыбытку намагаецца прадставіць пажылых людзей у якасці цяжару, «баласту». Яны не толькі нічога не вырабляюць — думае такая культура — але і патрабуюць выдаткаў. Што адбываецца ў выніку такога меркавання? — Пажылыя выкідваюцца на ўзбочыну. (...) Пра гэта не гаворыцца адкрыта, але так робіцца! Ёсць нейкае маладушша ў гэтай прызвычаенасці да культуры «выкідання».
 
Мы прызвычаіліся «выкідваць» людзей. Жадаем пазбавіцца ад нашага страху перад слабасцю і ўразлівасцю, які ўзрастае, але, робячы так, павялічваем у пажылых людзях трывогу, звязаную з магчымасцю сустрэць кепскія адносіны ці быць пакінутымі», — сказаў Папа.
Святы Айцец распавёў, што, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, асабіста сустрэўся з праблемай пакінутых пажылых людзей. Аднойчы, здзяйсняючы візіт у дом састарэлых, ён сустрэў жанчыну, якую яе блізкія не наведвалі месяцамі. «Гэта называецца смяротным грахом!» — падкрэсліў Папа. Узгадваючы іншую гісторыю, Пантыфік распавёў пра сям’ю, у якой бацька — глава сям’і — зрабіў для дзядулі асобны стол, за якім ён павінен быў есці ў адзіноце на кухні, у той час як уся сям’я і госці вячэралі ў гасцёўні. Прычына была ў тым, што дзядуля не мог есці акуратна і мужчына саромеўся гэтага. Праз некалькі дзён, вярнуўшыся дамоў, ён ўбачыў свайго маленькага сына, які граў з кавалкамі дрэва, малатком і цвікамі. «Што ты робіш?» — спытаў бацька. «Я раблю табе стол, тата! Калі станеш старым, зможаш есці за ім там», — адказаў хлопец.

Папа Францішак нагадаў, што Касцёл, абапіраючыся на спадчыну Святога Пісання, заклікае клапаціцца пра пажылых людзей. «Касцёл не можа і не хоча адпавядаць ментальнасці нецярпімасці, і тым больш абыякавасці і пагарды, у адносінах да старасці. Мы павінны абудзіць калектыўнае пачуццё ўдзячнасці, пашаны, адкрытасці, якія дазволяць пажылому чалавеку адчуваць сябе актыўнай часткай сваёй супольнасці», — сказаў Папа.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў, што старасць з’яўляецца непазбежнай, і калі зараз не навучыцца добра адносіцца да пажылых, з праблемай адкінутасці ў будучыні сустрэнуцца сённяшнія маладыя пакаленні. «Дзе няма павагі да пажылых, няма будучыні для моладзі», — падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.