Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец выступіў у Савеце Еўропы
Святы Айцец
25.11.2014 17:39

25 лістапада ў межах візіту ў Страсбург Папа Францішак наведаў штаб-кватэру Савета Еўропы, дзе выступіў з прамовай. Пантыфік адзначыў, што Савет Еўропы, у намеры яго бацькоў-заснавальнікаў, быў адказам на «ідэйнае імкненне да адзінства».

«Каб здабыць каштоўнасць міру, трэба, перш за ўсё, выхоўваць да яго, не прымаючы культуры канфлікту, якая імкнецца запалохаць іншага, маргіналізаваць тых, хто думае ці жыве па-іншаму», — сказаў Папа і дадаў, што сёння, «на жаль, усё яшчэ занадта часта даходзіць да нападак на мір», міру супрацьстаяць розныя формы канфлікту, у тым ліку міжнародны тэрарызм на рэлігійнай глебе, які мае «глыбокую пагарду да чалавечага жыцця і слепа збірае нявінныя ахвяры».

Пантыфік назваў гандаль зброяй «чумой чалавецтва» і «невыноснай крыўдай для бедных», дадаўшы, што гэтая з’ява цесна звязана з гандлем людзьмі — сучасным рабствам. «Але мір — гэта не проста адсутнасць вайны, канфліктаў і напружанасці», — звярнуў увагу Папа і нагадаў, што з хрысціянскага пункту гледжання ён з’яўляецца «дарам Божым і плёнам свабоднай і рацыянальнай дзейнасці чалавека, які мае намер рэалізаваць агульнае дабро ў праўдзе і любові».

Святы Айцец адзначыў важнасць абранага Саветам Еўропы шляху да пашырэння правоў чалавека, звязанага з развіццём дэмакратыі і вяршэнствам закона, нагадаў пра адказнасць еўрапейцаў і іх уклад у культурнае развіццё чалавецтва. На працягу гісторыі Еўропа, па словах Папы, заўсёды імкнулася да высокіх і амбіцыйных мэтаў развіцця, прагрэсу, міру і адзінства; гэта магчыма пры моцнай повязі з каранямі, а карані Еўропы сілкуюцца ісцінай, якая з’яўляецца «рухаючай сілай любога грамадства, што хоча быць па-сапраўднаму свабодным, гуманістычным і салідарным».

Ісціна, дадаў Пантыфік, заўсёды спасылаецца на сумленне, а без пошуку ісціны «кожны становіцца мерай сябе і сваіх дзеянняў, пракладваючы шлях для суб’ектыўнага пацвярджэння правоў, у выніку чаго канцэпцыя правоў чалавека, якая сама па сабе з’яўляецца ўніверсальнай каштоўнасцю, замяняецца ідэяй індывідуалістычнага права». Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да незаўважання іншых і спрыяе развіццю глабалізацыі абыякавасці, што нараджаецца з эгаізму, звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец назваў індывідуалізм «бедным і культурна бясплодным» і прызнаўся, што перад яго вачыма паўстае Еўропа, параненая шматлікімі падзеямі мінулага і сённяшнім крызісам, «крыху стомленая і песімістычная, якая знаходзіцца ў аблозе навінаў з іншых кантынентаў». «Еўропа — дзе ж твая сіла? — спытаўся Святы Айцец. — Дзе гэта ідэйнае імкненне, якое ажыўляла і рабіла тваю гісторыю выдатнай; дзе твой дух зацікаўленай упэўненасці; дзе тваё імкненне да ісціны, якім да гэтага часу ты з запалам дзялілася са светам?» Ад адказаў на гэтыя пытанні, заўважыў Папа, будзе залежаць будучыня кантынента.

Пантыфік звярнуў увагу на працу Еўрапейскага суда па правах чалавека і пажадаў, каб ён быў сапраўдным «сумленнем» Еўропы ў галіне правоў чалавека і каб гэтае сумленне станавілася ўсё больш і больш сталым, не столькі праз марныя пагадненні паміж бакамі, колькі праз імкненне да глыбокіх каранёў, на якіх вырашылі пабудаваць адзіную Еўропу яе бацькі-заснавальнікі.

Святы Айцец заўважыў, што сёння Еўропа з’яўляцца шматпалярнай: напружанасці ўзнікаюць паміж шматлікімі культурнымі, рэлігійнымі і палітычнымі полюсамі кантынента. Па словах Папы, адным з супольных выклікаў з’яўляецца глабалізацыя гэтай шматпалярнасці, якая павінна прывесці не да панавання аднаго з бакоў, але да «канструктыўнай гармоніі» і захавання культурнай і рэлігійнай самабытнасці народаў.

Пантыфік адзначыў таксама важнасць супрацоўніцтва і дыялогу паміж еўрапейскімі палітыкамі розных пакаленняў, якія часта маюць розныя падыходы да рашэння адных і тых жа праблем. Дыялог, які вядзецца толькі ўнутры палітычных, рэлігійных і культурных структур, адной палітычнай опцыі, часта з’яўляецца бясплённым, падкрэсліў Папа і дадаў, што еўрапейскай палітыцы неабходны малады дух, які прыме выклік трансверсальнасці.

Святы Айцец высока ацаніў намаганні Савета Еўропы па спрыянні міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу на кантыненце, запэўніў у падтрымцы гэтых ініцыятыў з боку Касцёла і ўказаў на важнасць узаемнага ўзбагачэння ў тэмах, якія тычацца правоў чалавека, клопату аб чалавечым жыцці, абароны мігрантаў, барацьбы з беспрацоўем і беднасцю.

«Горача жадаю, каб усталявалася новае сацыяльнае і эканамічнае супрацоўніцтва, свабоднае ад ідэалагічных абумоўленасцяў, здольнае адказаць глабалізаванаму свету захаваннем жывога пачуцця салідарнасці і ўзаемнай любові, якія моцна пазначылі аблічча Еўропы, дзякуючы шчодрай дзейнасці сотняў людзей, некаторых з якіх Каталіцкі Касцёл лічыць святымі, што на працягу стагоддзяў працавалі дзеля развіцця кантынента, не столькі праз прадпрымальніцтва, колькі праз адукацыйную, дабрачынную і накіраваную на чалавечае развіццё дзейнасць», — сказаў Папа.

На заканчэнне прамовы Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва ў сферы абароны навакольнага асяроддзя.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.