25 лістапада Папа Францішак наведае Страсбург |
Святы Айцец
|
18.11.2014 15:29 |
Апостальскі візіт Святога Айца ў еўрапейскія структуры ў Страсбургу будзе самым кароткім за ўсю гісторыю папскіх замежных пілігрымак: яго працягласць складзе каля 4 гадзін. Візіт не будзе мець душпастырскага і літургічнага характару: Папа не наведае мясцовую каталіцкую супольнасць і ніводзін са страсбургскіх касцёлаў.
Пілігрымка будзе абмежавана выключна візітамі ў Еўрапейскі парламент і Савет Еўропы. Таму ў яе рамках не прадугледжана сустрэча з Прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.
Дата падарожжа абрана не выпадкова, каб Пантыфік мог звярнуцца да абноўленага складу заканадаўчага органу Еўрасаюза на пачатку яго працы (чарговыя выбары ў Еўрапарламент прайшлі летам). Наведванне еўрапарламентарных структур менавіта ў Страсбургу, а не ў Бруселі ці Люксембургу, абумоўлена тым, што ў гэтым французскім горадзе знаходзіцца таксама Савет Еўропы, які Папа атрымаў запрашэнне наведаць раней.
У склад дэлегацыі, якая будзе суправаджаць Пантыфіка, між іншым увойдуць кардынал Рэйнхард Маркс, у якасці старшыні Камісіі Біскупскіх Канферэнцый краін Еўрапейскага Саюза (СОМЕСЕ), і кардынал Пэтэр Эрдзё, у якасці старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE).
Дары Папы для еўрапейскіх структур будуць звязаны тэмай міру. Прадстаўнікам Еўрапарламента Святы Айцец уручыць мазаіку з гербам Еўрасаюза і выявай голуба міру, выкананую ў ватыканскай Фабрыцы св. Пятра, а прадстаўнікам Савета Еўропы — бронзавую скульптуру «Анёла міру».
Падчас пералёту з Рыма ў Страсбург Святога Айца будуць суправаджаць 45 журналістаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|