Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: папросім Маці Божую ўвесці нас у велікодную радасць
Святы Айцец
22.04.2014 16:47

Дазволіць, каб радаснае здзіўленне пасхальнай нядзелі выпраменьвалася ў думках, позірках, паводзінах, жэстах і словах, заклікаў Папа Францішак вернікаў 21 красавіка падчас малітвы «Уладарка неба», якая ў пасхальны перыяд замяняе традыцыйны «Анёл Панскі». Памаліцца супольна са Святым Айцом сабралася вялікая колькасць пілігрымаў з Італіі і іншых краін свету.

Францішак звярнуўся да іх з традыцыйным велікодным прывітаннем «Хрыстус уваскрос – Сапраўды ўваскрос!» на грэцкай і італьянскай мовах і нагадаў, што Хрыстус сапраўды жывы і таксама прысутнічае на плошчы. «На працягу гэтага тыдня мы можам працягваць абменьвацца пасхальнымі віншаваннямі, нібыта гэта адзін дзень. Гэта вялікі дзень, які ўчыніў Пан. Пануючае пачуццё, якое выходзіць з евангельскіх апавяданняў аб Уваскрасенні — гэта радасць, поўная здзіўлення; гэта вялікае здзіўленне, але з яго выходзіць радасць і ў літургіі мы перажываем духоўны стан вучняў, якія пачулі навіну прынесеную жанчынамі: Езус уваскрос!

Дазволім, каб гэты досвед, пераказаны ў Евангеллі, адбіўся таксама і ў нашых сэрцах і праявіўся ў нашым жыцці. Дазволім, каб радаснае здзіўленне пасхальнай нядзелі выпраменьвалася ў думках, позірках, паводзінах, жэстах і словах... Але гаворка ідзе не пра «макіяж»! Яно паходзіць знутры, з сэрца заглыбленага ў крыніцу гэтай радасці, як сэрца Марыі Магдалены, якая плакала па страце свайго Пана і не верыла ўласным вачам, убачыўшы Яго ўваскрослым. Хто перажывае такі досвед, становіцца сведкам уваскрасення, бо ў пэўным сэнсе ўваскрасае сам, уваскрасае сама. Такім чынам становіцца здольным несці «прамень» святла Ўваскрослага ў розныя чалавечыя сітуацыі: шчаслівыя — робячы іх яшчэ больш прыгожымі і захоўваючы ад эгаізма; балючыя — нясучы спакой і надзею.

Было б добра, на працягу гэтага тыдня, узяць у рукі Евангелле і перачытаць тыя раздзелы, якія апавядаюць пра Уваскрасенне Езуса. Было б добра паразважаць пра радасць Марыі, Маці Езуса. Яе боль быў глыбокім настолькі, што нават прабіў ёй душу, але такой жа ўнутранай і глыбокай была яе радасць і ад яе маглі натхняцца вучні. Прайшоўшы праз досвед смерці і ўваскрасення свайго Сына, на якія яна глядзела праз веру, як на выраз найвышэйшай любові Бога, сэрца Марыі стала крыніцай спакою, суцяшэння, надзеі і міласэрнасці. Усе прэрагатывы нашай Маці выходзяць адсюль, ад удзелу Уваскрасення Езуса. Яна памерла разам з Ім; яна ўваскросла з Ім. З пятніцы да нядзельнай раніцы, яна не губляла надзеі: мы сузіралі Маці журботную, але ў той жа час, Маці поўную надзеі. Таму яна з’яўляецца Маці ўсіх вучняў, Маці Касцёла і Маці надзеі.

Яе, маўклівую сведку смерці і ўваскрасення Езуса, папросім увесці нас у пасхальную радасць. Учынім гэта праз малітву «Уладарка неба», якая ў пасхальны перыяд замяняе малітву «Анёл Панскі».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.