Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вялікі чацвер Святы Айцец узначаліў Імшу Хрызму
Святы Айцец
17.04.2014 15:57

17 красавіка Папа Францішак цэлебраваў у базыліцы св. Пятра Імшу Хрызму ў інтэнцыі ўсіх святароў у свеце. У цэнтры гаміліі Пантыфіка была тэма радасці святароў, якая з’яўляецца каштоўным дарам не толькі для іх саміх, але і для ўсяго Божага народа, сярод якога яны пакліканы быць намашчанымі і да якога былі пасланы, каб намашчаць.

Папа падкрэсліў, што святар – “гэта асоба вельмі малая” ў параўнанні з “невымернай веліччу дара” пасвячэння. “Святар – самы бедны сярод людзей, калі Езус не ўзбагаціць яго сваёй беднасцю. Ён самы бескарысны слуга, калі Езус не называе яго сваім сябрам. Ён самы неразумны з людзей, калі Езус з цярплівасцю яго не навучыць, як Пятра. Ён самы бяздарны з хрысціян, калі Добры Пастыр не ўмацуе яго пасярод статку. Няма нікога меншага за святара, які спадзяецца толькі на свае ўласныя сілы”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што гэтая “маласць” напаўняе святароў радасцю, якая мае тры галоўныя рысы: з’яўляецца намашчаючай (не робіць ганарыстымі, велічнымі і саманадзейнымі), незнішчальнай і місійнай. Гэтая радасць, паводле Папы, абараняецца самім статкам, які давераны святару.

“Таксама і ў хвіліны смутку, калі ўсё здаецца цёмным і нас спакушае трывога ізаляцыі, у тыя апатычныя і сумныя моманты, якія часам здараюцца ў святарскім жыцці (праз якія я і сам прайшоў), таксама і ў тыя хвіліны Божы народ здольны да абароны радасці, ён у стане абараніць цябе, абняць, дапамагчы, каб адкрыць сэрца і зноў адшукаць радасць”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што святарская радасць таксама абараняецца “трыма сёстрамі”: сястрой беднасцю, вернасцю і паслухмянасцю.

“Святар бедны радасцю выключна чалавечай: ён адмовіўся ад многага! А таму што бедны, то, даючы шмат іншым, павінен прасіць аб сваёй радасці Пана і верны Божы народ. Не можа забяспечыць ёю сябе самастойна. Мы ведаем, што наш народ шчодры на падзяку святарам за мінімальныя жэсты благаслаўлення і асабліва за сакрамэнты. Многія, кажучы аб крызісе святарскай ідэнтычнасці, не лічацца з тым, што ідэнтычнасць прадугледжвае прыналежнасць. Няма ідэнтычнасці – і тым больш радасці жыцця – без чыннай і дзейснай прыналежнасці да народа вернага Богу”, - падкрэсліў Святы Айцец. Гэтую ідэнтычнасць, паводле Папы, святар знаходзіць, выходзячы з самога сябе: “Калі не выйдзеш з сябе, то алей стане прагорклым, а намашчэнне не будзе плённым. Выйсце з самога сябе патрабуе агалення з самога сябе, прадугледжвае беднасць”.

Іншая крыніца святарскай радасці, па словах Святога Айца, – гэта “вернасць адзінай Нявесце, Касцёлу”. Яна праяўляецца ў клопаце пра паству: “Духоўныя дзеці, якіх Пан дае кожнаму святару: тыя, каго ён хрысціў, сем’і, якія благаславіў і якім дапамагае крочыць, хворыя, якіх падтрымлівае, моладзь, з якой дзеліцца катэхізацыяй і выхаваннем, бедныя, якім дапамагае... гэта тая “Нявеста”, якую ён шчаслівы лічыць наканаванай і адзінай каханай і якой заўсёды па-новаму павінен быць верным”.

Такім чынам, паводле Святога Айца, гаворка ідзе пра “жывы Касцёл, з іменем і прозвішчам, аб якім святар клапоціцца ў сваёй парафіі ці ў даверанай яму місіі”. “Менавіта ён дае яму радасць, калі захоўвае вернасць, калі робіць усё тое, што павінен, і пакідае ўсё, што павінен пакінуць, каб трываць сярод авечак”, - дадаў Папа.

“Сястра паслухмянасць”, як адзначыў Пантыфік, - гэта адкрытасць і гатоўнасць святара служыць іншым. “Адкрытасць святара чыніць з Касцёла Дом з адкрытымі дзвярыма, прытулак для грэшнікаў, сямейны дом для людзей, якія жывуць на вуліцы, дом апекі для хворых, летнік для моладзі, залу катэхізацыі для першакамунійных дзяцей. Там, дзе Народ Божы мае якія-небудзь прагненні, там ёсць святар, здольны слухаць і адчуваць, любячы загад Хрыста, які яго паслаў з міласэрнасцю дапамагаць у дадзенай патрэбе ці падтрымліваць добрыя жаданні крэатыўнай любоўю”, - патлумачыў Пантыфік.

На заканчэнне Святы Айцец прамовіў малітву за маладых святароў: “Захоўвай, Пане, у сваіх маладых святарах радасць першых дзён, чынення ўсяго, як нечага новага, радасць прысвячэння свайго жыцця для Цябе”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.