Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у Асізі: Касцёл павінен скінуць з сябе шаты духу свету
Святы Айцец
04.10.2013 12:33

Касцёл павінен скінуць з сябе шаты духу свету — з такім заклікам 4 кастрычніка звярнуўся Папа Францішак, наведваючы сядзібу біскупа Асізі — месца, перад якім у 1206 г. св. Францішак зняў з сябе вопратку ў знак поўнай адданасці Богу і бедным. Тут Папа сустрэўся з беднымі, якім дапамагае мясцовае аддзеленне «Caritas».

Пантыфік нагадаў, што на працягу некалькіх апошніх дзён многія СМІ казалі аб тым, што «Папа ідзе туды, каб скінуць шаты з Касцёла», «ён скіне шаты з біскупаў, кардыналаў, распране самога сябе...» «Гэта добрая нагода, каб запрасіць Касцёл скінуць з сябе шаты. Але Касцёлам з’яўляемся ўсе мы! Усе!» — сказаў Пантыфік і дадаў, што кожны павінен ісці шляхам Езуса, які таксама прайшоў праз «распрананне» – стаў слугой, захацеў прынізіць сябе аж да крыжа. «А ці нельга зрабіць хрысціянства крыху больш гуманным?» — паўтарыў Папа пытанне, якім задаюцца многія — «без крыжа, без Езуса, без распранання». Паводле Святога Айца, у такім выпадку хрысціяне стануць «людзьмі з кандытарскай, як прыгожыя торты, як салодкія прысмакі... Прыгожымі, а не сапраўднымі хрысціянамі!»

«Нехта можа спытаць: але шаты чаго павінен скінуць з сябе Касцёл?» — працягваў Папа і адзначыў, што ў першую чаргу Касцёл павінен скінуць з сябе самую небяспечную пагрозу — «небяспеку духу свету». «Хрысціянін не можа жыць духам свету. Дух свету вядзе да марнасці, дамінавання, пыхі. А гэта ідал, не Бог. А ідалапаклонства – гэта самы вялікі грэх», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што дух свету з’яўлецца супрацьлеглым благаслаўленням, пра якія казаў Хрыстус, і супрацьлеглым духу Езуса. «Дух свету чыніць нам шкоду. Як сумна бачыць хрысціяніна, ахопленага духам свету, упэўненага ў бяспецы, якую ён дае», — сказаў Папа і дадаў, што ўсе члены Касцёла павінны скінуць з сябе гэтыя шаты.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.