Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: «Можна сказаць, што Украіна страціла на ўсіх франтах»
Дзяржава Ватыкан
12.08.2016 15:31

Сітуацыя ва Украіне працягвае пагаршацца; у апошнія дні аднавіліся баявыя дзеянні, павялічваецца колькасць смяротных ахвяр, сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Апостальскі Нунцый у гэтай краіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што з пункту гледжання міжнароднай палітыкі Украіна апынулася на ўзбочыне. Геапалітычныя падзеі, такія, як сустрэча Прэзідэнтаў Турцыі і Расіі 9 жніўня, адцягваюць увагу ўсяго свету. У сітуацыі, калі ў свеце пануе нявызначанасць і адсутнасць стабілізацыі, пра вайну ва Украіне проста забыліся, лічыць ватыканскі дыпламат.

«Трэба заўважыць, што па палітычных прычынах згадваць пра Украіну ў цяперашні час не модна, таму што гэта краіна, якая выклікала або пагоршыла цяжкасці ў адносінах паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай з аднаго боку і Расіяй з другога, змясціла іх у цуглях», — сказаў арцыбіскуп. Па словах іерарха, у гэтай сітуацыі «гаварыць пра Украіну — гэта ўсё адно, што гаварыць пра свае няўдачы».

Як дадаў Апостальскі Нунцый, «гэта маўчанне не зусім спантаннае, у тым сэнсе, што Украіна, якая, вядома, была ў сферы ўплыву Расійскай Федэрацыі, прыняла рашэнне, без сумневу, таксама пад ціскам з боку Захаду, звярнуцца да Еўропы і Злучаных Штатаў». Быў Майдан, наступіла фактычнае аддзяленне ад Расіі, з усімі вынікаючымі адсюль эканамічнымі наступствамі, якія могуць паўстаць, калі хтосьці разрывае сувязі або выступае супраць некага, хто з’яўляецца яго асноўным карміцелем, растлумачыў папскі дыпламат. Іерарх заўважыў, што ў той жа час, па розных прычынах, Захад не заняў месца Расіі, не думае аб паляпшэнні ўмоў жыцця мясцовага насельніцтва. «Такім чынам, можна сказаць, што Украіна страціла на ўсіх франтах», — лічыць прадстаўнік Пантыфіка.

Арцыбіскуп таксама ўзгадаў пра драматычныя наступствы трываючай вайны для мясцовага насельніцтва. У якасці прыкладу іерарх адзначыў, што пакупніцкая здольнасць сярэдняй зарплаты знізіліся з часоў Майдана ў чатыры разы. «Гэта азначае, што вайна пагаршаецца праблемай паўсюднага збяднення па ўсёй Украіне. Калі гэта не зменіцца, то нам пагражае вайна паміж беднымі», — папярэдзіў Апостальскі Нунцый ва Украіне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.