Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасці 65-годдзя святарства Бэнэдыкта XVI прайшлі ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
29.06.2016 15:51

Урачыстая цырымонія з нагоды 65-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння Бэнэдыкта XVI адбылася 28 чэрвеня ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца ў Ватыкане.

Са словамі віншавання да Пантыфіка на пенсіі звярнуўся Папа Францішак. Святы Айцец засяродзіўся на думцы, якую не аднойчы падкрэсліваў Ёзэф Ратцынгер у сваіх кнігах на тэму святарства: у жыцці, цалкам прысвечаным святарскаму служэнню, павінна панаваць любоў да Бога; яна павінна вызначаць сапраўдную тэалогію, якую Бэнэдыкт XVI невыпадкова вызначаў як «пошук Улюбёнага».

Папа адзначыў, што, дэманструючы «позірк і сэрца, звернутыя да Бога», Пантыфік на пенсіі працягвае «служыць Касцёлу, не перастае энергічна і ўмела спрыяць яго ўзрастанню». Сімвалічным назваў Святы Айцец і месца сённяшняга прабывання Бэнэдыкта XVI — кляштар «Mater Ecclesiae» ў Ватыкане, «маленькі куток побач з Марыяй». «Божы Провід пажадаў прывесці Яго Святасць у месца сапраўды “францішканскае”, з якога зыходзяць спакой, мір, сіла, давер, сталасць, вера, прысвячэнне», — сказаў Папа і пажадаў Бэнэдыкту XVI і надалей «адчуваць руку міласцівага Бога, якая падтрымлівае».

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Герхард Людвіг Мюлер, былы вучань Бэнэдыкта XVI, падарыў юбіляру кнігу «Вучыць і пазнаваць любоў Бога» («Die Liebe Gottes Lehren und Lernen»), спецыяльна выдадзеную да гэтай урачыстасці. Кардынал адзначыў, што ў гэтым выданні, прысвечаным святарству, «сказана ўсё»: «мы пакліканы вучыць таму, што ў сваю чаргу спасціглі праз Божую любоў». Са словамі віншавання і падзякі да Бэнэдыкта XVI звярнуўся таксама кардынал Анджэло Садана, дэкан Калегіі кардыналаў.

Ёзэф Ратцынгер атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 29 чэрвеня 1951 г. у катэдральным касцёле ў Фрайзінгу з рук арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага кардынала Міхаэля фон Фаўльхабера. На Пасад св. Пятра быў абраны ў красавіку 2005 г. Аб сваім рашэнні адмовіцца ад яго аб’явіў 24 лютага 2013 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.