Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абнародавана паслядэбатная справаздача ў межах Сіноду Біскупаў
Дзяржава Ватыкан
13.10.2014 13:27

13 кастрычніка на Сінодзе Біскупаў, які працягвае працу ў Ватыкане, была абнародавана «Relatio post disceptationem» (паслядэбатная справаздача). Дакумент уключыў галоўныя думкі, выказаныя сінадальнымі айцамі на працягу мінулага тыдня.

У ім падкрэслены тры кіруючыя прынцыпы. Удзельнікі асамблеі звярнулі ўвагу на неабходнасць прыняцця пад увагу сацыяльна-культурнага кантэксту, у якім сем’і жывуць сёння; патрэбу абмеркавання душпастырскіх перспектыў, з гэтым звязаных, і, перш за ўсё, абавязак углядацца ў Хрыста і прымаць Яго «Евангелле сям’і». Удзельнікі назвалі сям’ю «вырашальнай і каштоўнай» рэальнасцю ў атмасферы распаўсюджання індывідуалізму, адзіноты, нарцысізму, «кашмару» адсутнасці працоўных месцаў, войнаў, тэрарызму і міграцыі. У справаздачы падкрэсліваецца неабходнасць «духоўнай праніклівасці» і адказнасці Касцёла ў адносінах да партнёрскіх і грамадзянскіх саюзаў, да разведзеных, якія заключылі новыя саюзы. Адзначаецца, што ў падыходзе да тых, хто ўдзельнічае ў жыцці супольнасці няпоўным або недасканалым чынам, трэба заўважаць станоўчыя рысы, а не абмежаванні і недахопы.

На думку сінадальных айцоў, патрэбна «новае вымярэнне душпастырства сям’і», якое ўлічвае патэнцыял тых грамадзянскіх саюзаў, якія характарызуюцца стабільнасцю, глыбокай лучнасцю, адказнасцю за сваіх дзяцей, магчымасцю прыйсці да сакрамэнтальнай сувязі, бо часта сужыццё або фактычны несакрамэнтальны саюз прадыктаваны не «адмовай ад хрысціянскіх каштоўнасцяў», але практычнымі патрэбамі, напрыклад, чаканнем пастаяннай працы. Касцёл, як адзначаецца, павінен суправаджаць сваіх вернікаў, якія апынуліся ў падобных сітуацыях, з цярплівасцю і разуменнем, увагай і клопатам, з імкненнем не асудзіць, але вылечыць чалавечую слабасць.

Сінадальныя айцы падкрэслілі, што патрэбна адпаведная падрыхтоўка да хрысціянскага сужэнства, таму што гэта не проста «культурная традыцыя ці сацыяльная неабходнасць». Зазначаецца, што таксама ў перыяд пасля шлюбу Касцёл павінен прапанаваць маладым сужэнцам сваю апеку.

У дакуменце асобна гаворыцца пра сітуацыю католікаў, якія развяліся і жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Адзначаецца, што ў дадзенай сітуацыі нельга кіравацца логікай «усё ці нічога» або прапанаваць нейкае агульнае рашэнне для ўсіх. Гаворыцца, што дыялог на гэтую тэму павінен быць працягнуты, перш за ўсё, на ўзроўні мясцовых Касцёлаў, «з павагай і любоўю» для кожнай сям’і, якая апынулася ў такіх абставінах. Тут таксама важна, дадаецца ў дакуменце, казаць пра абарону дзяцей ад наступстваў разводу бацькоў.

Што датычыцца спрашчэння працэдуры прызнання несапраўднасці сужэнства, у справаздачы ўзгадваюцца прапановы, якія прагучалі ў сінадальнай зале. Яны былі сканцэнтраваны вакол магчымасці адмены патрабавання двух адпаведных судовых рашэнняў у такіх справах, абмежаванні адміністрацыйных працэдур да дыяцэзіяльнага ўзроўню, магчымасці ўвядзення кароткага працэсу ў выпадках відавочнай несапраўднасці сужэнства, надаючы вялікае значэнне веры тых, якіх тычыцца працэс.

Наконт магчымасці прыняцця святой Камуніі разведзенымі ў дакладзе пералічаны асноўныя рэкамендацыі, зробленыя ўдзельнікамі Сіноду: захаваць цяперашнюю дысцыпліну; ажыццяўляць большую адкрытасць на асаблівыя выпадкі; увесці «шлях пакаяння». У апошнім выпадку трэба браць пад увагу адрозненні паміж станам граху, станам ласкі і змякчальнымі абставінамі.

Застаецца адкрытым таксама пытанне «духоўнай камуніі», што звязана з так званымі «змешанымі шлюбамі» і «сур’ёзнымі праблемамі» ў сувязі з розніцай «сужэнскай дысцыпліны» ў Праваслаўных Цэрквах. Гаворыцца, што тут патрэбна больш глыбокае тэалагічнае даследаванне.

Дакумент спасылаецца таксама на пытанне гомасексуальных асобаў. Падкрэсліваецца, што яны, са сваімі дарамі і талентамі, могуць шмат прапанаваць хрысціянскай супольнасці, і Касцёл з’яўляецца для іх домам. У той жа час, як адзначаецца, недапушчальна існаванне якіх-кольвечы гомасексуальных саюзаў і міжнародных арганізацый ціску, створаных для распаўсюджання гендэрнай ідэалогіі. Акрамя таго, Касцёл надае асаблівую ўвагу дзецям, якіх выхоўваюць аднаполыя пары, настойваючы на тым, што заўсёды на першае месца павінны ставіцца інтарэсы і правы дзяцей.

У справаздачы падкрэсліваецца, што дыялог у рамках Сіноду прайшоў у атмасферы «вялікай свабоды і ў стылі ўвагі адзін да аднаго». Нагадваецца, што прапанаваныя ідэі не маюць характару прынятых рашэнняў, але з’яўляюцца своеасаблівым «шляхам» да Звычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2015 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.