Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Створана новая структура для каардынацыі эканамічнай і адміністрацыйнай дзейнасці Святога Пасаду
Дзяржава Ватыкан
25.02.2014 12:20

24 лютага Папа Францішак прыняў рашэнне стварыць новую структуру для каардынацыі эканамічнай і адміністрацыйнай дзейнасці Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Новы орган, закліканы кансалідаваць існуючыя ватыканскія фінансавыя структуры і спрасціць кіраванне імі, мае назву Cакратарыята па эканамічных пытаннях.

Сакратарыят будзе ўводзіць у жыццё агульнапрынятыя стандарты бухгалтарскага ўліку, фінансавага кіравання і справаздачнай практыкі, а таксама зоймецца павышэннем унутранага кантролю і празрыстасці. Новы орган будзе адказваць, між іншым, за планаванне штогадовага бюджэту Святога Пасаду і Ватыкана і падрыхтоўку падрабязнай фінансавай справаздачы. Cакратарыят па эканамічных пытаннях будзе рэалізаваць дырэктывы, сфармуляваныя іншым новым органам - Радай па эканамічных пытаннях, якая будзе складацца з 15 чалавек: 8 кардыналаў і біскупаў і 7 свецкіх экспертаў. На чале эканамічнага сакратарыяту будзе стаяць прэфект, якім Святы Айцец прызначыў аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла.

Папа Францішак выпусціў motu proprio пад назвай “Fidelis et Dispensator Prudens”, якім абвясціў аб заснаванні новых структур.

Новыя палажэнні прадугледжваюць таксама ўвядзенне функцыі Генеральнага рэвізора, якога прызначае Пантыфік і які будзе ўпаўнаважаны праводзіць праверкі любога органу Святога Пасаду і Ватыкана ў любы час.

У заяве, апублікаванай Прэс-службай Апостальскай Сталіцы, гаворыцца, што Пантыфік пацвердзіў ролю Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы ў якасці Цэнтральнага банка Ватыкана. Нязменнай застанецца і фунцыя Бюро фінансавай інфармацыі, якое працягне ажыццяўляць свае бягучыя заданні па прудэнцыйным наглядзе і рэгуляванні дзейнасці Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.