Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
11 лютага – гадавіна адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма
Дзяржава Ватыкан
10.02.2014 15:51

Напярэдадні гадавіны адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма, што прыпадае на 11 лютага 2014 г., кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі падзяліўся думкамі пра гэтую падзею. Святар блізка супрацоўнічаў з Бэнэдыктам XVI на працягу ўсіх гадоў яго Пантыфікату і адным з першых даведаўся пра яго нялёгкае рашэнне.

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі нагадаў, што, перш чым абвясціць аб рашэнні сыходу з пасады, Бэнэдыкт XVI доўга разважаў і маліўся, і гэта бачылі тыя, хто пастаянна прабываў побач з ім. Моцная вера дазволіла яму са спакоем і сілай прыняць рашэнне, якое “паўплывала на гісторыю Касцёла”, і з адвагай крочыць насустрач гэтай новай сітуацыі, перакананы кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.

Па словах святара, у факце існавання двух Пантыфікаў – дзеючага і на пенсіі – няма нічога страшнага: усё залежыць ад таго, як глядзець на інстытут папства. Калі лічыць яго ўладай – то, канешне, існаванне двух кіраўнікоў з’яўляецца складанасцю, калі ж успрымаць яго як служэнне – якім яно па сутнасці і з’яўляецца, – то не ўзнікае ніякіх пытанняў: чалавек, які выканаў сваё служэнне “перад Богам і ў поўнай свядомасці”, перадае яго іншаму, сказаў а. Ламбардзі.

Як адзначыў святар, Бэнэдыкт XVI – чалавек малітвы, ён заўсёды хацеў мець больш часу, каб жыць ёю. Тым не менш Пантыфік на пенсіі не прабывае ў ізаляцыі: моліцца, разважае, чытае і адказвае на лісты, якія яму прыходзяць, а таксама з ахвотай сустракаецца з людзьмі, якія пытаюцца ў яго парадаў ці шукаюць духоўнай падтрымкі, дыялог з якімі ён лічыць карысным. Ксёндз Ламбардзі нагадаў, што Бэнэдыкт XVI падтрымлівае і адносіны з Папам Францішкам – яны наведваюць адзін аднаго і размаўляюць па тэлефоне. Такую салідарнасць езуіт назваў “цудоўным і натхняючым знаканам працягласці служэння св. Пятра ў Касцёле”.

Айцец Ламбардзі прызнаўся, што адчувае духоўную блізкасць Папы на пенсіі і лічыць яго “вялікім і мудрым старцам”, які заклікае ісці наперад з даверам і надзеяй.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.