Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Парафія як месца хрысціянскай фармацыі

Паводле касцёльнага права, «парафія — гэта акрэсленая супольнасць вернікаў, створаная на пастаянны тэрмін у партыкулярным Касцёле (дыяцэзіі), пастырскі клопат над якой даручаецца пробашчу як яе ўласнаму пастыру» (ККП, кан. 515/1.). Як найменшая адміністрацыйная адзінка Касцёла, парафія была створана з мэтаю больш дзейснага пранікнення з абвяшчэннем Евангелля, катэхізацыяй, сакрамэнтамі і душпастырскай апекай ва ўсе асяроддзі. Разам з тым, парафія з’яўляецца спецыфічным месцам сустрэчы Касцёла са светам, а таксама евангельскага ўздзеяння Касцёла ў свеце.

Нам нельга забываць, што парафія ўяўляе сабой супольнасць вернікаў, заданне якіх — паяднаць свет з Хрыстом у будаванні збаўчай рэчаіснасці Касцёла. З гэтага пункту гледжання яе называюць супольнасцю асвячэння і евангелізацыі. Парафіяльная супольнасць асвячаецца праз сакрамэнты, а справа евангелізацыі больш дзейсна ажыццяўляецца ў разнастайных парафіяльных супольнасцях. Праз справаванне сакрамэнтаў Бог праслаўляецца, чалавек асвячаецца, а містычнае Цела Хрыста ўзрастае. У той жа час, дзякуючы разважанню над Божым словам, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзелу ў рэкалекцыях, місіях, у розных набажэнствах, вернікі не толькі ўшаноўваюць Бога, але ствараюць супольнасць дзяцей Божых (Пар. SC, 59.).

Галоўным месцам дзейнасці і распачынання ўсялякіх душпастырскіх ініцыятываў у парафіі з’яўляецца святыня. Парафія, а асабліва касцёл, часта ўспрымаецца як установа, дзе вырашаюцца розныя справы, звязаныя, напрыклад, з хростам дзіцяці, шлюбам або пахаваннем. Для многіх людзей кантакт з парафіяй як супольнасцю на гэтым заканчваецца.

Парафія, як і ўвесь Касцёл, — гэта народ, асвечаны прысутнасцю Хрыста, які пастаянна — праз перамену сэрцаў, навяртанне і пакаянне — крочыць да святасці. Такім чынам, у хрысціянскай фармацыі патрэбна катэхізацыя не толькі дзяцей, моладзі, але таксама дарослых. Нельга ў гэтым выпадку абмяжоўвацца толькі падрыхтоўкай да першай споведзі і першай святой Камуніі. Многія людзі маюць памылковае перакананне, што калі дзіця было ў першай споведзі і святой Камуніі, то яму не патрэбна далейшая катэхізацыя. Кожны хрысціянін абавязаны паглыбляць, развіваць і перадаваць далей сваю веру. Парафіяльная супольнасць, ажыўленая апостальскім духам, пакліканая таксама да місійнага прапаведвання і сведчання веры. Яна не можа клапаціцца толькі пра захаванне веры тых, хто ўжо верыць і жыве вераю. Парафіяльная супольнасць павінна заахвочваць да веры, весці да яе тых, хто яе яшчэ не мае альбо страціў.

Душпастырства, усведамляючы свае заданні і існуючую небяспеку, не можа абмежавацца толькі традыцыйнымі формамі, нават калі б яны былі самым лепшымі. У апошнія гады мы заўважаем дынамічнае развіццё рухаў, таварыстваў і рэлігійных груп, якія ўтвараюцца на тэрыторыі парафіі. Карыстаючыся іх вопытам, мы пастаянна шукаем новых формаў перадачы Евангелля. Гэтыя групы трэба цаніць і падтрымліваць, выходзячы насустрач патрэбам сучаснага чалавека. Стварэнне шматлікіх душпастырскіх груп у парафіі сёння з’яўляецца дзейсным сродкам у ажыццяўленні рэлігійнай і маральнай перамены чалавечых сэрцаў. Мэта гэтых супольнасцяў — належнае стаўленне да Святога Пісання і паглыбленне ведаў аб ім, любоў да Эўхарыстыі, Касцёла і сакрамэнтаў.

Радуе таксама тое, што створаныя рэлігійныя супольнасці лягчэй пранікаюць у гарадскія і вясковыя асяроддзі, становячыся зародкам хрысціянскага жыцця. Яны прысвячаюць шмат увагі ўбогім, людзям, выкінутым па-за межы грамадства, і праз гэта далучаюцца да перамены секулярызаванага грамадства. Супольнасці, якія дзейнічаюць у Касцёле, з’яўляюцца як бы «жывымі ячэйкамі ў арганізме», у іх пульсуе евангельскае жыццё. Унікаючы ў рэальныя праблемы людзей, яны прапануюць канкрэтныя вырашэнні гэтых праблем і абвяшчаюць Евангелле не толькі увогуле, вялікім грамадскім групам, але і асобным людзям.

Такія супольнасці, афіцыйна прызнаныя Касцёлам, прапануюцца як натуральная, прыстасаваная да сённяшніх часоў форма парафіяльнага душпастырства. Часам такія супольнасці называюцца «касцёльнымі супольнасцямі», таму што гэта супольнасці веры, надзеі і любові, створаныя на аснове слухання Божага слова, справаванай Эўхарыстыі і служэння ў касцёле ў лучнасці з душпастырам. Праяўляючы сапраўдную салідарнасць з асобамі найбольш патрабуючымі, актыўна далучаючыся да паслугі валанцёраў, уключаючыся ў вырашэнне грамадскіх праблемаў, прымаючы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці свайго асяроддзя, — гэтыя супольнасці з’яўляюцца важным пунктам суаднясення для ўсіх, хто патрабуе навяртання, уключэння ў служэнне чалавеку, а таксама ў служэнне грамадскай справядлівасці і сапраўднай свабодзе. Будучы маленькімі групамі, такія супольнасці маюць большыя шансы індывідуальнага ўздзеяння на вялікія групы людзей. Яны ідуць да іх не толькі з Евангеллем, але і з матэрыяльнаю дапамогаю, уключаюцца ў грамадскія справы і вядуць дыялог з рознымі свецкімі інстытутамі, каб атрымаць падтрымку для найбольш патрабуючых.

Незвычайная з’ява дынамічнага развіцця каталіцкіх рухаў і таварыстваў, у склад якіх уваходзяць свецкія асобы, назаўсёды ўпісалася ў рэчаіснасць часоў пералому тысячагоддзяў хрысціянства. Гэтая з’ява красамоўна сведчыць пра жыццяздольнасць Касцёла. Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў гэты феномен «сапраўднаю вясною Духа Святога».

У красавіку 1987 года ў Рыме, на заканчэнне звычайнага Сіноду біскупаў, прысвечанага пакліканню і місіі свецкіх у Касцёле і свеце, Айцы Сіноду скіравалі да народу Божага пасланне, у якім між іншым напісалі: «Свецкія вернікі ў пераважнай большасці з’яўляюцца паслядоўнікамі і вучнямі Хрыста ў тых асяроддзях, якія мы называем „светам“: у сям’і, на працы, у мясцовай супольнасці. Іх заданнем заўсёды было, а сёння тым больш, насычаць гэтыя сферы рэчаіснасці Духам Хрыста і такім чынам асвячаць свет і супрацоўнічаць у справе будавання Валадарства [Божага]. Яны таксама пакліканы сведчыць аб Евангеллі і весці дыялог з усімі людзьмі».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.