Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экуменізм — справа кожнага хрысціяніна

«Місія Хрыста Адкупіцеля, даручаная Касцёлу, яшчэ вельмі далёкая ад свайго завяршэння. Гледзячы на чалавецтва ў канцы другога тысячагоддзя ад Яго прыйсця, мы бачым, што місія Касцёла яшчэ толькі пачынаецца і што ўсе свае сілы мы павінны задзейнічаць у яго служэнні». Такімі словамі распачынае Святы Айцец Ян Павел ІІ сваю энцыкліку Redemptoris missio. Найглыбейшай сутнасцю пасланніцтва Касцёла з’яўляецца прапаведванне Добрай Навіны пра Хрыста — адзінага Збаўцу. Святы апостал Павел пісаў у сваім пасланні да Карынцянаў: «Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).

У сучасным свеце, дзе існуе шмат розных канфесій, мы як хрысціяне павінны паставіць сабе заданне: сумесна скіроўваць свае намаганні на абвяшчэнне Евангелля дзеля распаўсюджвання Божага Слова. Канфесійныя адрозненні, якія б яны ні былі — у тэалогіі, у спосабах евангелізацыі ці ў сацыяльным вучэнні, — усё гэта павінна не перашкаджаць, а толькі весці нас да зразумення таго, наколькі багатаю і разнастайнаю з’яўляецца наша рэчаіснасць.

Экуменізм — гэта адметная з’ява ў сучасным свеце; гэта рух, скіраваны на дыялог розных канфесій, які дае магчымасць і рэальныя шанцы на аб’яднанне хрысціянаў, як гэтага прагнуў сам Езус Хрыстус: «Каб усе былі адно (...), каб свет паверыў, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21). Невыпадкова Другі Ватыканскі Сабор прысвяціў шмат увагі праблеме адзінства паміж хрысціянамі розных канфесій. Выразам гэтай заклапочанасці Айцоў Сабору стаў Дэкрэт пра экуменізм, у якім асаблівая ўвага была звернута на біблейскі і літургічны рухі, а таксама на абвяшчэнне слова Божага.

Божае Слова вышэй за ўсялякія чалавечыя падзелы. Святое Пісанне было даверана ўсяму Касцёлу і таму з’яўляецца супольным дабром хрысціянства. З яго Касцёл заўсёды чэрпае жыццядайную сілу. Таму Айцы Сабору асабліва падкрэслілі ў Дэкрэце пра экуменізм, што «Святое Пісанне з’яўляецца ў дыялогу дасканальным інструментам ва ўсемагутнай руцэ Божай дзеля дасягнення адзінства, якое Збаўца вызначае ўсім людзям» (UR, 21.).

Біблія з’яўляецца супольным дабром усяго хрысціянства. Менавіта да яе мы звяртаемся, калі прагнем пераадолець згубныя наступствы падзелу. Біблія — гэта Слова Бога, якое яднае вернікаў вакол асобы Яго Сына, Уцелаўлёнага Слова. Сёння, нягледзячы на адрозненні, што нас падзяляюць, мы можам стаць разам вакол стала Божага Слова, каб, услухоўваючыся ў яго, рабіць крокі насустрач адзін аднаму.

Біблейскае экуменічнае апостальства, пра якое ішла гаворка ў дакументах Сабору, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў стала своеасаблівым мастом паміж рознымі канфесіямі. Менавіта гэты рух супольнымі намаганнямі католікаў, праваслаўных і пратэстантаў арганізаваў міжканфесійныя курсы, сімпозіумы, біблейскія нядзелі і цэлыя тыдні, прысвечаныя больш глыбокаму вывучэнню Бібліі. З’яўляюцца супольныя каментары і іншыя апрацаванні тэкстаў Святога Пісання, распаўсюджваюцца Біблія і біблейская літаратура.

Існуе шмат магчымасцяў для супольнай працы ў галіне абвяшчэння Евангелля, што спрыяе аб’яднанню падзеленага Хрыстовага Касцёла. Сёння гэта становіцца душпастырскім заклікам да ўсіх Цэркваў і царкоўных супольнасцяў. Узгадаем словы Яна Паўла ІІ, які ў сваёй энцыкліцы Ut unum sint пісаў, што экуменізм з’яўляецца адным з душпастырскіх прыярытэтаў Касцёла і вызначальнікам хрысціянскага сумлення. Дзякуючы экуменічнай скіраванасці нашае хрысціянства можа станавіцца больш поўным і ўнутрана ўзбагачацца (Ut unum sint, 31; 34.). У справе адбудовы адзінства хрысціянаў вельмі важным з’яўляецца сведчанне, якое вернікі даюць сваім уласным жыццём. Прымаючы выклік сучаснага секулярызаванага свету, хрысціяне павінны зрабіць усё магчымае, каб разбурыць муры падзелаў і пераадолець перашкоды для абвяшчэння Евангелля Збаўлення праз Крыж Хрыста (Ut unum sint, 2.). З часоў Другога Ватыканскага Сабору ідучы па шляху экуменічнага пошуку, Каталіцкі Касцёл адчувае сваё пакліканне да евангельскага аднаўлення і пакаяння, а разам з тым дзякуе Хрысту за шчодры дар святасці і не жадае для сябе нічога, акрамя свабоды абвяшчаць Евангелле.

Ян Павел ІІ у энцыкліцы пра экуменізм нагадвае, што сам Езус у хвіліну сваёй Му2кі маліўся, «каб усе былі адно» (Ян 17, 21). З гэтага вынікае абавязак садзейнічаць адзінству хрысціянаў, а таксама адказнасць перад Богам усіх, хто праз хрост стаў Целам Хрыста, за захаванне гэтага адзінства, бо падзел яўна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусаю для свету і пры гэтым шкодзіць справе абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню.

Святы Айцец навучае, што «справа экуменізму павінна грунтавацца на навяртанні сэрцаў і на малітве» (Ut unum sint, 2.). Навяртанне сэрца і святасць жыцця ў спалучэнні з публічнымі і прыватнымі малітвамі за адзінства хрысціянаў — гэта душа ўсяго экуменічнага руху. Гэта тое, што Ян Павел ІІ называў «духоўным экуменізмам» (Ut unum sint, 21.). Ён падкрэсліваў, што любоў з’яўляецца самым глыбокім жыццядайным струменем працэсу аб’яднання. А любоў знаходзіць найбольш поўны выраз у супольнай малітве. Будзем жа трывалыя ў малітве і даручым справу адзінства хрысціянаў Найсвяцейшай Панне Марыі. Яна — Маці Божая і Вобраз Касцёла, духоўная Маці, якая заступаецца за вучняў Хрыста і за ўсё чалавецтва.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.