Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэлігійнае выхаванне ў сям’і

У рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі прымаюць удзел многія асяроддзі і грамадскія групы. Галоўная адказнасць за выхаванне ляжыць на бацьках. Менавіта бацькі маюць шмат магчымасцяў з гэтага пункту гледжання, бо яны аказваюць уплыў на сваіх дзяцей з першых хвілінаў іх жыцця праз блізкія адносіны і сведчанне ўласнага жыцця. Існуе цесная сувязь паміж рэлігійнасцю бацькоў і ўнутранай паставай іх дзяцей у гэтай сферы.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «паколькі бацькі далі жыццё дзецям, то яны ў самай высокай ступені абавязаныя выхоўваць патомства, таму іх трэба лічыць першымі і галоўнымі выхавацелямі. Выхаваўчае заданне мае такое вялікае значэнне, што магчымую адсутнасць гэтага наўрад ці можна чым-небудзь запоўніць. Таму што бацькі павінны стварыць такую сямейную атамасферу, напоўненую любоўю і павагаю да Бога і да людзей, каб яна спрыяла цэласнаму асабістаму і сацыяльнаму выхаванню дзяцей» (GE, 3.).

Рэлігійнае і маральнае выхаванне дапамагае развіць у дзіцяці хрысціянскі погляд на жыццё. Яно адбываецца праз кантакт бацькоў з дзіцем. Яны не павінны ніколі забываць, што ў канчатковым выніку ўсё павінна весці да адной мэты — гэта значыць да збаўлення чалавека. Выхаванне складаецца з многіх фактараў, якія могуць сур’ёзна ўплываць на фармаванне ўнутранай паставы дзіцяці.

Выхоўваць — гэта значыць так уплываць на дзіця, каб яно няспынна развівалася фізічна, інтэлектуальна, сацыяльна, маральна, рэлігійна. Бацькі павінны так выхоўваць дзіця, каб яно магло выканаць сваё жыццёвае заданне і пакліканне. У будучыні, калі выбярэ шлях сужэнскага жыцця, каб было яно добрым мужам або жонкаю, гатовым да ахвярнай любові.

Абавязак бацькоў — дапамагчы дзіцяці ў арганізацыі заняткаў, а таксама паклапаціца пра яго фізічнае і інтэлектуальнае развіццё, забяспечыць яму магчымасць набываць вопыт у кантактах з людзьмі і развіваць асабістыя здольнасці і схільнасці. Аднак на першым месцы павінна стаяць фармаванне ў дзіцяці адпаведных адносінаў да Бога.

Нельга абмяжоўваць рэлігійнае выхаванне дзіцяці толькі тым, што яго пасылаюць «у касцёл» або на катэхізацыю. Тэлевізійныя праграмы, кампутарныя гульні, пазашкольныя заняткі або выезды ў нядзелю за горад, не могуць быць апраўданнем занядбанняў штодзённай малітвы, катэхізацыі, нядзельнай святой Імшы або рэлігійных практыкаў. У хатняй бібліятэцы павінны быць рэлігійныя кніжкі і часопісы як для дзяцей, моладзі, так і для дарослых. Пачэснае месца павінна заняць Святое Пісанне. Крыж, абразы Езуса і святых на сценах дома павінны быць не толькі ўпрыгожаннем, але і сімвалам веры ўсёй сям’і. Клопат пра рэлігійнае выхаванне праяўляецца таксама ў адпаведным перажыванні рэлігійных святаў і ўрачыстасцяў у сям’і. Нельга дапускаць таго, каб бацькі не праводзілі з дзецьмі размоваў на рэлігійныя тэмы.

Бацькі сваім прыкладам і сведчаннем веры павінны давесці дзіця да Хрыста і навучыць яго весці сяброўскі дыялог са Збаўцам, пастаянна адказваць на Божы заклік. Падкрэсліваючы Божую любоў, бацькі павінны абуджаць давер да Нябеснага Айца і жаданне абапіраць сваё жыццё на Дэкалогу, які з’яўляецца праявай Яго добразычлівасці і клопату пра нашае сапраўднае шчасце і вечнае жыццё. Вучачы дзяцей быць вернымі Божым запаведзям, кіравацца наказам сумлення, бацькі павінны падрыхтаваць іх да пастаяннага спаўнення Божай волі і да рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання: сужэнскага, святарскага, манаскага альбо самотнага паводле ўласнага выбару. Усялякія формы ўздзеяння бацькоў на дзіця павінны быць скіраваны на тое, каб дзіця вучылася жыць для іншых і такім чынам імкнулася дасягнуць вечнага збаўлення. Бацькі сваім прыкладам павінны абуджаць у дзіцяці надзею на вечнае жыццё, нагадваць пра тое, чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, пра тое, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго (пар. 1 Кар 2, 9).

Крытэрыем сувязі чалавека з Богам з’яўляецца індывідуальная малітва. Так, як кожны дзень дзіця жадае і шукае кантакту з любячымі бацькамі, так і штодзённа нанава ён патрабуе Божай прысутнасці. Праз малітву, катэхізацыю, Эўхарыстыю, сакрамэнт паяднання, чытанне Святога Пісання, удзел у рэкалекцыях, парафіяльных фармацыйных групах ствараецца і ўзмацняецца сувязь з Богам як найлепшым Айцом.

Сталае ў рэлігійнай сферы дзіця прыходзіць да пераканання, што Божыя запаведзі не з’яўляюцца непатрэбным цяжарам ці абмежаваннем свабоды, але наадварот — яны становяцца яго мудрасцю і сілай. Рэлігійна сталы чалавек — гэта той, хто адкрыў, што пазнаванне і спаўненне Божай волі выводзіць яго на шлях благаславення і шчасця.

Любіць сваіх дзяцей — гэта значыць, прыводзіць іх да Хрыста, нашага Збаўцы і найлепшага Выхавацеля чалавека.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.