Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай у Тракелях

Абраз Маці Божай Тракельскай
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Тракелях ушаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай. У 1994 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч пастанавіў адзначаць свята цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай у першую нядзелю ліпеня як дыяцэзіяльную ўрачыстасць. У Тракелі ладзяцца штогадовыя пілігрымкі.






в

  Кантакты

Тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя:

Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

Адпусты:31 мая; 1-я субота ліпеня
Святая Імша:у нядзелю і святы ў 10.00, 13.00
у звычайныя дні ў 18.00 (зімой), 19.00 (летам)
Адрас:231372, в. Тракелі, Воранаўскі р-н, Гродзенская вобл.
Тэл.:8 (01594) 7–83–7

 

 З гісторыі санктуарыя


Фота globus.tut.by

Паводле архіўных звестак, першы парафіяльны касцёл у Тракелях быў закладзены ў 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. Аднак, паводле некаторых дадзеных, Марцін Гаштольд быў ваяводам троцкім і памёр у 1483 г., а віленскім ваяводам у 1522-1539 гг. быў яго сын Альбрэхт Гаштольд. Па прычыне гэтых разыходжанняў, а таксама з-за адсутнасці іншай дакладнай даты, заснаванне касцёла трэба аднесці да першай паловы XVI ст.
Першы касцёл знаходзіўся ў паўночнай частцы вёскі. Пазней быў пабудаваны драўляны касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас нашэсця маскоўскіх войскаў у 1655–1659 гг. тракельская святыня, як і многія іншыя, была знішчана. Дзякуючы намаганням айцоў езуітаў касцёл быў адбудаваны і ў 1687 г. кансэкраваны Віленскім суфраганам Уладзіславам Сільніскім. Аднак святыня не праіснавала і стагоддзя, як зноў была знішчана падчас нашэсця шведаў каля 1705 г. Агульнымі намаганнямі айцоў езуітаў і парафіянаў у 1758 г. касцёл быў нанава адбудаваны і кансэкраваны пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны будынак святыні, які мы бачым сёння, пабудаваны Стэфанам Незабыткоўскім ў 1809 г. Грунтоўная рэстаўрацыя будынка была здзейснена ў 1866 г. адміністратарам тракельскай парафіі кс. Юзафам Сідорскім. Пазней касцёл яшчэ некалькі разоў рэстаўраваўся. Паводле парафіяльных хронік, святыня набыла сучасны выгляд у 1928 г.
dЗ гісторыі абраза Маці Божай Тракельскай

У тракельскім касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаваным у 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам, у галоўным алтары знаходзіцца абраз рымскай іканаграфіі, які згодна з легендай быў намаляваны ў канцы ХVІ ст. Паводле адной з легендаў, абраз, прывезены з Вільні ў 1595 г., здаўна славіўся шматлікімі цудамі. Ён з’яўляецца адным з самых высокамастацкіх спісаў Маці Божай «Снежнай» у Беларусі. Невядомы віленскі мастак стварыў надзвычай прыгожы і высакародны вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам. Па характары вобразаў яго можна параўнаць з абразом 1640 г. віленскага мастака фламандскага паходжання Пенса ў Святой Ліпцы на Варміі. Дасканаламу познерэнесансаваму жывапісу адпавядае металёвая шата з каронамі. У другой палове XVII ст. (магчыма, каля 1664 г.) абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай укленчанага св. Казіміра з ружанцам у руках. У 1994 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч пастанавіў адзначаць свята цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай у першую нядзелю ліпеня як дыяцэзіяльную ўрачыстасць. У Тракелі ладзяцца штогадовыя пілігрымкі.

Выкарыстаны матэрыялы з кнігі
Аляксандра Ярашэвіча
Маці Божая Снежная ў Беларусі. Мінск. 2003
.

kПілігрымка ў Тракелі

Лютага гневу аж пеніўся келіх,
усе адпілі па глытку...
Пойдзем сям’ёй у святыя Тракелі
па сонейку, па халадку.

Лічба ружанцамі збройнага войска
процьма і цьма, Божы стан.
Брамы пільгрымам разнасцежыць вёска,
золак пасцеле туман.

Божанька пройдзе па вуліцы пешкі,
цёплы не колецца жвір.
Конь – белы воблак, плашч зорны – вершнік,
княжа святы Казімір.

Князь Казімір пачынае Ружанец:
«Поўная ласкі, вітай!»
Божая Маці ў святочной пашане
выйдзе, абніме наш край.

Данута Бічэль
AM № 6 (134)/2006
р Спасылки па тэме
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.