Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі
Абраз Маці Божай Гудагайскай
Гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі славіцца абразом Маці Божай Гудагайскай, культ ушанавання якога звязаны са шкаплерным набажэнствам. Галоўная ўрачыстасць святкуецца 16 ліпеня. 20 ліпеня 2014 г. падчас святкавання 250-годдзя з часу свайго асвячэння касцёл у Гудагаі быў аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі. У святыні знаходзіцца вядомы ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, які быў каранаваны папскімі каронамі 15 ліпеня 2007 г.

 

 

 

  h

Кантакты

Тытул касцёла:
Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі
Адпусты:    31 мая, 16 ліпеня
Святая Імша:

у нядзелі і святы 13.00
у звычайныя дні 16.00 (зімой), 17.00 (летам)

Адрас: 231200, м. Гудагай, Астравецкі р-н, Гродзенская вобл.
Тэл.:

8 (01591) 2–86–62


З гісторыі Гудагая


Касцёл у ГудагаіМястэчка Гудагай — цяпер невялічкая вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, на трасе Ашмяны — Астравец, недалёка ад чыгуначнай лініі Калінінград — Вільня — Мінск — Масква. Наўскрайку вёскі стаіць маленькі драўляны касцёл, збудаваны на невялікім узгорку, адкуль пры добрай бачнасці відаць суседнія вёскі і горад Астравец.

Гісторыя гудагайскай парафіі цесна звязана з абразом Маці Божай. У адной з легендаў гаворыцца, што ў мясцовых ваколіцах у старажытнай ашмянскай пушчы жыў пустэльнік, які ў аддаленасці ад людзей паглыбляўся ў малітву і практыкі пакаяння, а таксама даваў парады і аказваў духоўную дапамогу людзям, якія да яго прыходзілі. Непадалёку праходзіў шлях, што яднаў Захад і Усход. У той час ездзілі па ім шматлікія купцы, якіх вельмі часта рабавалі злодзеі. Аднойчы на купецкі караван напалі рабаўнікі і на месцы, дзе гэта адбылося, засталося шмат каштоўных рэчаў. Сярод іх магла быць і ікона Маці Божай, якую потым прынеслі пустэльніку, а ён змясціў яе ў сваім доме.

Іншая легенда апавядае, што непадалёку ад Бернасішак, на хутары Паляны (захаваўся да сённяшняга дня), стаяла леснічоўка, дзе жыў вельмі пабожны ляснік, які меў асаблівае набажэнства да Найсвяцейшай Маці. У яго шалашы, або вартаўнічым будане, і з’явіўся абраз Марыі. Паводле яшчэ адной легенды, гэты абраз быў выкінуты з дома аднаго з шляхецкіх родаў пасля прыняцця гаспадарамі пратэстантызму (кальвінізму), у якім адмаўляўся культ Маці Божай і святых. Незалежна ад праўдзівасці версій, відавочна адно: сам Бог выбраў гэтае месца, як і шмат іншых, каб удзяляць свае ласкі.

Хутка невялічкі абраз Маці Божай, памерам 31,2 х 27,7 см, пачало ўшаноўваць мясцовае насельніцтва. Да будана ў гаі пачалі прыходзіць людзі, каб папрасіць дапамогі ў Найсвяцейшай Маці, і іх просьбы былі выслуханыя. У свядомасці людзей назва мясцовасці таксама звязана з абразом: найперш яна паведамляе, што цудоўны абраз знаходзіўся ў будане ў гаі, таму гэта месца называлі Будагае, аж пакуль не ўзнікла сучасная назва Гу­дагай.

Выкарыстаны матэрыялы: Аркадзь Куляха OCD
«Абраз Маці Божай у Гудагаі» (выдавецтва «Pro Christo», Мінск, 2007).

gГісторыя абраза Маці Божай у Гудагаі

Першыя гістарычныя дадзеныя пра абраз знаходзім у акце фундацыі кляштара кармэлітаў босых у Гудагаі, які датаваны 19 студзеня 1764 г. З яго даведваемся, што абраз Маці Божай Гудагайскай, які славіўся «цудамі ўжо сто гадоў», 25 верасня 1735 г. купіла разам з нерухомасцю Гудагай у рода Развадоўскіх Людвіка Ганна Война, з Сулістроўскіх (Козел-Паклеўская па першым мужы), жонка дзісненскага старасты. Праз год новая гаспадыня Гудагая пабудавала для абраза капліцу замест старой, спаленай шведамі ў 1656 г. Ганна Война з Сулістроўскіх хацела такім чынам вы­пра­сіць вечнае збаўленне для свайго першага мужа Міхала Козел-Паклеўскага, які трагічна загінуў падчас нападу разбойнікаў, калі вяртаўся з Варшаўскага сейма. Памерлы адышоў з гэтага свету без святых сакрамэнтаў і ў сне турбаваў сваю жонку, таму яна хацела, каб вернікі малілі­ся падчас набажэнстваў аб вечным супакоі для яе мужа.

У 1763 г. Войны пабудавалі ў Гудагаі касцёл, а праз год з левага боку за касцёльным пляцам (касцёльнымі могілкамі) быў пабудаваны двух’ярусны кляштар кармэлітаў босых Літоўскай правінцыі св. Казіміра, якія былі пераведзены з Вільні, з Вострай Брамы, каб апекавацца цудатворным абразом. Пасля таго як кармэліты прыбылі ў Гудагай, 8 верасня 1764 г., у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, яны ўрачыста перанеслі абраз у касцёл і змясцілі яго ў галоўным алтары. Кляштарны летапісец занатаваў, што «ўвесь Гудагай набыў урачысты выгляд. Узведзены і прыгожа аздоблены брамы на месцах прамоваў. Шлях каля ўваходу ў касцёл на некалькі метраў быў высланы дыванамі і кветкамі... Меладычная музыка злівалася з боем касцёльных званоў».

З самага пачатку сваёй прысутнасці ў Гудагаі кармэ­літы пашыралі культ Маці Божай, асабліва развіваючы шкаплернае набажэнства і беручы пад душпастырскую апеку мясцовае насельніцтва. 21 верасня 1777 г. Віленскі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі заснаваў гудагайскую парафію, у якой налічвалася каля 1500 вернікаў. Пры парафіі кармэліты арганізавалі школу для сіротаў і шпіталь, або прытулак для бедных.

На жаль, дзейнасць парафіі была перарвана пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання. З 1832 г. дэкрэтам цара Мікалая І быў ліквідаваны таксама кляштар у Гудагаі, а яго маёмасць перададзена дзяржаве. Парафію па­дзялілі і далучылі да суседніх парафій, а касцёл, званіцу ­­і іншыя пабудовы прадалі габрэям пад знос. Славуты ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай знайшоў сховішча ў касцёле ў Ашмянах, куды яго разам з вотамі ва ўра­чыстай працэсіі занеслі адданыя шанавальнікі. Разам з абразом, як яго апякун, накіраваўся туды апошні гудагайскі настаяцель айцец Урбан Кляпацкі, які стаў у ашмянскай парафіі вікарыем, захоўваючы права насіць кармэліцкі габіт.

Вернікі не маглі пагадзіцца са стратаю любімай святыні і месца культу. На шчасце, дзякуючы апецы Маці Божай, а таксама малітвам і дзейнасці парафіянаў, габрэі не разабралі касцёла і званіцы. У 1856 г. гудагайскі касцёл набыў, а потым аднавіў кс. Данат Сямашка. У 1878 г. ад уладаў быў атрыманы дазвол праводзіць у Гудагаі ў кожную суботу святую Імшу, а з часам — часцей цэле­браваць літургію ў вялікія касцёльныя святы. На ўра­чыстасці адпусту, асабліва Маці Божай Шкаплернай (16 лі­пеня) і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (8 верасня), збіралася вялікая колькасць вернікаў. Ня­спынныя і настойлівыя намаганні вернікаў прычыніліся да таго, што ў 1906 г. улады аднавілі гудагайскую парафію і пробашчам у ёй стаў кс. Фелікс Мінгін.

* * *

Першыя гістарычныя дадзеныя пра абраз Маці Божай Гудагайскай, які славіўся «цудамі ўжо сто гадоў», знаходзім у акце фундацыі кляштара кармэлітаў босых у Гудагаі, які датаваны 19 студзеня 1764 г.


Віленскі біскуп
Ігнацы Якуб Масальскі

25 верасня 1735 г. — абраз Маці Божай Гудагайскай разам з нерухомасцю Гудагай у рода Развадоўскіх купіла Людвіка Ганна Война, з Сулістроўскіх (Козел-Паклеўская па першым мужы), жонка дзісненскага старасты. 1656 г. — капліца, пабудаваная для абраза, спалена шведамі.

1657 г. — пабудавана новая капліца.

1763 г. — у Гудагаі пабудаваны касцёл.

8 верасня 1764 г. — у галоўным алтары касцёла змешчаны цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай.

21 верасня 1777 г. — Віленскім біскупам Ігнацыем Якубам Масальскім заснавана гудагайская парафія.

Пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання дзейнасць парафіі перарвана.

1832 г. — дэкрэтам цара Мікалая І ліквідаваны кляштар у Гудагаі, а яго маёмасць перададзена дзяржаве. Абраз разам з вотамі перанесены ў касцёл у Ашмянах.

1856 г. — гудагайскі касцёл набыў, а потым аднавіў кс. Данат Сямашка.

1906 г. — уладамі адноўлена гудагайская парафія, пробашчам якой стаў кс. Фелікс Мінгін.

15 ліпеня 2007 г. — каранацыя абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі кардыналам Казімірам Свёнтэкам.



Выкарыстаны матэрыялы: Аркадзь Куляха OCD
«Абраз Маці Божай у Гудагаі» (выдавецтва «Pro Christo», Мінск, 2007).
 
20 ліпеня 2014 г. — падчас святкавання 250-годдзя з часу свайго асвячэння касцёл у Гудагаі аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі.

 g

Ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Маці Божай у Гудагаі

Каля абраза Маці Божай Гудагайскай змешчана вітрына з вотамі, якія ахвяраваны вернікамі за атрыманыя ласкі. У другой палове XVIII ст. іх было вельмі шмат. Частка вотаў, якая захоўвалася ў кляштары, была знішчана падчас пажару ў 1792 г. Значную колькасць вотаў перанеслі разам з абразом у Ашмяны, дзе імі ўпрыгожылі абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Цяпер на вітрыне ёсць каля 20 срэбных вотаў.

Прывядзем некалькі са шматлікіх ласкаў Маці Божай Гудагайскай, якія былі запісаны і пацверджаны душпастырамі:

  • У 1779 г. чатырохгадовая Зося з Гудагая цяжка захварэла. Яна не магла есці, і некалькі дзён у яе трымалася высокая тэмпература. Доктар не даваў надзеі на папраўку. Тады маці Зосі пайшла да кармэлітаў і папрасіла адправіць святую Імшу перад цудоўным абразом Маці Божай. Падчас Імшы разам са старэйшаю дачкою яна малілася аб здароўі для хворага дзіцяці. Вярнуўшыся дадому, яна ўбачыла Зосю поўнасцю здароваю. Дзякуючы за ласку аздараўлення дачкі, яна ахвяравала Маці Божай срэбны вот.
  • Каля 1912 г. дванаццацігадовая дзяўчынка з гудагайскай парафіі страціла зрок. Аслеплую дачку бацькі адвезлі ў шпіталь у Вільні. Дактары сцвердзілі, што стан вачэй невылечны і адправілі яе дадому. Тады заклапочаныя бацькі звярнуліся па паратунак да Маці Божай Гудагайскай. Іх вера і малітва былі пачутыя. Да дзяўчыны вярнуўся зрок. З таго часу яна штогод прыязджала ў Гудагай на галоўную ўрачыстасць, каб падзякаваць Маці Божай за ласку здароўя. У 1923 г. пробашч кс. Павел Сянкевіч асабіста размаўляў з ёю і сцвердзіў, што ў яе зусім здаровыя вочы.
  • Уладзіслава Барысевіч, якая жыла ў Вільні, 23 снежня 1936 г. прыслала пробашчу кс. Паўлу Сянкевічу срэбны вот у форме пласцінкі з выяваю вуха і словамі падзякі Маці Божай за аздараўленне. Яна доўга малілася да Маці Божай, просячы аб здароўі. Толькі ў 1928 г. пасля пілігрымкі з Ашмянаў у Гудагай на штогадовы адпуст яна атрымала дар аздараўлення вуха.
  • Кс. Аляксандр Ляховіч, які нарадзіўся ў Гудагаі, вялікі шанавальнік Маці Божай Гудагайскай, у 1944 г. прыслаў з Вільні кс. Вацлаву Радзівону, вікарыю парафіі ў Гудагаі апісанне атрыманай ласкі: «Уся наша сям’я мела вялікі культ да Маці Божай Гудагайскай, але пасля наступнага здарэння пашана і пакланенне яшчэ больш павялічыліся, а Яе абраз стаў для нас найдаражэйшаю каштоўнасцю. У 1907 ці 1908 г. мая самая малодшая сястра Ядвіга цяжка захварэла. Дзіця згасала на вачах і пасля некалькіх дзён хваробы было ў агоніі. У роспачы мая маці ў гэтую крытычную хвіліну з глыбокаю вераю звярнулася па дапамогу да Маці Божай Гудагайскай. Яна ўкленчыла і публічна прысягнула, што калі яе дзіця застанецца жыць, яна ў знак удзячнасці да канца жыцця будзе пасціцца ў суботы. У гэты момант на твары дзіцяці з’явіўся румянец, дзяўчынка радасна адкрыла вочы, а пасля некалькіх дзён стала цалкам здаровай».
  • Ласку выратавання свайго жыцця апісвае вікарый гудагайскай парафіі кс. Вацлаў Радзівон: «Падчас эпідэміі тыфу, якая распаўсюджвалася ў парафіі, абслугоўваючы шматлікіх хворых ці калядуючы, у канцы 1941 г. я падхапіў гэтую страшную хваробу. Ужо 3 студзеня я адчуваў сябе вельмі дрэнна. Мяне мучыла моцная гарачка. Мне здавалася, што гэта звычайная прастуда, і, маючы моцны арганізм, я з усіх сіл супраціўляўся хваробе. Гэтае змаганне працягвалася да 6 студзеня. Я пайшоў у касцёл, хоць ногі хісталіся так, быццам яны былі з гумы. Я сказаў казанне, маючы тэмпературу 39,40, памаліўся Нешпары і выканаў іншыя святарскія абавязкі. Потым ахрысціў некалькі дзяцей. У мяне пачало цямнець у вачах. Я лёг у ложка і ўжо не мог устаць. Праз екалькі дзён я страціў прытомнасць. Мяне адвезлі ў шпіталь у Ашмяны. Хвароба праходзіла вельмі цяжка. Амаль з апошніх сілаў я змагаўся са смерцю. Прыкладна тыдзень тэмпература не апускалася ніжэй за 400. Увесь час я амаль што быў непрытомны. 14 студзеня дактары, якія сабраліся на кансіліум, прызналі, што яны бездапаможныя. Парафіянка Шыдлоўская, якая апекавалася мною, бачачы гэта, з гучным плачам пачала прасіць іх выратаваць мяне. Гэты плач на хвіліну вывеў мяне з непрытомнасці. Тады я пачуў такі адказ з вуснаў аднаго ўрача: «Мы яму ўжо нічым не дапаможам!». Я зразумеў, што павінен памерці ва ўзросце 27 гадоў. «Маці, — уздыхнуў я да Гудагайскай Пані, — Ты мне дапаможаш!!!».

    Ноч прайшла ў змаганні са смерцю. Раніцай я адкрыў вочы. Усё ўспомніў. Гарачка зараз жа спала. Прыйшлі дактары і медперсанал. Яны былі здзіўленыя такім станам хваробы. «Дзякую Табе, Маці, за здароўе», — шапталі бледныя спечаныя вусны... Я моцна веру ў тое, што маё вылячэнне адбылося не без удзелу Маці Божай».
  • «26 мая 2003 г. майго ўнука Ваню Кляўду (9 гадоў) збіла машына, калі ён вяртаўся са школы. Ён атрымаў страсенне мазгоў і адкрыты пералом правай нагі. Тры дні знаходзіўся ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане. Разам з яго бацькамі мы маліліся аб ягоным аздараўленні. Сітуацыя была складаная, бо косці зрасталіся няправільна, перасаджаная скура не хацела прыняцца. Усё змянілася, калі па маёй просьбе 26 мая 2003 г. айцец Леанард Цеханоўскі адслужыў святую Імшу перад абразом Маці Божай Гудагайскай аб здароўі для ўнучка. З таго часу хлопчык пачаў папраўляцца і хутка вярнуўся дадому. Я ўпэўнена, што гэта Маці Божая Гудагайская вылечыла яго, і няспынна дзякую Ёй за гэта (Лукойць Галіна, 67 гадоў, Гарадоўшчына).
  • «Падзяка Маці Божай Гудагайскай за дар здароўя маёй дачкі Валянціны: Маё дзіцятка, маючы год і шэсць месяцаў, цяжка захварэла. Рэцыдыў хваробы паўтараўся 15 разоў на працягу двух гадоў. Лячэнне дактароў расчаравала нас. Тады я звярнулася з просьбаю да Маці Божай Гудагайскай. Увесь год я кожны дзень малілася на ружанцы, і мая просьба была пачута. Дзіця паправілася і больш ужо не хварэе. Сёння маёй дачцы 45 гадоў».


З гудагайскай парафіі паходзяць кс. пралат д-р Мар’ян Маргуж, які сёння жыве ў Польшчы ў Кавалях Панскіх, і кс. Стэфан Кацінель, пробашч парафіі св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбурзе. Яны таксама сведчаць аб ласках, атрыманых у Гудагаі.

Гісторыя славутага ласкамі абраза Маці Божай Гу¬дагайскай пацвярджае актыўны ўдзел Маці Божай у справе адкуплення людзей праз няспыннае заступніцтва і мацярынскае пасрэдніцтва перад сваім Сынам Езусам Хрыстом ва ўдзяленні ласкаў. Кніга просьбаў і падзякаў дапаўняецца ўсё новымі і новымі запісамі людзей, якія ў Гудагаі, у славутай Лекаркі, атрымалі чаканае суцяшэнне і ласкі.

Выкарыстаны матэрыялы: Аркадзь Куляха OCD
«Абраз Маці Божай у Гудагаі» (выдавецтва «Pro Christo», Мінск, 2007).

gЗнак прывілею               

Маці Божая ўказала Сымону Стоку на ягоны шкаплер«Прымі, найдаражэйшы сыне, гэты шкаплер. Ён будзе прывілеем для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто памрэ ў ім, той не спазнае агню пякельнага» — такія словы Божай Маці пачуў 16 ліпеня 1251 г. святы Сымон Сток, генерал ордэна кармэлітаў у вельмі цяжкі перыяд свайго жыцця. Ордэн, якім кіраваў а. Сымон, апынуўся ў небяспецы распаду. Гэта было ў той час, калі кармэліты, якія раней жылі на гары Кармэль у Палестыне, пасля заваявання мусульманамі Святой Зямлі былі вымушаны перабрацца ў Еўропу, але ў новым асяроддзі ордэн, які прысвяціў сябе выключна кантэмпляцыі, не мог знайсці свайго месца. Многія знакі і падзеі сведчылі пра тое, што няма ўжо аніякага паратунку: не толькі цяжкасці ў матэрыяльнай сферы, але таксама неахвота з боку тагачасных уладаў і адрозныя духоўныя ўмовы знеахвочвалі многіх законнікаў да абранай раней формы жыцця. Менавіта ў гэты час, калі многія гублялі надзею і, як некалі апосталы пасля смерці Езуса, думалі пра вяртанне да сваіх ранейшых заняткаў або пра іншую форму служэння Богу, святы Сымон звяртаецца да ўсіх кармэлітаў з заклікам да малітвы праз заступніцтва Божай Маці аб захаванні ордэна. Айцец Генерал дасканала ведаў, што ніколі не здаралася, каб Марыя пакінула таго, хто да Яе ўцякае, Яе на дапамогу кліча, таму мабілізаваў сваіх братоў, каб нястомна прасілі сваю Маці і Сястру аб дапамозе (кармэліты называюць сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі). Сам Святы, будучы вялікім шанавальнікам Маці Божай, прасіў Яе аб знаку, які дапаможа перажыць цяжкасці і ўмацуе для далейшых намаганняў дзеля захавання ордэна. Не адну ноч разам з братамі ён правёў у малітве, верачы, што просьбы будуць выслуханыя. Трывалая малітва прынесла свой плён. Маці Божая, калі аб’явілася Сымону Стоку, указала на ягоны шкаплер — верхнюю частку законнага адзення, якая апранаецца падчас працы, і ўчыніла яго знакам своеасаблівага запавету: кожны, хто будзе пабожна насіць шкаплер, не спазнае пекла. Марыя абяцала апеку і дапамогу, чакаючы ўзамен ад кармэлітаў вернасці ў законным жыцці, сімвалам чаго павінна было стаць нашэнне шкаплера. Браты станоўча адказалі на заклік Марыі, цалкам давяраючы Пану Богу і сваёй Маці: ордэн вытрымаў выпрабаванні і цяжкасці і пачаў дынамічна развівацца.

Найсвяцейшая Маці хацела, каб кармэліцкі шкаплер насілі не толькі законнікі, але ўсе вернікі, якія гэтага захочуць. Маці Божая аб’явілася ў 1322 г. папу Яну ХХІІ і да прывілеяў, дадзеных святому Сымону Стоку, дадала яшчэ так званы Суботні прывілей. Марыя абяцала, што кожны, хто пабожна носіць шкаплер і ў ім памрэ, будзе вызвалены з чыстца ў першую суботу пасля сваёй смерці. Шкаплернае набажэнства, якое спачатку практыкавалася ў кармэліцкіх супольнасцях, вельмі хутка распаўсюдзілася сярод свецкіх людзей і духавенства, каралёў і іх падданых, багатых і бедных, простых і адукаваных, а распаўсюджванне марыйнага культу ў знаку шкаплера стала часткай місіі Кармэлю. Было пабудавана шмат кляштараў і касцёлаў пад тытулам Маці Божай Шкаплернай, пры якіх пачалі ўзнікаць шкаплерныя брацтвы. Кармэліты, прыбываючы на новае месца, намагаліся як мага хутчэй паведаміць вернікам пра вялікі дар, які дала ім Марыя як паратунак.

У Беларусі вельмі вядомае і распаўсюджанае шкаплернае набажэнства. У многіх парафіях ёсць звычай прыняцця ў шкаплер дзяцей пасля Першай святой Камуніі. Існуюць таксама касцёлы, звязаныя з культам Маці Божай Шкаплернай. У мястэчку Гудагай у Астравецкім раёне, дзе працуюць кармэліты босыя, знаходзіцца невялікі абраз Найсвяцейшай Маці, які 15 ліпеня 2007 года Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк аздобіў каронамі, якія асвяціў Слуга Божы Ян Павел ІІ. Культ цудоўнай выявы звязаны са шкаплерным набажэнствам. Улетку, калі адзначаецца ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай (у Гудагаі ў суботу і нядзелю перад 16 ліпеня), у невялікай вёсачцы збіраецца шмат вернікаў з наваколля і з розных куткоў Беларусі, якія прыбываюць да Маці Божай Шкаплернай, каб прыняць шкаплер або аднавіць сваё набажэнства, каб выпрошваць сілы і прыступіць да святых сакрамэнтаў ці памаліцца ў ціхай, невялікай, утульнай святыні.                

Шкаплер
 Медалік з выявамі Сэрца Езуса і Маці Божай Шкаплернай

Шкаплер — гэта два невялікія кавалкі сукна карычневага колеру, якія носяцца на шыі і з’яўляюцца знакам палатнянага шкаплера, які носяць законнікі. Можна таксама насіць медалік, на якім ёсць выявы Сэрца Езуса і Маці Божай Шкаплернай. Трэба, аднак, памятаць, што само толькі нашэнне шкаплера як нейкага талісману не толькі не прынясе духоўнай карысці, але ў нейкім сэнсе можа стаць знакам забабону. Калі нехта лічыць, што, апрануўшы шкаплер, ён будзе ад усяго абаронены, незалежна ад таго, як будзе паступаць, то ён моцна памыляецца.

Шкаплер папулярна называецца шатаю Марыі, Яе адзеннем. Апрананне яго на шыю ўводзіць нас у вялікую сімволіку і духоўнасць. Марыя, якая пад крыжам атрымала ад Езуса наказ клапаціцца пра людзей, сама апранае нас, клапоціцца пра нашы штодзённыя справы, прагне, каб мы злучылі з Ёю сваё жыццё. Частка шкаплера, якая спадае на плечы, падказвае нам, што турботы, перажыванні і крыжы мы павінны зносіць пад апекаю Марыі, цалкам аддаўшы сябе Божай волі, так, як гэта чыніла Яна, а частка, якая спадае на грудзі, нагадвае пра тое, што нашае сэрца павінна біцца для Бога і бліжніх, дзеля любові адрывацца ад зямных прывязанасцяў і яднацца, праз заступніцтва Марыі, з вечнымі дабротамі, бо праўдзівая наша айчына ёсць у небе — там, дзе ёсць наша Маці. Шкаплер з’яўляецца таксама знакам абароны перад шатанам і грахом: ён нагадвае, што мы не адны на жыццёвым шляху і гарантуе абарону Той, якая, як спяваем у Гадзінках, з’яўляецца пострахам для шатана. У адной са шкаплерных песняў гаворыцца таксама пра абарону ў зямных справах: «Марыя падчас вайны кулямі кіруе, а хто ў Яе шкаплеры, таму жыццё даруе». Міжволі ўспамінаецца постаць Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які пабожна насіў шкаплер, прыняты ў касцёле кармэлітаў босых у родных Вадавіцах. Калі да яго вярнуліся сілы пасля замаху на ягонае жыццё 13 мая 1981 года, ён сказаў, што абавязаны выратаваннем Панне Марыі. Адзін з гудагайскіх парафіянаў, Міхал Вайцяхоўскі, удзельнік Другой сусветнай вайны, паранены ў баі, па сённяшні дзень жыве з асколкам кулі ў сэрцы і перакананы, што захавала яму жыццё і на працягу ўсіх гадоў яго трымае Маці Божая Шкаплерная з Гудагаю.

Першы шкаплер Караля Вайтылы
 Першы шкаплер Караля Вайтылы,
які ўсклаў на яго а. Сільвестр
(музей Яна Паўла ІІ у Вадавіцах)

Кожны, хто надзявае шкаплер, далучаецца праз яго да марыйнай пабожнасці Кармэлю: мае ўдзел ва ўсіх духоўных плёнах малітвы і жыцця кармэліцкай сям’і і ўсю спадчыну Кармэлю можа лічыць сваёй — ён у пэўным сэнсе з’яўляецца часткаю Кармэлю i асаблівым чынам імкнецца наследаваць Панну Марыю і служыць Ёй. Ідэал Кармэлю — трывалая малітва, сузіранне Бога, свабода ад зла i граху і, як вынік усяго гэтага — служэнне братам па прыкладзе Марыі. Гэтыя заданні можна рэалізоўваць рознымі спосабамі, згодна са станам свайго жыцця.

Прыняцце шкаплера адбываецца толькі адзін раз. Калі шкаплер знішчыцца або згубіцца, то кожны сам можа надзець новы. Пры гэтым неабавязкова асвячаць новы шкаплер або медалік. Знішчаны шкаплер з тканіны трэба спаліць. Нельга выкідваць яго на сметнік, бо гэта сведчыла б пра адсутнасць пашаны як да самога знаку, так і да Марыі, ад якой мы яго атрымалі. Калі хтосьці, прыняўшы шкаплер, доўгі час не насіў яго па розных прычынах (забыўся, занядбаў або згубіў), ён можа сам надзець яго, перапрашаючы за занядбанне.

Апошні шкаплер Яна Паўла ІІ
Апошні шкаплер Яна Паўла ІІ,
які быў перададзены
кармэлітам у Вадавіцах
(санктуарый святога Юзафа
ў Вадавіцах)

Ян Павел ІІ у лісце пра шкаплер між іншым напісаў: «Я таксама ўжо вельмі доўгі час нашу на сэрцы кармэліцкі шкаплер! З любоўю да нашай нябеснай Маці, апеку якой я няспынна адчуваю, жадаю, каб усе законнікі і законніцы Кармэлю, а таксама пабожныя вернікі, якія ўшаноўваюць Яе з сыноўскім адданнем, узраслі ў любові да Яе і каб умацавалі ў свеце прысутнасць гэтай Жанчыны маўчання і малітвы, прызыванай як Маці міласэрнасці, Маці надзеі і ласкі».

...У кожную суботу ў Гудагаі цэлебруецца навэнна да Маці Божай Шкаплернай. Кармэліты босыя — апекуны святога месца, штодзённа прыносяць да цудоўнага абраза малітвы ў інтэнцыі Касцёла і ўсіх, хто носіць шкаплер і аддае пашану Маці Божай, каб, наследуючы любоў благаслаўлёнай Панны, яны прыпадабняліся да вобразу Божага Сына, Езуса Хрыста, і пасля шчаслівага заканчэння зямнога жыцця маглі ўвайсці ў радасць вечнага дому Айца.

Выкарыстаны матэрыялы: Аркадзь Куляха OCD
Знак Прывілею// Ave Maria. 2007 № 6-7(146-147).

jАбраз Маці Божай Гудагайскай як твор мастацтва

Маці Божая Уладзімірская. Іканаграфічны прататып абраза Маці Божай у ГудагаіАбраз Маці Божай Гудагайскай з’яўляецца спісам з вядомай іконы Маці Божай Уладзімірскай і належыць да іканаграфічнага тыпу Элеуса — Замілаванне. Іконы гэтага тыпу перадаюць любоў, якая яднае Маці з Сынам. У іх больш падкрэсліваецца чалавечая натура Хрыста ў адрозненне ад Адзігітрыі, дзе акцэнт падае на Боскасць Езуса. Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка Езус, якое ласкава тулі­ц­ца да Яе. Дзіцятка туліцца шчакою да шчакі Маці, абдымаючы Яе за шыю сваёю леваю рукою, а праваю дакранаецца да Яе ключыцы. Марыя схіляе сваю галаву да Сына, паказваючы леваю рукою на Езуса, як на прадказанага Збаўцу свету, адзіную Дарогу, Праўду і Жыццё.

Невядомы іканапісец XV ст. намаляваў Мадонну на дошцы ў тэхніцы тэмпера ва ўсходнеславянска-візантыйскай манеры. Ікона мае форму прамавугольніка, набліжанага да квадрата; яе памеры: вышыня 31,2 см і даўжыня 27,7 см (таўшчыня дошкі 3 см). Дошка, паводле рэстаўратара Грацыяна Архемовіча, зроблена з алівы, ці з іншага дрэва, якое не расце ў нашым клімаце. Аднак іншы рэстаўратар Францішак Ксавэрый Півоцкі лічыў, што абраз намаляваны на дубовай дошцы. Толькі дэн­дра­ла­гіч­ныя даследванні падчас чарговай рэстаўрацыі могуць высветліць пароду дрэва. Дошка абраза змацавана з тылу дзвюмя папярэчнымі шпонкамі. Кампазіцыя Мадонны з Дзіцяткам знаходзіцца ў неглыбокім каўчэгу, толькі арэол Мадонны выступае над верхняй рамай абраза. На серабрыстым фоне іконы цёмны авальны твар Мадонны ахінуты цёмна-блакітнаю хус­таю — мафорыем, які спадае ўніз накшталт плашча, з мяк­кімі фалдамі, аблямоўка складаецца з трох залацістых палосак на чырвоным фоне. З плячэй звісаюць залаціс­тыя падвескі, тыповыя для візантыйскага жывапісу. Туні­ка нябачная на абразе. Толькі ружовы рукаў з пунсоваю манжэтаю сведчыць аб яе колеры.

Твар Марыі засяроджаны, сумны, з вялікімі аліўкавымі вачыма, звернутымі на поўны задумення тварык Езуса, які туліцца да Яе. Тры сяміканцовыя зоркі — на чале спадаючага мафорыя і па плячах, сімвалізуюць па­тройнае дзявоцтва Божай Маці: перад нараджэннем Езуса, у час нараджэння і пасля нараджэння. Шэры фон іконы апрача залацістых блікаў пазумента і зорак асвятляе чырвона-ружовы хітон Дзіцятка. Левая стапа Дзіцятка паказана знізу, а правая — зверху.

На залаціста-вохрысты, у белай аблямоўцы, акруглы німб Маці Божай заходзіць меншы — крыжовы німб Дзіцятка Езус, таксама залаціста-вохрыстага колеру з дзвюмя грэцкімі літарамі «I» («ёта») — азначае імя Езус, а «Н» («эта») можа азначаць слова hegemon — правадыр, кароль. Верагодна, гэтыя літары з’яўляюцца скарачэннем ІХЕН — Iesus Chrystos eleison hymas і азначаюць наступнае: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі. Першапачатковы склад літараў мог быць знішчаны з цягам часу з-за вільгаці ці пашкоджання абраза, калі да яго прыбівалі цвікамі срэбныя шаты.

Ікона мае каваныя срэбныя шаты, аздобленыя плос­кім раслінным рэльефам у форме лісця акантусу. З трох бакоў да рамы прылягае дэкаратыўны фрыз у форме шнурка пазалочаных жамчужын, а выпуклы аздабленчы рэльеф пакрывае саму ікону Мадонны з Дзіцяткам, пакідаючы адкрытымі твары, далоні і ступні. Рэльеф складаецца з раслінна-кветкавых і геаметрычных матываў. Вакол галавы Божай Маці знаходзяцца пазалочаныя прамяні па ўзору прамяністага арэола. На галаве Мадонны знаходзілася па-мастацку зробленая карона з 81 рубінам, прымацаваная да срэбных пазалочаных шатаў. Карону ўвенчваў залаты голуб з крыжыкам. Каралеўская каро­на Дзіцятка была ўвенчана яблыкам і крыжыкам і мела 35 каштоўных рубінаў. Падчас аднаўлення іконы ў 1938 г. старую раму замянілі на новую, паўкруглую, срэбную, упрыгожаную па вуглах і пасярэдзіне лісцем акантусу.

Выкарыстаны матэрыялы з кнігі Аркадзя Куляхі OCD
«Абраз Маці Божай у Гудагаі
» (выдавецтва «Pro Christo», Мінск, 2007).
iПесня да Маці Божай Гудагайскай

Шчодры бязмерна ў Тваёй ласцы, Божа,
Хто моц Тваю належна ўславіць можа.
Ты ў Гудагаі чыніш свае цуды,
Шлеш дапамогу пабожнаму люду.

Знайце, каго хвароба так даймае
І на жыццё надзеі ўжо не мае:
Слынная Лекарка ёсць у Гудагаі –
Панна Марыя, што нас ажыўляе.

Той, у каго слабее ўжо дыханне,
Мае палёгку, як быццам адхланне.
Кволае сэрца ў радасці заб’ецца,
Свет навакольны гожым больш здаецца.

Гэта з Яе дзівоснай дапамогай
Мы атрымалі ўсе дары ад Бога.
Дзякуем шчыра, Божа ўсемагутны, —
Заўсёды нашы просьбы Табе чутны.

Дай супакой нам і ратуй ад скрухі,
Не дапусці на нас злой завірухі.
Хочам служыць Табе заўжды аддана.
Хай будзе неба нам падаравана. Амэн.

Пераклад з польскай мовы Мар’яна Дуксы

Выкарыстаны матэрыялы: Аркадзь Куляха OCD
«Абраз Маці Божай у Гудагаі» (выдавецтва «Pro Christo», Мінск, 2007).
вСпасылкі па тэме
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.