11 кастрычніка, у дзень адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл успамінае св. Яна ХХІІІ, якога за вялікую чалавечую дабрыню, адкрытасць і цудоўнае пачуццё гумару называюць «добрым Папам».
Анджэло Джузэпэ Ранкаллі — будучы папа Ян ХХІІІ — нарадзіўся 25 лістапада 1881 г. у беднай сялянскай сям’і. Яго маці была вельмі пабожнай жанчынай. Яна нарадзіла 11 дзяцей, з якіх Анджэло быў чацвёртым. Ужо з дзяцінства ён адрозніваўся дабрынёю, сардэчнасцю і ніколі не падаў духам.
У 12 гадоў ён паступіў у ніжэйшую семінарыю ў Бергама, дзе далучыўся таксама да Трэцяга ордэна св. Францішка. За добрую вучобу атрымаў стыпендыю і працягнуў навучанне ў Папскай семінарыі ў Рыме.
У 1902 г. мусіў на год перапыніць вучобу, каб прайсці абавязковую вайсковую службу. Аддаўшы доўг Радзіме, абараніў дактарат па тэалогіі і прыняў святарскае пасвячэнне.
Праз год пасля паступлення ў семінарыю Анджэло пачаў весці духоўны дзённік і працягваў свае нататкі ажно да глыбокай старасці. Яго запісы былі пазней апублікаваныя пад назваю «Дзённік душы». У 1903 г. ён, між іншым, пісаў у ім:
«Бог жадае, каб мы ішлі за прыкладам святых, чэрпаючы з жыватворчай скарбніцы іх цнотаў, а потым перараблялі іх па-свойму, дастасоўваючы да нашых асабістых магчымасцяў і жыцёвых абставінаў. Калі б святы Луіджы быў такім чалавекам, як я, ён стаў бы святым зусім па-іншаму».
Маладому святару Ранкаллі была даручана функцыя сакратара біскупа Бергама. У той жа час ён выкладаў у семінарыі, а таксама быў рэдактарам бюлетэня «Дыяцэзіяльнае жыццё» і душпастырам «Каталіцкага дзеяння». Яго найбольш натхнялі прыклады святых Караля Барамэя, Францішка Сальскага і Грыгорыя Барбарыга.
У 1925 г. кс. Анджэло Ранкаллі быў прызначаны афіцыялам у Балгарыі і менаваны арцыбіскупам.
Сваім біскупскім дэвізам ён выбраў словы Obœdientia et Pax — «Паслухмянасць і супакой».
Пасля гэтага займаў пасады апостальскага дэлегата ў Балгарыі, Турцыі і Грэцыі, а таксама Апостальскага нунцыя ў Парыжы, дзе знаходзіўся падчас Другой сусветнай вайны.
У 1953 г. арцыбіскуп Анджэло Ранкаллі быў менаваны кардыналам і Патрыярхам Венецыі. Тагачасны прэзідэнт Францыі Венсан Ар’ёль з вялікай пашаны да прадстаўніка Папы ў ягонай краіне скарыстаўся старажытнай прывілеяй французскіх каралёў і сам усклаў чырвоны кардынальскі капялюш на галаву арцыбіскупа падчас цырымоніі ў Елісейскім палацы.
З таго часу вядомы адзін выпадак, у якім праявілася цудоўнае пачуццё гумару будучага Папы. Аднойчы на пэўны афіцыйны прыём, на якім прысутнічаў кардынал Ранкаллі, прыйшла жанчына ў занадта адкрытай сукенцы. Прысутныя на прыёме сачылі не столькі за самой жанчынай, колькі за тым, як адрэагуе на яе непрыхаваныя прыгажосці прадстаўнік Касцёла. На заканчэнне прыёму кардынал падышоў да жанчыны, падаў ёй чырвоны яблык і спытаўся: «Ці памятаеце вы, што зразумела Ева, з’еўшы яблык?..»
У 1958 г. пасля смерці папы Пія ХІІ на канклаве, які працягваўся тры дні, яго наступнікам быў выбраны кардынал Ранкаллі.
Яго першай рэакцыяй на абранне Папам былі страх і разгубленасць. Аднак і ў гэтай сітуацыі яго не пакінула пачуццё гумару. Яго пачуцці выразіліся ў словах з рэспансорыя Libera me, што ўжываецца ў малітвах за памерлых, якія ён у гэтую хвіліну ўзгадаў: Tremens factus sum ego et timeo — «Затрымцеў я і спалохаўся».
Тым не менш, давяраючы Божаму Провіду, які праявіўся ў выбары кардыналаў, ён яго прыняў, узяўшы сабе імя Ян. Самі кардыналы лічылі Ранкаллі «пераходным» Папам, бо іх фаварытам ужо тады быў Міланскі арцыбіскуп Джаванні Баціста Манціні, які на той час яшчэ не стаў кардыналам. Гэтую годнасць надаў свайму будучаму наступніку Паўлу VI папа Ян ХХІІІ.
Тым часам новы Папа заваёўваў сэрцы вернікаў. Заўсёды адкрыты для кантактаў з прэсай, ён смела глядзеў у аб’ектывы фотаапаратаў. Ян ХХІІІ стаў першым Папам з 1870 г., які правёў афіцыйную сустрэчу за мурамі Ватыкана. Гэта была сустрэча з вязнямі, якія самі не маглі да яго прыйсці.
Новы Пантыфік не вельмі акуратна захоўваў тагачасны папскі цырыманіял, паводзячы сябе па-чалавечы непасрэдна, нягледзячы на свой высокі статус.
Так, аднойчы да Яна ХХІІІ падышоў італьянскі вайсковы біскуп у рангу генерала, каб папрасіць у Папы благаслаўлення. Святы Айцец, які сам калісьці служыў у войску, стаў перад ім «навыцяжку» і прамовіў, як жаўнер на плацы: «Пан генерал, дакладвае сяржант Ранкаллі!»
Аднак Яна ХХІІІ запамяталі не толькі як Папу, які паліў цыгарэты і заўсёды жартаваў, а перадусім як таго, хто склікаў лёсавызначальны для Касцёла Другі Ватыканскі Сабор.
Гэты Сабор, які назаўсёды змяніў гісторыю Касцёла, нечакана для многіх быў скліканы амаль праз 90 гадоў пасля неадназначнага Першага Ватыканскага Сабору. Нягледзячы на запэўненні сакратара, які казаў, што на падрыхтоўку Сабору спатрэбіцца з дзясятак гадоў, Папа вызначыў толькі некалькі месяцаў ад склікання да распачацця Сабору 11 кастрычніка 1962 г.
Ян ХХІІІ абвясціў восем энцыклік, найбольш вядомай з якіх стала энцыкліка Pacem in terris, прысвечаная міру на зямлі і адрасаваная «ўсім людзям добрай волі». Менавіта ён склікаў камісію, якая занялася пераглядам касцёльных законаў з мэтаю падрыхтоўкі новага Кодэксу кананічнага права, які з’явіўся ўжо падчас пантыфікату св. Яна Паўла ІІ у 1983 г. Ён таксама па-айцоўску клапаціўся пра «маўклівы Касцёл», пераследаваны ў краінах, дзе ў той час панавалі камуністычныя рэжымы, у тым ліку на нашых землях.
3 чэрвеня 1963 г., увечары наступнага дня пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, папа Ян ХХІІІ адышоў у вечнасць. Яго апошнімі словамі былі: «Я не маю іншай волі, акрамя волі Божай. Ut unum sint! — Каб усе былі адно!» У сваім тэстаманце, прасякнутым духам францішканскай духоўнасці, якая натхняла яго з ранняй маладосці, Ян ХХІІІ напісаў: «Знешні выгляд дастатку часта хаваў ад вачэй церне балючай беднасці, што не дазваляла мне даваць так шчодра, як бы мне гэтага хацелася.
Дзякую Богу за гэтую ласку беднасці, якую я абяцаў у маладосці: беднасці духа ў якасці святара Божага Сэрца, і рэальнай беднасці, што дапамагла мне ніколі нічога не прасіць: ані пасадаў, ані грошай, ані прыхільнасці: ніколі, ні для сябе, ані для маёй сям’і ці сяброў».