Пошук

25.05.2018 17:46   Паводле: Vatican News / Catholic.by

У Італіі распачалася перэгрынацыя рэліквій св. Яна XXIII па яго роднай дыяцэзіі Бергама. Раніцай 24 мая шкляны саркафаг з целам святога папы пакінуў базыліку св. Пятра.

З гэтай нагоды папа Францішак даў інтэрв’ю журналістам выдання L’Eco di Bergamo («Рэха Бергама»), у якім падзяліўся сваімі думкамі пра асобу св. Яна ХХІІІ, місіянерскае пакліканне хрысціянаў і ролю Касцёла ва ўсталяванні міру. Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціянства — гэта не ідэал, да якога трэба імкнуцца, не філасофія, якой трэба прытрымлівацца, не этыка, якой трэба кіравацца, а сустрэча з Езусам Хрыстом, які дазваляе ўбачыць сваю прысутнасць у братах і сёстрах.

Паводле папы Францішка, Ян ХХІІІ быў чалавекам, «які не ведаў слова „вораг“», які заўсёды «шукаў тое, што аб’ядноўвае», усведамляючы, што «Касцёл пакліканы служыць усім людзям, а не толькі католікам; у першую чаргу і ўсюды абараняць правы кожнага чалавека, а не толькі Каталіцкага Касцёла».

Перэгрынацыю рэліквій наступнік св. Яна ХХІІІ на пасадзе апостала Пятра назваў сапраўдным дарам для вернікаў дыяцэзіі Бергама, асабліва для тых, якія не мелі магчымасці наведаць Ватыкан, а таксама для пажылых асобаў, бедных і хворых.

Менавіта да гэтых людзей заўсёды быў блізкі св. Ян ХХІІІ, падкрэсліў папа Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што, згодна са сваёй місіянерскай сутнасцю, Касцёл павінен выходзіць насустрач людзям, каб сведчыць аб прывабнасці Евангелля. Гэта дазваляе яму «не захварэць самадастатковасцю». Таксама гаворка не можа ісці пра распаўсюджванне «рэлігійнай ідэалогіі» ці «высокай этыкі», прапанову «халоднай ісціны».

Місія евангелізацыі рэалізуецца праз сведчанне, заўважыў Папа. У такім выпадку сам Езус працягвае евангелізаваць, «становячыся нашым сучаснікам». Усе хрысціяне пакліканы выходзіць насустрач людзям, дасягаючы перыферыі, з іх беднасцю, пакутамі, неадукаванасцю і грахом.

Узгадаўшы абнародаваную 55 гадоў таму энцыкліку Яна ХХІІІ Pacem in terris (Мір на зямлі), Пётр нашага часу падкрэсліў, што яе актуальнасць толькі ўзрасла: сёння вядзецца больш войнаў, чым у эпоху, калі з’явіўся гэты дакумент. Сёння выкарыстоўваецца не толькі зброя, але і розныя «механізмы прыгнёту», эксплуатацыя людзей і навакольнага асяроддзя.

У кантэксце гэтых выклікаў, на думку Святога Айца,

«сапраўдным заданнем Касцёла з’яўляецца не змена ўрадаў, а ўвядзенне логікі Евангелля ў думкі і ўчынкі кіраўнікоў дзяржаваў». Мір — гэта не толькі адсутнасць вайны, а «інтэгральнае развіццё людзей і народаў». Справядлівасць і салідарнасць павінны быць не толькі на словах, але і ў канкрэтных дзеяннях.

Гаворачы пра перамены, папа Францішак ускладае вялікую надзею на моладзь. У ёй маюць патрэбу як грамадства, так і Касцёл, падкрэсліў ён. Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на праблему беспрацоўя сярод маладых людзей, якую назваў «сацыяльным грахом» грамадства, а таксама на важнасць пашырэння адукацыі, неабходнай для клопату аб навакольным асяроддзі і перамогі над тэрарызмам.

Рэліквіі св. Яна ХХІІІ будуць знаходзіцца на поўначы Італіі да 10 чэрвеня, пасля чаго вернуцца ў Ватыкан.

Абноўлена 25.05.2018 17:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа