Пошук


Роля свецкіх вернікаў у Касцёле — адно з пытанняў, якія былі закрануты на Другім Ватыканскім Саборы (1962–1965). Рашэнні Сабору па гэтай праблеме адлюстраваныя ў дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen Gentium і дэкрэце пра апостальства свецкіх Apostolicam Actuositatem.

Абодва дакументы датычацца мэтаў, сфераў і формаў апостальства свецкіх. Удзел свецкіх вернікаў у місіі Касцёла разглядаецца ў іх як «асаблівы і абсалютна неабходны», бо «пастаянны рост насельніцтва, навукова-тэхнічны прагрэс і больш цесныя сувязі паміж людзьмі не толькі значна пашырылі сферы апостальства свецкіх, даступныя пераважна толькі для іх, але і ўзнялі новыя праблемы, якія патрабуюць ад свецкіх пільнага клопату i стараннасці».

Неабходнасць прыняцця рашэнняў па пытанні пра ролю свецкіх у Касцёле на Другім Ватыканскім Саборы была выклікана тым, што ўжо з другой паловы XIX стагоддзя сталі ўзнікаць спачатку асобныя групы, а потым нацыянальныя масавыя арганізацыі свецкіх, якія прынята называць «Каталіцкім дзеяннем».

Першым такім аб'яднаннем было Італьянскае каталіцкае дзеянне, якое ўзыходзіла да брэве Dum Filii Belial Пія IX 1868 г., дзе благаслаўлялася дзейнасць Таварыства італьянскай каталіцкай моладзі.

Сам тэрмін «Каталіцкае дзеянне» быў упершыню ўжыты Піем Х у энцыкліцы Il Fermo proposito (11 чэрвеня 1905 г.) у сувязі са стварэннем апалітычнай арганізацыі, правобразу сённяшняга «Каталіцкага дзеяння». Пры гэтым арганізацыйная структура «Каталіцкага дзеяння» была створана дзякуючы Пію XI, які таксама падкрэсліваў апалітычнасць арганізацыі і яе знаходжанне па-за партыйнай сістэмай.

«Каталіцкае дзеянне» было адказам на секулярызацыю і выцясненне хрысціянскіх каштоўнасцяў з жыцця грамадства і разгарнула дзейнасць у сферы маралі, літургіі, адукацыі і дабрачыннасці. Адбывалася гэта пад кіраўніцтвам або пры супрацоўніцтве з духавенствам.

Нацыянальныя арганізацыі «Каталіцкага дзеяння» былі створаны і карысталіся падтрымкай як у краінах, дзе каталіцтва гістарычна адыгрывала выключна важную ролю (Італія, Іспанія, Аўстрыя, Германія, а таксама краіны Лацінскай Амерыкі), так і ў ЗША, Аўстраліі і інш. Як правіла, у межах «Каталіцкага дзеяння» існавалі як агульныя брацтвы свецкіх (напрыклад, створаны ў Ірландыі Легіён Марыі), так і спецыялізаваныя арганізацыі для студэнтаў, працоўнай моладзі, жанчын, медыкаў, юрыстаў, сямейных пар. У межах «Каталіцкага дзеяння» адбылося фарміраванне Каталіцкай Асацыяцыі для камунікацыі.

Папа Пій XI даручыў Дзяржаўнаму сакратару П'етро Гаспары рэструктураваць арганізацыі свецкіх і стварыць адзіны цэнтральны орган Італьянскага каталіцкага дзеяння. Арганізацыі «Каталіцкага дзеяння» сталі замацоўвацца за дыяцэзіямі, а біскупы абіралі іх лідараў. Масавыя арганізацыі свецкіх не маглі мець прафесійныя і прафсаюзныя групы, бо яны ставілі рэлігійныя мэты і вучылі духоўнасці. «Каталіцкае дзеянне» ў іншых краінах у большасці выпадкаў пераймала італьянскі прыклад.

Пій XI быў вымушаны абараняць моладзевыя арганізацыі Італьянскага каталіцкага дзеяння ва ўмовах існавання фашысцкага рэжыму.

Гэта было звязана з тым, што масавыя каталіцкія арганізацыі былі незалежнай сілай і альтэрнатывай фашысцкім. Рэжым Мусаліні працягваў наступаць на арганізацыі Итальянскага каталіцкага дзеяння, і ў 1931 г. дзейнасць моладзевай арганізацыі на некаторы час спынілася. Папа выступіў з пратэстам і крытыкай рэжыму ў энцыкліцы Non abbiamo bisogno.

Пасля падзення рэжыму дучэ ў 1943 г. «Каталіцкае дзеянне» ў Італіі стала больш свабодным у сваёй дзейнасці і нават у першыя пасляваенныя гады набыло палітычны ўплыў. Аднак пасля Другога Ватыканскага Сабору з яго духам абнаўлення арганізацыя зрабіла «рэлігійны выбар», прыняўшы рашэнне не быць звязанай з дзейнасцю якойсьці палітычнай партыі і заняцца вырашэнне сацыяльных праблем. Так, «Каталіцкае дзеянне» вярнулася да ўласных пачаткаў і мэты далучэння да веры. У сувязі з гэтымі абставінамі ў 1969 г. быў распрацаваны новы статут «Каталіцкага дзеяння». Асацыяцыі сталі дзяліцца на моладзевыя і асацыяцыі дарослых замест ранейшага дзялення на моладзевыя мужчынскія, моладзевыя жаночыя і асобныя мужчынскія і жаночыя.

Такім чынам, існаванне такой масавай каталіцкай арганізацыі, як «Каталіцкае дзеянне», паказвае высокую актыўнасць свецкіх вернікаў у грамадстве яшчэ ў перыяд да пачатку Другога Ватыканскага Сабору, але менавіта Сабор падкрэсліў іх важнасць для Касцёла.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.