Пошук


Завяршэнне аб'яднання Італіі стала магчымым толькі пасля таго, як 19 ліпеня 1870 года пачалася франка-пруская вайна і французскія жаўнеры былі вымушаны пакінуць Рым. Італьянскія войскі ўступілі ў горад 20 верасня 1870 года праз прабоіну ў Аўрэліянавай сцяне ІІІ ст. н.э., якая стала сімвалам страты свецкай улады Папаў.

У Рыме быў праведзены плебісцыт, на якім жыхары прагаласавалі за далучэнне горада да Італьянскага каралеўства.

Італьянскі ўрад пасля абвяшчэння Рыма сталіцай каралеўства паспрабаваў урэгуляваць адносіны са Святым Пасадам, выдаўшы 13 мая 1871 года «Закон аб папскіх гарантыях». Аднак ён меў істотны недахоп – папскія ўладанні ў Рыме не атрымалі экстэрытарыяльны статус, г.зн. не былі выключаны з-пад дзеяння італьянскага заканадаўства.

Папа не змог з гэтым пагадзіцца і 15 мая 1871 г. аб'явіў сябе «ватыканскім вязнем», не прыняўшы выплаты, накіраваныя Святому Пасаду ў адпаведнасці з законам.

Пратэст Пія IX супраць страты свецкай улады праявіўся і ва ўвядзенні прынцыпу «non expedit», які забараняў католікам удзельнічаць у палітычным жыцці новай дзяржавы. У цэлым, да канца пантыфікату Пія IX «Рымскае пытанне» захоўвала сваю вастрыню.

Наступнік Пія IX, Леў XIII, стаў радзей выступаць супраць італьянскага ўраду, але жадаў збліжэння Аўстрыі, Францыі і Германіі з тым, каб ізаляваць Італію і, магчыма, вярнуць сабе свецкую ўладу. Паколькі ў 1882 годзе Італія стала часткай Траістага саюза, як і Аўстра-Венгрыя з Германіяй, дыпламатычны курс Святога Пасаду быў накіраваны на паляпшэнне адносін з Францыяй. У канцы XIX стагоддзя ні Германія, ні Аўстрыя, ні Францыя не маглі па-сапраўднаму жадаць прымірэння папства з Італіяй.

Апошняя больш за ўсё асцерагалася магчымасці склікання міжнароднай канферэнцыі па «Рымскім пытанні», намагаючыся прадухіліць яго інтэрнацыяналізацыю. Германская і Аўстра-Венгерская імперыі лічылі, што калі Папа прызнае ўладу, якая ўсталявалася ў Рыме, то Італія не будзе так моцна мець патрэбу ў іх падтрымцы. Французам, у сваю чаргу, аб'яднанне Італіі і адсутнасць там унутраных канфліктаў здавалася супярэчным у адносінах да ўласных нацыянальных інтарэсаў.

Папа Леў XIII

Леў XIII дастаткова востра рэагаваў на адсутнасць у яго руках свецкай улады, але, нягледзячы на гэта, італьянскі ўрад працягваў заяўляць, што «Закон аб гарантыях» дазваляе Папу быць абсалютна незалежным і выконваць свае функцыі. Тым не менш, пантыфікат Льва XIII паказаў, што Папа і без статусу суверэна можа мець значную вагу ў грамадстве і іграць важную ролю на міжнароднай арэне.

З пачаткам ХХ стагоддзя і абраннем Пія Х стала відавочна, што ранейшая барацьба паміж Папамі і італьянскім урадам састарэла. Папа ў 1905 годзе дазволіў біскупам індывідуальна разглядаць пытанне ўдзелу католікаў у палітычным жыцці краіны ў залежнасці ад рэгіёна. Да выбараў 1913 г. Пій Х адобрыў пакт, у адпаведнасці з якім на парламенцкіх выбарах католікі павінны былі падтрымаць лібералаў.

Гэты Пантыфік звяртаўся да пытання аб свецкай уладзе толькі для таго, каб аддаць даніну спадчыне сваіх папярэднікаў, сам жа ўвайшоў у гісторыю як Папа, які змагаўся з мадэрнізмам. Так, супрацьстаянне Святога Пасаду і Італіі, звязанае з барацьбой за Рым і свецкую ўладу Пантыфікаў у перыяд з 1878 па 1914 г., паступова страчвала сваю вастрыню.

Аднак у гады Першай сусветнай вайны супярэчнасці зноў далі сябе адчуць. Італія пры складанні Лонданскага дагавора 1915 года настаяла на тым, каб Святы Пасад быў адхілены ад удзелу ў мірнай канферэнцыі, якая павінна была праводзіцца пасля заканчэння канфлікту. Калі Італія ўступіла ў вайну, нямецкія і аўстрыйскія прадстаўнікі вымушаны былі пакінуць Вечны горад. Папа Бэнэдыкт XV зноў стаў наракаць на тое, што яго становішча «залежыць ад свецкай улады», а Аўстра-Венгрыя і Германія тым часам заяўлялі пра гатоўнасць пайсці на яе прызнанне.

Перамовы, накіраваныя на вырашэнне праблем, што існавалі ва ўзаемаадносінах Касцёла і дзяржавы ў Італіі, пачаліся толькі ў 1926 годзе і мелі зацяжны характар. Гэты факт тлумачыцца імкненнем вырашыць максімальна шырокае кола пытанняў.

Найбольш складаным аказалася абмеркаванне зместу канкардата, які павінен быў закранаць правы і прывілеі Касцёла, вызначаць характар адносінаў паміж Святым Пасадам і італьянскай дзяржавай. Калі абмеркаванне дагавора і канвенцыі, якія ўвайшлі ў склад Латэранскіх пагадненняў 1929 года, разам заняло каля чатырох месяцаў, то на перамовы, што датычылі канкардата, спатрэбілася два гады.

Нягледзячы на тое, што ў канкардаце была вялікая колькасць момантаў, агульных з тымі, якія ёсць у іншых канкардатах, заключаных Святым Пасадам з еўрапейскімі ўрадамі ў 1920-я гг., прысутнічаў і вельмі супярэчлівы пункт: праблема «Каталіцкага дзеяння» і яго моладзевых арганізацый, якія папа Пій IX хацеў абараніць ад фашызацыі. Тым не менш, да пачатку лютага 1929 года ўсе асноўныя праблемы былі вырашаны і былі падпісаны Латэранскія пагадненні, у адпаведнасці з якімі на мапе Еўропы з'явілася новая дзяржава – Дзяржава-горад Ватыкан пад уладай Вярхоўнага Пантыфіка. Акрамя гэтага, быў адменены «Закон аб гарантыях».

Італія прызнала суверэнітэт Ватыкана і каталіцызм як дзяржаўную рэлігію, а Святы Пасад, у сваю чаргу, – «Італьянскае Каралеўства з дынастыяй Савойскага Дома і з Рымам як сталіцай Італьянскай дзяржавы». Так завяршылася эпоха існавання пытання аб свецкай уладзе Папаў, якая працягвалася з 1870 па 1929 г. і прыйшлася на пантыфікаты пяці Наступнікаў Пятра. У 1929 годзе Галава Касцёла зноў стаў свабодным у сваёй рэлігійнай дзейнасці праз вяртанне паўнаты палітычнай свабоды.

Абноўлена 22.05.2018 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця