Пошук

30.01.2018 14:44   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by

Зусім нядаўна мы перажывалі Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Адпаведныя набажэнствы ў межах гэтага тыдня, на якіх за адзінства хрысціянаў разам маліліся католікі і праваслаўныя, а таксама прадстаўнікі іншых канфесій, прайшлі ў Мінску, у Гродне і ў Магілёве, а таксама ў іншых гарадах нашай краіны. Здаецца, ні ў каго і сумніваў не ўзнікае, што ва ўсіх нас — адзін Бог. Але што мы пад гэтым разумеем?


Захад і Усход: адна вера, дзве традыцыі

Беларусь — месца сустрэчы дзвюх вялікіх традыцый хрысціянства: Захаду і Усходу. Католікі і праваслаўныя здаўна жылі на нашай зямлі як браты: разам аралі зямлю, разам баранілі яе ад ворагаў, разам будавалі дамы, разам саджалі дрэвы, разам гадавалі дзяцей. У тыповым беларускім горадзе або мястэчку касцёл і царква заўсёды стаяць побач.

Падобнае працяглае суіснаванне не магло не адбіцца на нацыянальным менталітэце і ладзе жыцця беларусаў. Яго станоўчы ўплыў праявіўся перадусім ва ўласцівай нашаму народу рэлігійнай талерантнасці, у здольнасці да мірнага суіснавання з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў і нават іншых рэлігій. З другога боку, адсутнасць адзінства паміж прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій, відавочна, з’яўляецца адным з фактараў, што адмоўна паўплываў на агульны рэлігійны стан насельніцтва Беларусі, якая ўваходзіць у лік 20 найменш рэлігійных краінаў свету.

Дык што ж агульнага паміж католікамі і праваслаўнымі і што нас падзяляе? У нас адна Біблія — Святое Пісанне Старога і Новага Запавету, адзін Сімвал веры (што праўда, з адным невялікім адрозненнем, аднак сёння багасловы абедзвюх канфесій не бачаць у гэтым праблемы), адзін хрост і іншыя сакрамэнты-таінствы, а таксама безліч агульных святых — сведкаў веры першага тысячагоддзя хрысціянства.

Беручы пад увагу адметнасці рэлігійнага жыцця і ўнікальнасць канфесійнай сітуацыі ў Беларусі, што склалася ў выніку своеасаблівага гістарычнага развіцця нашай краіны, відавочна, што праблема адзінства хрысціянаў не можа не хваляваць вернікаў як мясцовых супольнасцяў Каталіцкага Касцёла, так і Беларускай Праваслаўнай Царквы.


Што мы ведаем адно пра аднаго?

На жаль, у постсавецкай Беларусі сярод шырокіх колаў насельніцтва мы назіраем вялікую рэлігійную неадукаванасць і абыякавасць. «Часта недахоп асноўных ведаў <…> з’яўляецца прычынаю многіх канфліктаў і непаразуменняў у адносінах паміж Касцёламі і іншымі рэлігійнымі супольнасцямі» (Пар. Dudik А. Sytuacja wyznaniowa i ekumeniczna na Białorusi w latach 1988–2003. Sandomierz 2007., сс. 194–195). «З-за таго, што ў савецкі перыяд была акцэнтавана ўвага на атэістычнай прапагандзе, веруючая частка насельніцтва не магла ў поўным аб’ёме рэалізаваць сваё права на рэлігійную адукацыю, акрамя таго, існаваў пэўны інфармацыйны вакуум адносна рэлігіі» (Е. Прокошина. Свобода совести — декларация и реализация [у:] М. Цвилик (сост.). Вопросы свободы совести и религиозных организаций в Республике Беларусь. Сборник документов и материалов. Минск 2005, с. 281).

У выніку сёння нават сярод тых, хто лічыць сябе вернікам той ці іншай канфесіі, большасць не ведае, чым яны насамрэч адрозніваюцца, а таксама не маюць ніякага ўяўлення пра сутнасць адзінства хрысціянаў, што стварае выдатную глебу для распаўсюджвання разнастайных скажэнняў і прадузятасцяў.

На Сінодзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, які праходзіў у 1996–2000 гг., канстатавалася, што Каталіцкі Касцёл «часам называюць сектай» (Экуменізм на Беларусі. Пасля ІІ Ватыканскага Сабору [у:] Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Сінадальныя матэрыялы, № 15. Мінск–Пінск 2000, с. 19.). Нават у шырокіх колах простых людзей да гэтага часу распаўсюджаны міф адносна таго, што праваслаўны і хрысціянін — гэта тоесныя паняцці, а католікі — як быццам ужо «штосьці іншае». Таму скрайне эксцэнтрычнае выказванне героя славутага рамана класіка сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт» князя Мышкіна адносна таго, што «каталіцтва — усё адно, што вера нехрысціянская» (Пар. Ф. Достоевский. Идиот. Москва 2005, сс. 578–579.) дзіўным чынам чамусьці атрымала даволі шырокае распаўсюджанне ў ментальнасці малаадукаванага ў рэлігійных пытаннях насельніцтва постсавецкай Беларусі.

Гэты недарэчны міф мае своеасаблівы «працяг» у шырока распаўсюджаным памылковым перакананні адносна ўяўнага адрознення паміж католікамі і праваслаўнымі, якое, нібы, заключаецца ў тым, што праваслаўныя «больш ушаноўваюць Езуса Хрыста, а католікі — Марыю», і ў сувязі з гэтым як быццам «галоўным святам для праваслаўных з’яўляецца Пасха, а для католікаў — Божае Нараджэнне», хоць насамрэч гэта не так.

Але ж такіх і падобных памылковых перакананняў у народзе распаўсюджана вельмі шмат, што сведчыць пра неабходнасць шырокай хрысціянскай асветніцкай дзейнасці, якая будзе значна больш эфектыўнай, калі стане плёнам супрацоўніцтва прадстаўнікоў абедзвюх асноўных беларускіх канфесій.


Духоўная прычына падзелу

На згаданым вышэй Сінодзе было адзначана, што «прычыны канфлікту знаходзяцца перадусім у неўпарадкаванай духоўнай сферы, бо існуе пэўнае скажэнне пазіцый па абодвух баках, якое не дазваляе па-сапраўднаму ацаніць і мінулае, і сучаснасць». Духоўная нясталасць не дае нам належным чынам паглядзець на Касцёл і Царкву «з пункту гледжання еднасці і адрозненняў, якія, на жаль, часта лічыліся і лічацца прычынамі падзелу». Пры гэтым айцы Сіноду з усёй рашучасцю падкрэслілі, што ніякае, нават самае дрэннае, мінулае не апраўдвае пазіцыі хрысціянаў, якія не жадаюць адзінства (Пар. Экуменізм на Беларусі. Пасля ІІ Ватыканскага Сабору [у:] Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Сінадальныя матэрыялы, № 15. Мінск–Пінск 2000 с. 22.).


Як было ў мінулым…

У ХІХ ст. у Рускай Праваслаўнай Царкве існавалі два падыходы да заходніх хрысціянаў. Першы, найбольш радыкальны, яскравым прадстаўніком якога быў публіцыст славянафільскага кірунку Аляксей Хамякоў († 1860), падзяляў тагачасную пазіцыю грэчаскай Царквы і цалкам адкідаў Каталіцкі Касцёл.

Другі ж, якога прытрымлівалася большая колькасць багасловаў разам з кіраўніцтвам Царквы, у тым ліку з вядомым царкоўным дзеячам мітрапалітам Маскоўскім Філарэтам (Драздовым, † 1867), а таксама Кіеўскім мітрапалітам Платонам (Гарадзецкім, † 1891), не пагаджаліся з грэкамі і той меншасцю, да якой належаў Хамякоў. Так, мітрапаліт Філарэт прытрымліваўся меркавання, што Усходняя Царква і Заходні Касцёл — ад Бога, паколькі і адна, і другі адпавядаюць крытэрыю праўдзівасці, пададзенаму ў Першым пасланні св. апостала Яна (гл. 1 Ян 1, 2–3), і вызнаюць уцелаўлёнага Хрыста, а мітрапаліт Платон з’яўляецца аўтарам вядомай метафары, што муры паміж Царквой і Касцёлам не дасягаюць неба (Пар. А. Юдин. Исторические этапы взаимных отношений Церквей Востока и Запада [у:] А. Юдин (сост.). Православие и католичество: от конфронтации к диалогу. Москва 2001, с. 73).


…і як цяпер?

Cёння праваслаўнае веравучэнне кажа:

«Царква — паўсюдная, універсальная таму, што Хрыстус і Яго вучэнне скіраваныя не да нейкага аднаго народа і не да нейкай адной эпохі ці культуры, а да ўсіх эпохаў. Мы пра гэта часта забываемся, звужаем Царкву і хрысціянства да свайго народа, робім з яе штосьці вузкае, правінцыйнае, частковае»

(Пар. Артемий, епископ Гродненский и Волковысский (сост.). Введение в православное богословие. Минск 2010, сс. 227–228.).

Паводле вядомага сучаснага багаслова і іерарха Рускай Праваслаўнай Царквы арцыбіскупа Валагодскага і Вялікаўсцюжскага Міхаіла (Мудзьюгіна, † 2000 г.), «Слова Божае дае шматлікія падставы для ўзаемнага прызнання хрысціянаў, нават тых, якія па-рознаму разумеюць асобныя пытанні веравучэння, але адзіныя ў галоўным. Мы знаходзім у апостальскіх пісаннях мноства ўказанняў на тыя ўмовы, пры якіх хрысціянін можа і павінен лічыцца сапраўдным і паўнапраўным членам Хрыстовай Царквы, якая збаўляецца.

Так, Ян Багаслоў, любімы вучань Хрыста, абвяшчае: „Хто будзе вызнаваць, што Езус ёсць Сын Божы, у тым трывае Бог, і ён — у Богу“ (1 Ян 4, 15). У тым самым раздзеле гэтага ж паслання ён дае настаўленне: „Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога, а кожны дух, які не вызнае Езуса, не ёсць ад Бога, але гэта дух антыхрыста“ (1 Ян 4, 2–3).

З Янам згаджаецца вялікі настаўнік народаў святы апостал Павел: „Ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, не скажа анафемы на Езуса, і ніхто не можа назваць Езуса Панам, як толькі ў Духу Святым“ (1 Кар 12, 3), а таму, як мы бачылі ўжо ў вышэй пададзеным тэксце, для збаўлення дастаткова, калі хтосьці вуснамі вызнае Езуса Хрыста Панам, а сэрцам верыць у Яго ўваскрасенне (пар. Рым 10, 9).

Такім чынам, у адпаведнасці з апостальскім вучэннем, суграмадзянінам святых і членам сям’і Божай (пар. Эф 2, 19) з’яўляецца кожны, хто верыць у Хрыста як у Сына Божага, які прыйшоў у целе і перамог смерць у сваім уваскрасенні, кожны, хто вызнае гэтую веру як падставу свайго жыцця (пар. 1 Кар 3, 11).

Калі ж у такім чалавеку, у адпаведнасці са сцверджаннем апостала Яна, трывае Бог, і ён — у Богу, дык адмаўляць прыналежнасць такога хрысціяніна да тых, хто збаўляецца, гэта значыць да сапраўднай Царквы — Цела Хрыстовага (пар. Клс 1, 18), значыць цалкам не зважаць на Слова Божае, лічыць яго за нішто і замест яго кіравацца традыцыйнаю канфесійнаю пыхаю, якая, як і кожная пыха, з’яўляецца грахом і не мае нічога агульнага з духам Хрыстовай любові»

(Пар. М. Мудьюгин, архиепископ. Единение в разобщённости: «Символ» 1994, № 49, сс. 19–20.).


Крокі насустрач адно аднаму

За апошняе стагоддзе католікамі і праваслаўнымі былі зробленыя вельмі важныя крокі насустрач адно аднаму. Так, 7 снежня 1965 г., перад самым заканчэннем Другога Ватыканскага Сабору, папа Павел VI († 1978) і сусветны патрыярх Афінагор І разам з ягоным сінодам далі агульнае тлумачэнне, у якім выказалі шкадаванне з прычыны «тых засмучальных словаў, беспадстаўных папрокаў і ганебных учынкаў», якія пасля «сумных падзеяў» адлучэння 1054 г. «паўплывалі на абодва бакі і пераследавалі іх у далейшым». Яны выказалі жаданне, каб адлучэнне «сцерлася з памяці Касцёла і з яго асяроддзя і было назаўсёды забытае». Акрамя таго, у маі 2001 г. св. Ян Павел ІІ, знаходзячыся з візітам у Афінах, папрасіў прабачэнне за здзейсненыя крыжакамі ў 1204 г. захоп і разрабаванне Канстанцінопаля (Пар. Каспер В. Праваслаўе і Каталіцкі Касцёл: «Наша вера» 23: 2003, № 1, с. 10). Такім чынам былі перагорнуты самыя змрочныя старонкі гісторыі падзелу хрысцяінаў Усходу і Захаду і адкрыліся новыя перспектывы для пошукаў адзінства ў разнастайнасці.

У сумесным пагадненні паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, падпісаным у 1993 г. у Баламандзе, абедзве супольнасці адмовіліся ад ранейшага падыходу, які прыпісваў збаўчую моц толькі свайму ўласнаму Касцёлу ці Царкве (§ 13):

«Пасля агульнаправаслаўных канферэнцый і ІІ Ватыканскага Сабору стала асабліва відавочным, што аднаўленне поглядаў на Касцёл як на супольнасць і наданне гэтым поглядам належнай вагі — і з боку праваслаўных, і з боку католікаў — карэнным чынам змянілі перспектывы і тым самым пераставілі акцэнты. Кожны з бакоў прызнае, што нішто з даручанага Хрыстом свайму Касцёлу — ні абвяшчэнне апостальскай веры, ні ўдзел у адных і тых самых сакрамэнтах, ані, перадусім, адзінае святарства, што здзяйсняе Ахвяру Хрыстову, і апостальская пераемнасць (сукцэсія) біскупаў — не можа лічыцца эксклюзіўнай уласнасцю толькі аднаго з нашых Касцёлаў»

(Пар. М. Киннемон, Б. Коуп. Экуменическое движение. Антология ключевых текстов. Москва 2002, с. 169.).

І сёння Руская Праваслаўная Царква ў «Асноўных прынцыпах адносінаў Рускай Праваслаўнай Царквы да іншаслаўя» афіцыйна заяўляе, што

«супольнасці, якія адпалі ад адзінства з Праваслаўем, ніколі не разглядаліся як цалкам пазбаўленыя ласкі Божай. Разрыў царкоўнай еднасці непазбежна вядзе да пашкоджання жыцця ласкі, але не заўсёды да поўнага яе знікнення ў аддзеленых супольнасцях»

(Пар. Основные принципы отношения Русской Православной Церкви к инославию, 1.15).


Чарговым і вельмі важным крокам на шляху да адзінства стала гістарычная сустрэча, якая адбылася 12 лютага 2016 г. паміж Папам Рымскім Францішкам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам у Гаване, на Кубе. Падчас гэтай сустрэчы была падпісаная сумесная дэкларацыя, якая пачынаецца такімі знамянальнымі словамі:

«З волі Бога і Айца, ад якога паходзіць усялякі дар, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, з дапамогаю Святога Духа Суцяшыцеля, мы, Папа Францішак і Кірыл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, сустрэліся сёння ў Гаване. Дзякуем Богу, якога праслаўляем у Тройцы, за гэтую сустрэчу, першую ў гісторыі».


Беларусь — благаслаўлёная зямля дыялогу

Вера ў аднаго Бога і далей вядзе католікаў і праваслаўных да пошуку бачнага адзінства нашых пакуль што падзеленых супольнасцяў. Для гэтага неабходна працягваць дыялог, і Беларусь, дзе здаўна традыцыйна мірна суіснуюць кананічныя структуры і Каталіцкага Касцёла, і Праваслаўнай Царквы, з’яўляецца сапраўды благаслаўлёным месцам такога дыялогу.

Пра адкрытасць для дыялогу і зацікаўленасць у ім неаднаразова сведчыў былы кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Філарэт, які як сапраўдны пастыр імкнуўся да духоўнага дабра ўсіх ахрышчаных: і праваслаўных, і католікаў.

Як Патрыяршы Экзарх ён падкрэсліваў, «што Руская Праваслаўная Царква ставіцца да Рыма-Каталіцкага Касцёла „па-сястрынску“. Адметна, што такое стаўленне існуе, нягледзячы на адсутнасць эўхарыстычнага яднання»

(Філарэт, мітрапаліт (К. Вахрамееў). Даклад «Міжрэлігійны дыялог у посткамуністычным рэгіёне»: «Наша вера» 23: 2003, № 1, с. 18).

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, гаворачы пра імкненне беларускіх католікаў і праваслаўных да адзінства, адзначае, што яно «ўзнікае там, дзе ёсць звычайныя людскія адносіны паміж вызнаўцамі розных канфесій — на працы, у вучнёўскім або студэнцкім калектыве, паміж суседзямі; гэта — еднасць, якая ўжо існуе ў нашым асяроддзі. Прыналежнасць да розных канфесій не з’яўляецца перашкодай, каб будаваць шчаслівае жыццё ў сям’і, выхоўваць дзяцей — і гэта пацвярджае сённяшняя рэчаіснасць. Агульным для католікаў і праваслаўных, нягледзячы на некаторыя знешнія адрозненні духоўных практык, застаецца галоўнае — іх вера. Таму імкненне да адзінства — гэта штосьці вельмі неабходнае, што патрабуе далейшай працы ў гэтым накірунку» (Р. Сушко. Жніво вялікае...: «Дыялог» 223: 2014, № 04, с. 15).

Беларуская дзяржава таксама не дзеліць сваіх грамадзянаў па канфесійнай прыналежнасці, а ў прэамбуле «Закона Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях» сказана пра прызнанне «вызначальнай ролi Праваслаўнай царквы ў гiстарычным станаўленнi i развiццi духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа», а таксама «духоўнай, культурнай i гiстарычнай ролi Каталiцкай царквы на тэрыторыi Беларусi».

Такім чынам, Беларусь — адзінае, бадай што, месца ў Еўропе, дзе хрысціяне розных канфесій ніколі не варагавалі паміж сабою, ніколі не «дзялілі Бога» на «нашага» і «вашага», бо ў нас кожны з маленства ведае, што Бог — адзін.

 

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 31.01.2018 09:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця